У праекце Стратэгіі “Навука і інавацыі: 2018—2040”, падрыхтаванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі да ІІ з’езда вучоных, ёсць такія словы: “…умацаванне культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці беларускага народа; забеспячэнне захавання, развіцця і распаўсюджвання, папулярызацыі беларускай нацыянальнай гісторыі, культуры і мовы”. Гэта словы-функцыі. Ад нас з вамі залежыць іх выкананне. На самай жа справе мы будзем сутыкацца з даўно знаёмымі праблемамі, якія сфармулюем простымі словамі: “Наша мова не загіне? Народ пачне размаўляць на беларускай мове? У беларускай навукі будзе свая нацыянальная мова?”
Пытанняў шмат. Але ўсе яны зводзяцца да адной праблемы — праблемы моўнай кампетэнцыі. Пра гэта гутарым з першым намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмікам НАН Беларусі, доктарам філалагічных навук, прафесарам, старшынёй Беларускага камітэта славістаў Аляксандрам ЛУКАШАНЦАМ.
— Аляксандр Аляксандравіч, перш-наперш давайце дакладна вызначымся, каб усім было ўсё зразумела: што гэта такое — моўная кампетэнцыя? І наколькі гэтае паняцце карэліруецца з такімі паняццямі, як лінгвістычная кампетэнцыя, камунікатыўная кампетэнцыя і, шырэй, інфармацыйная кампетэнцыя, агульнакультурная кампетэнцыя?
— Паняцце моўнай кампетэнцыі, безумоўна, мае строгую навуковую дэфініцыю, але калі гаварыць проста, то гэта — дастатковы ўзровень валодання мовай. І асабліва гэта важна ў нашай сітуацыі двухмоўя.
— Іншымі словамі, у нашым выпадку трэба гаварыць пра двухмоўную кампетэнцыю?
— Менавіта так. Моўная кампетэнцыя ў нашай сітуацыі — гэта дастатковы ўзровень валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі кожным членам двухмоўнага грамадства і, у прыватнасці, службовымі асобамі для таго, каб былі забяспечаны прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя і права кожнага грамадзяніна карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай. А ўсе тыя паняцці, якія вы назвалі, суадносныя з гэтым паняццем. Таму што калі ты на дастатковым узроўні валодаеш дзвюма мовамі, то, адпаведна, маеш магчымасць авалодаць і неабходнай камунікатыўнай кампетэнцыяй, інфармацыйнай кампетэнцыяй і г.д.
— Чаму мы сёння гаворым пра моўную кампетэнцыю з асаблівай заклапочанасцю? Гэтай праблемы раней не існавала? Ці яна была завуалявана?
— Гэтая праблема для беларускага грамадства была актуальная здаўна, таму што гістарычна ў нас ёсць рэальная сітуацыя беларуска-рускага двухмоўя. Але, на мой погляд, гэтае пытанне сёння набывае асаблівую актуальнасць таму, што, маючы 25-гадовы вопыт будаўніцтва незалежнай дзяржавы, мы павінны звярнуць самую пільную ўвагу на гарманізацыю сферы моўнага жыцця ў нашай краіне ў сітуацыі дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя. Ёсць цэлы комплекс абавязковых умоў, выкананне якіх забяспечвае парытэтнае функцыянаванне абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах іх ужытку. І для таго, каб гэтае функцыянаванне сапраўды было парытэтным, неабходна, каб гэтыя ўмовы рэальна выконваліся.
— Якія гэта ўмовы?
— Я выдзяляю чатыры групы гэтых умоў: лінгвістычныя, прававыя, сацыяльна-псіхалагічныя і адукацыйныя.
— Галоўныя з іх…?
— На сёння, безумоўна, адукацыйныя. Бо менавіта яны непасрэдна звязаны з пытаннем фарміравання моўнай кампетэнцыі грамадства ў цэлым і кожнага чалавека паасобку. Бо толькі шляхам навучання можна забяспечыць адпаведны ўзровень валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Зразумела, калі мы сёння гаворым пра моўную кампетэнцыю, то перш за ўсё маем на ўвазе беларускую мову (беларускамоўную кампетэнцыю). Таму што сёння існуюць праблемы менавіта з яе выкарыстаннем у тых сферах ужытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова.
— Двухмоўе — вельмі неадназначная рэч. Можам гаварыць па-руску, а можам і па-беларуску… Так?
— Так, але не зусім. Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў рэгуляваным, раўнапраўным выкарыстанні абедзвюх моў ва ўсіх сферах афіцыйнага ўжытку. З аднаго боку, грамадзянін мае права карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай, а з другога боку, дзяржава як гарант Канстытуцыі праз свае ўстановы, праз сваіх служачых павінна рэальна забяспечыць грамадзяніну гэтае права. І вось часта гэтае права грамадзяніна — карыстацца любой дзяржаўнай мовай — у нас якраз упіраецца ў праблему моўнай кампетэнцыі ці праблему рэальнага валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Так, у нас ёсць пэўнае заканадаўства, многія яго крытыкуюць, але ў прынцыпе яно дастатковае для таго, каб забяспечваць прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя. Самае галоўнае — каб гэтае заканадаўства строга выконваць.
— Элементарны прыклад: грамадзянін звяртаецца ў нейкую дзяржустанову на беларускай мове, а яму даюць адказ на рускай мове. Тут ёсць парушэнне закона?
— Ёсць. У рэдакцыі Закона ад 13 ліпеня 1998 г. № 187-З у артыкуле 4 напісана: “Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў”. І далей у артыкуле 5: “Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах. Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, рускай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам”.
— Гэта значыць, звяртаючыся па-беларуску да нейкага чыноўніка, я магу патрабаваць ад яго, каб і ён адказваў мне па-беларуску?
— Безумоўна. За сваім рабочым сталом кожны дзяржаўны служачы з’яўляецца ўжо не проста грамадзянінам, які мае права карыстацца сваёй любімай мовай, — ён прадстаўнік дзяржавы, які павінен забяспечыць права іншаму грамадзяніну карыстацца любой з дзяржаўных моў.
— Часта ў законах набываюць найвышэйшы сэнс асобныя літары або нават знакі прыпынку. Усім вядомая коска ў фразе: “Казнить нельзя помиловать”. Апошнім часам не сціхаюць размовы пра злучнік “і” ці “або” ў адносінах да надпісаў на этыкетках беларускіх тавараў. Які ваш пункт гледжання на гэтую праблему?
— Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. І найперш пра тое, каб чалавек мог атрымліваць інфармацыю пра тавар на роднай мове. Калі хочаце, гэта пытанне бяспекі жыцця грамадзяніна, таму што кожны грамадзянін мае безумоўнае, гарантаванае яму Канстытуцыяй права атрымліваць жыццёва важную інфармацыю на прымальнай для яго дзяржаўнай мове. І праблема тут не ў тым, што ад беларускамоўнага напісання тавару сам тавар стане больш дарагім ці што не хопіць месца на ўпакоўцы… Пытанне ў чалавечай, у нацыянальнай годнасці і… моўнай кампетэнцыі канкрэтных спецыялістаў. Калі ласка, вы накіроўваеце партыю тавараў у Казахстан? Пішыце па-руску і па-казахску. Але для сваіх грамадзян рабіце маркіроўку і па-беларуску.
— Часам здараюцца нават відавочныя казусы на этыкетках: “Сметанковое печенье”, “Пиво старожытное”…
— Ну, гэта ўжо пытанне агульнай чалавечай культуры, хаця — усё той жа праблемы моўнай кампетэнцыі. Неяк купіў шакаладны сырок, а на ім чытаю: вугляводаў — столькі, тлушчу — столькі і… вавёрак — столькі. Рускае “белки” з дапамогай аўтаматычнага перакладчыка пераклалі як “вавёркі”.
— Мы зараз гаворым пра мову, пра высокія матэрыі… а ў жыцці здараюцца вельмі недарэчныя сітуацыі. Днямі купляў хлеб. Звычайны беларускі хлеб. Звярнуўся да касіркі па-беларуску: “Мне хлеб, калі ласка”. Адразу ўзняўся вэрхал. Нехта падбіў мяне нават ззаду: “Это бэнээфэвец!” Дзякуй богу, заступілася жанчына: “Чалавек гаворыць на роднай мове. Дык яго паважаць трэба за тое, а не ганьбiць!” Гэта, канечне, сацыяльна-побытавыя ўмовы, але як з імі быць?
— Надоечы я таксама зайшоў у буфет. Сказаў буфетчыцы: “Мне кавы, калі ласка”. А яна лыпала вачыма: “Вам чего? Чаю? Или кофе?” Я чалавек выхаваны і ёй паўтарыў сваю просьбу па-руску: “Мне кофе, пожалуйста”. Але быў навідавоку сацыяльна-псіхалагічны дыскамфорт: яна не ведала, што такое “кава”, і я сумеўся… Гэтага негатыву не было б, калі б тая дзяўчына валодала беларускай мовай. Яна сама гэтага не разумее, але павысілася б у сваім сацыяльным статусе, калі б ведала беларускую мову.
— Аляксандр Аляксандравіч, у нашай мовы сёння мноства пагроз — так званы дэструктыўны патрыятызм, моўны нігілізм, трасянка і інш. Якую з іх вы лічыце найбольш небяспечнай?
— Парадоксаў у развіцці і функцыянаванні нашай мовы і ў мінулым стагоддзі, і ў апошняе дзесяцігоддзе вельмі шмат.
На працягу ўсяго ХХ стагоддзя паспяховае развіццё сістэмы беларускай мовы і стабілізацыя яе літаратурных норм суправаджалася інтэнсіўным змяншэннем колькасці яе актыўных карыстальнікаў. Фактычна, чым больш дасканалай станавілася беларуская мова, чым больш дакладнымі і стабільнымі станавіліся яе літаратурныя нормы, чым больш развіваўся яе слоўнікавы склад і навуковая тэрміналогія, тым менш яна станавілася неабходнай як рэальны сродак камунікацыі. На працягу ўсяго ХХ стагоддзя беларуская мова — нацыянальная мова беларускага народа і мова тытульнай нацыі — фарміравалася і развівалася выключна ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя і ніколі не была адзіным сродкам камунікацыі беларусаў. Тым не менш, нягледзячы на розныя ўплывы і тэндэнцыі, яна здолела сфарміраваць і захаваць сваю нацыянальную адметнасць, умацаваць статус асобнай славянскай мовы.
Своеасаблівым парадоксам развіцця сістэмы беларускай мовы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя з’яўляецца адначасовая актуалізацыя дзвюх асноўных дыяметральна процілеглых тэндэнцый развіцця сістэмы беларускай мовы: тэндэнцыі да інтэрнацыяналізацыі і тэндэнцыі да нацыяналізацыі. Гэтыя дзве тэндэнцыі ў цэлым характарызуюць развіццё лексіконаў усіх славянскіх моў у канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў, аднак становішча беларускай мовы ў сучасным двухмоўным беларускім соцыуме прадвызначае асаблівасці дзеяння гэтых тэндэнцый і іх вынікаў. Так, тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі вядзе да інтэнсіўнага (часта неабгрунтаванага рэальнымі намінатыўнымі патрэбамі) папаўнення нацыянальнага лексікону іншамоўнымі запазычаннямі, пераважна англа-амерыканізмамі, і стварае ілюзію русіфікацыі беларускай мовы. Тэндэнцыя да нацыяналізацыі, наадварот, звязана з узмацненнем нацыянальнай адметнасці мовы, з’яўляецца своеасаблівай рэакцыяй на папярэдні перыяд развіцця слоўнікавага складу беларускай мовы і мае выразны дэрусіфікатарскі характар. Аднак парадоксам “беларускай” тэндэнцыі да нацыяналізацыі з’яўляецца тое, што яна, як і тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі, рэальна прыводзіць да павелічэння колькасці іншамоўнай лексікі ў нацыянальным беларускім лексіконе. Менавіта ў рэчышчы тэндэнцыі да нацыяналізацыі ў сучасным беларускім маўленні актуалізуюцца шматлікія іншамоўныя лексічныя адзінкі, пераважна польскага паходжання, якія, аднак, адпавядаюць пурыстычнай тэндэнцыі адштурхоўвання ад рускай мовы. Паланізмы тыпу “улётка”, “ворак”, “вакацыі”, “амбасада”, “ровар”, “імпрэза”, “імбрык” і інш. актыўна пашыраюцца ў сучасным беларускім маўленні побач з уласнымі наватворамі, якія з’яўляюцца пад уплывам тэндэнцыі да нацыяналізацыі: “далькажык”, “гутарык”, “пляцак”, “заплечнік” і г.д.
Рэальны факт сучаснага моўнага жыцця беларускага грамадства — інтэнсіўнае пранікненне беларускай мовы ў віртуальную інтэрнэт-прастору і фарміраванне дастаткова істотнага беларускамоўнага інтэрнэт-рэсурсу, а таксама яе пашырэнне ў канфесійную сферу. Усё гэта садзейнічае павышэнню грамадскага прэстыжу беларускай мовы і фарміраванню новых функцыянальных стыляў.
У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя фактычна змянілася сацыяльнае асяроддзе, якое падтрымлівае традыцыі выкарыстання беларускай мовы. Пры гэтым зрух адбыўся ў бок звужэння сацыяльнай базы і павышэння сацыяльнага статусу прыхільнікаў і актыўных карыстальнікаў беларускай мовы: ад прадстаўнікоў пераважна вясковага соцыуму (звычайна старэйшага ўзросту з невысокім узроўнем адукацыі) да гарадской высокаадукаванай крэатыўнай інтэлектуальнай эліты з актыўнай грамадскай і жыццёвай пазіцыяй (хаця гэтая эліта на сёння і не вельмі шматлікая ў сваёй масе). Такое становішча аб’ектыўна вядзе да павышэння прэстыжнасці беларускай мовы, забяспечвае яе элітарнасць, але ўтрымлівае небяспеку ператварэння беларускай мовы ў своеасаблівы культурны дыялект.
Сёння склалася дастаткова ўнікальная сітуацыя, калі беларускамоўная кампетэнцыя фарміруецца пераважна ў працэсе школьнага навучання і арыентуецца на літаратурны стандарт, а ўжо пасля веды літаратурнага стандарту могуць рэалізавацца ў тых ці іншых разнавіднасцях нязмушанага маўлення з рознай ступенню адхіленняў ад літаратурных норм. Іншымі словамі, гутарковае маўленне і гарадское прастамоўе (калі дапусціць, што такое існуе!) грунтуецца на літаратурнай мове, а не наадварот, літаратурная мова абапіраецца на гутарковае маўленне. У гэтых адносінах пачатак ХХІ стагоддзя істотна адрозніваецца ад ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, калі літаратурныя нормы складваліся на народна-гутарковай аснове. Мне здаецца, сёння вельмі важна зламаць гэты стэрэатып моўных паводзін і сфарміраваць у беларускамоўным грамадстве талерантнае стаўленне да некадыфікаванага беларускага маўлення, таму што толькі ў такім выпадку магчыма пашырыць беларускамоўную прастору і стварыць больш шырокую базу для літаратурнай мовы.
— Вы сёння з аптымізмам гледзіце на развіццё беларускай мовы ў нашым грамадстве?
— З развіццём сістэмы беларускай мовы ўсё нармальна. Сёння яна можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы жыцця беларускага грамадства. Праблемы, як я ўжо гаварыў вышэй, існуюць з яе паўнацэнным выкарыстаннем у тых сферах зносін, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны. Але і тут я бачу падставы для пэўнага аптымізму. Чвэрць стагоддзя нашай незалежнасці не прайшло дарэмна. У лепшы бок змяняецца менталітэт і нацыянальная свядомасць нашага грамадства. Павышаецца цікавасць да беларускай мовы як галоўнага фактару нашай нацыянальнай адметнасці і галоўнага сімвала дзяржаўнасці. Становіцца больш прыхільнікаў беларускай мовы. У рэшце рэшт, сёння становіцца прэстыжным гаварыць па-беларуску.
Усё больш рэкламы і іншай візуальнай і гукавой інфармацыі на нашай мове. Ёсць паспяховыя беларускамоўныя гандлёвыя брэнды. Усё гэта радуе і дазваляе з аптымізмам гаварыць пра будучае беларускай мовы — нацыянальнай мовы беларускага народа, дзяржаўнай мовы краіны і мовы тытульнай нацыі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.