Мова мілагучная мая

- 15:22Нам пішуць

Чарговы раз у сярэдняй школе № 2 Слоніма ў лютым прайшла дэкада беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры. Сёлета дэкада адкрылася музычнай імпрэзай “Мова родная мая”, праведзенай сіламі вучняў 7-11 класаў. 

На працягу дзесяці дзён настаўнікі і вучні правялі мноства мерапрыемстваў, пастараліся задзейнічаць практычна вучняў ўсіх класаў. Быў арганізаваны кніжны патруль дзіцячай раённай бібліятэкі сумесна з актывам бібліятэкі школы “Пад грыфам “Знакамітыя”, які быў прысвечаны 60 – годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Ягоўдзіка. Вучні 6 “А” і 6 “Б” класаў прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Тэатр ля мікрафона” па аповесці Алены Васілевіч “Расці, Ганька”. А вучні сёмых класаў запрасілі на жывую газету “Слонімшчына паэтычная” . У школьнай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “А на зямлі яго не згасне след”, прысвечаная 95 – годдзю з дня нараджэння І.П.Мележа. Знаўцы беларускай літаратуры пятых класаў сабраліся на конкурсе, каб паспаборнічаць у ведах па вывучаемых творах. Вучні адгадвалі загадкі, дапаўнялі прыказкі, інсцэніравалі казкі, вызначалі, каму належаць строфы з вершаў. Сямікласнікі змаглі паўдзельнічаць у міні-алімпіядзе па беларускай літаратуры. Пераможцамі сталі Данііл Жодзік, Настасся Шышко і Аліна Міхлік.
Для вучняў і бацькоў 6 “А” і 6 “Б” класаў адбылося пасяджэнне ў літаратурнай гасцёўні “Бацькі і дзеці. Мы ў літаратуры і ў жыцці.” Вучні, бацькі і настаўнікі абмеркавалі творы Івана Навуменкі, Генрыха Далідовіча, Алены Васілевіч, Якуба Коласа. Кожны атрымаў магчымасць выказацца аб прачытаным, абмеркаваць праблемы бацькоў і дзяцей. Вучні 9 “А” класа прынялі актыўны ўдзел у культуралагічнай і лінгвістычнай віктарыне “Вандроўка па родным краі”, пераможцамі якой сталі Алеся Ерамейчык, Надзея Жывулька і Ірына Філіпеня. Акцыя “Гаворым па-беларуску” прымусіла ўсю школу ў гэты дзень размаўляць на роднай мове. У восьмых класах праводзілася мерапрыемства “Хлеб – жыцця аснова”, а шасцікласнікі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Г.І.Амяльковіч здзейснілі віртуальнае падарожжа па маршруце Слонім-Полацк-Слонім. Члены секцыі беларускай філалогіі знаёмілі вучняў школы з навуковым даследаваннем “Пісьменнікі Слонімшчыны – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Адметнасці творчасці”. Вучні прааналізавалі ваенную творчасць А.Іверса, С.Новіка-Пеюна, В.Таўлая.
Навучэнцы 8 “Б” класа правялі віктарыну-конкурс “Мая маленькая радзіма”. Вучаніца 11 класа Настасся Дубіна правяла з пяцікласнікамі пазнавальную гульню “Мая Радзіма-Беларусь”. Ужо сталай традыцыяй у гэты час з’яўляецца наведванне Слонімскага драматычнага тэатра. Школьнікі з нецярплівасцю чакалі спектакля, каб сустрэцца з героямі “Паўлінкі” Янкі Купалы.

Ірына ЗАХАРЧУК.