Мовазнаўства, “Кветка лотаса” і “Кацюша”

- 11:11Навіны рэгіёнаў

Сучасны лінгафонны кабінет прэзентаваў сярэдняй школе № 16 Оршы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін у знак высокай ацэнкі працы па вывучэнні і папулярызацыі кітайскай мовы і культуры.

З 2014 года ў дзвюх сярэдніх школах і гімназіі Оршы пачалі працаваць валанцёры з КНР, якія выкладаюць мову на факультатыўнай аснове. Прычым заняткі арганізаваны не толькі для навучэнцаў, але і для дарослых у рамках асобнага курса. Урачыстая цырымонія адкрыцця новага лінгафоннага кабінета стала адной з найбольш яркіх вясновых падзей для сістэмы адукацыі раёна. Дзякуючы аршанскім педагогам, кітайскім валанцёрам і іх таленавітым вучням, яна ператварылася ў запамінальнае свята. Прэзентацыя работы па робататэхніцы і калекцыя адзення “Фенікс. Адраджэнне”, выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы кітайскіх валанцёраў па мастацтве напісання іерогліфаў, беларускай выцінанцы і кітайскай выразцы з паперы, пляценні з бісеру, вырабе з паперы і вязанні традыцыйных кітайскіх вузлоў, а таксама іх беларускіх калег — па тэхніцы вырабаў з пер’я і фоамірану, стварэнні папяровых кветак і арганізацыі ўсходняга міні-саду — нікога не пакінулі раўнадушнымі. Святочны настрой падтрымала выдатная канцэртная праграма, дзе кітайскія песні і танцы арганічна перапляліся з асабліва блізкай сэрцу кожнага аршанца “Кацюшай”, у трыа выканаўцаў якой выступіла Лі Сюе ў суправаджэнні аркестра сярэдняй школы № 16.

— Больш за два дзесяцігоддзі мінула з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Значнасць і актуаль-насць нашых сувязей з Кітаем цяжка пераацаніць: сёння яны — адзін з найважнейшых фактараў гарантавання нацыянальнай бяспекі Беларусі, прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі дзяржавы, — адзначыў старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі. — З году ў год кантакты паміж нашымі краінамі паспяхова і стабільна развіваюцца. Упэўнены, што ў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва — у тым ліку ў дачыненні да Оршы — ёсць перспектыва, бо яго асновай з’яўляецца сяброўства нашых народаў, цікавасць, павага, добразычлівасць і ўзаемная карысць. Расце цікавасць да вывучэння кітайскай мовы, што вельмі актуальна для ўмацавання гандлёва-эканамічных адносін з Кітаем. Трое выпускнікоў устаноў адукацыі Оршы праходзяць у цяперашні час стажыроўку ў КНР, больш за 200 навучэнцаў факультатыўна вывучаюць кітайскую мову ў школах раёна. Сённяшняя сустрэча — яшчэ адзін крок у гэтым напрамку. Думаю, што лінгафонны кабінет з сучасным абсталяваннем, які сёння наша школа атрымала ў дар, дапаможа рэалізаваць нашы далейшыя сумесныя планы.

Як паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 16 Галіна Кабешава, разлічаны на 14 чалавек лінгафонны кабінет на першай змене задзейнічаюць у адукацыйным працэсе. У другой палове дня падарунак кітайскіх сяброў дапаможа будучым кітаязнаўцам вывучаць мову на факультатыўных занятках. Мяркуецца, што неўзабаве ва ўстанове адукацыі будзе адкрыты кабінет Канфуцыя.

Таццяна БОНДАРАВА.