У выхаванні падрастаючага пакалення адным з прыярытэтных напрамкаў павінна быць экалагічная асвета. Навучэнцам неабходна ўмець захоўваць прыродную спадчыну, берагчы рэсурсы. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў Ваўкавіцкага ВПК Чавускага раёна.
Настаўнікі вучэбна-педагагічнага комплексу ўдзяляюць вялікую ўвагу экалагічнаму выхаванню сваіх вучняў. Сёлета было вырашана ахапіць экалагічнай адукацыяй і навучыць правільнаму спажыванню рэсурсаў усё насельніцтва аграгарадка. Кіраўніцтва ўстановы падало адпаведную заяўку на конкурс у межах праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ПРААН.
— Наша ініцыятыва “Новае пакаленне выбірае чыстую Зямлю!” аказалася ў ліку лепшых і атрымала матэрыяльную падтрымку ў памеры звыш 9 тысяч еўра. На гэтыя сродкі ў школе быў створаны сапраўдны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці. У адным з вучэбных кабінетаў была абсталявана канферэнц-зала, закуплена мэбля і мультымедыйная тэхніка. Для рэалізацыі праекта знайшліся і партнёры. Імі выступілі магілёўскае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “ЭНДО”, Ваўкавіцкі сельскі выканаўчы камітэт і мясцовае лясніцтва. Сумеснымі намаганнямі за шэсць месяцаў мы змаглі вырашыць актуальную для сельскага жыхара праблему — нізкая спажывецкая і экалагічная адукаванасць, — паведаміла каардынатар ініцыятывы настаўніца нямецкай мовы Марына Гулімава.
У школьным інфармацыйным цэнтры праходзілі лекцыі і семінары на надзённыя тэмы. Насельніцтва аграгарадка пазнаёмілі з прынцыпамі ўстойлівага развіцця, расказалі пра наступствы ўздзеяння чалавека на рачныя воды, неабходнасць паасобнага збору смецця, а таксама пра тое, як правільна рабіць пакупкі, ператвараць адходы ў даходы, і пра многае іншае. Акрамя таго, прайшлі трэнінгі “Спосабы ачысткі вады ў побыце”, “Вучымся чытаць этыкеткі”.
— У рамках рэалізацыі праекта нашы вучні арганізавалі спецыялізаваны валанцёрскі атрад. Яны дапамагалі пенсіянерам у сартаванні адходаў, назіралі за тэрыторыяй Ваўкавіч і займаліся ліквідацыяй стыхійных звалак. Дзякуючы дзейнасці валанцёрскага атрада і яго актывістам Івану Ташбаеву, Настассі Дундаравай і Ангеліне Журко, была сабрана і здадзена на перапрацоўку другсыравіна ў выглядзе 1255 кг макулатуры, звыш 167 кг пэт-бутэлек і больш за 325 кг шклатары, — расказала Марына Яўгенаўна.
Адметна, што такой работай рэалізацыя ініцыятывы не абмежавалася. У вучэбна-педагагічным комплексе вырашылі прыцягнуць жыхароў вёскі да вермікампаставання і экалагічнага земляробства. Для гэтых мэт былі закуплены каліфарнійскія чарвякі і праведзены спецыяльны майстар-клас. У выніку асобныя вяскоўцы зацікавіліся вермікультываваннем. Трое жыхароў аграгарадка набылі вермікультуру для экалагічнага земляробства на сваіх падворках.
— У ходзе ажыццяўлення ініцыятывы нашы вучні пабывалі з экскурсіяй на смеццеперапрацоўчым заводзе (ЗУБР) і ачышчальных збудаваннях Магілёва, дзе ўбачылі тэхналогіі перапрацоўкі адходаў, зразумелі, навошта і якія адходы варта збіраць асобна. А яшчэ для ўсіх жадаючых на базе ВПК прайшлі майстар-класы па вырабе экалагічнага мыла, пральнага парашка і мыйнага сродку для посуду. Праект таксама дазволіў нам пашырыць пазабюджэтную дзейнасць школы. Біягумус, які вырабляюць каліфарнійскія чарвякі, добра прадаецца, — адзначыла Марына Гулімава.
У канцы снежня ў вучэбна-педагагічным комплексе падвялі вынікі рэалізацыі ініцыятывы. У школьным інфацэнтры зноў прайшлі майстар-класы, семінары, кансультацыі, выставы. Многія прысутныя на справаздачным мерапрыемстве адзначылі безумоўную карысць такога праекта.
— Першы такі вопыт работы па перапрацоўцы біяадходаў каліфарнійскімі чарвякамі варта пераймаць. Вельмі важна, каб як мага больш людзей не выкідалі біялагічнае смецце ў кантэйнеры, а выкарыстоўвалі тэхналогіі вермікампаставання. Гэта дазволіць знізіць нагрузку на службы ЖКГ, зрабіць горад больш чыстым, — выказаў меркаванне падчас наведвання ўстановы старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін.
Рэгіянальны каардынатар праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Алена Пахоменка звярнула ўвагу на тое, што работа інфармацыйнага цэнтра нават пасля завяршэння ініцыятывы з’яўляецца актуальнай і перспектыўнай для ўстановы адукацыі і жыхароў аграгарадка, улічваючы непасрэдную цікавасць насельніцтва да вермікультывавання.
Важнасць ініцыятывы зразумелі і навучэнцы ўстановы. Аб удзеле ў разнастайных мерапрыемствах дзеці адзываліся з захапленнем.
— Гэта было здорава! На паўгода наша школа проста ажыла і змянілася. Мы даведаліся шмат новага і цікавага. Гэтыя веды патрэбны не столькі для вучобы, колькі для далейшага жыцця, для таго, каб захаваць нашу планету і сваё здароўе, — пераканана дзевяцікласніца Ангеліна Журко.
Рэалізацыя ініцыятывы Ваўкавіцкага ВПК завяршылася, але створаны тут інфацэнтр не скончыў на гэтым сваю работу. Кансультацыі мясцовых жыхароў па пытаннях вермікультывавання, экалагічная асвета, арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў на яго базе будуць працягнуты.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.