ГАРДЗЕЕЎ Эдуард Юр’евіч,
настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 1 Слаўгарада, настаўнік-метадыст.
Скончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча. Педагагічны стаж — 25 гадоў. Педагагічнае крэда: “Настаўнік — гэта не прафесія, настаўнік — гэта лад жыцця”.
Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”
“Выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў” — тэма педагагічнага вопыту Эдуарда Юр’евіча. Э.Ю.Гардзееў больш за 15 гадоў з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў працоўнага навучання (тэхнічнай працы). Ён валодае сістэмай сучасных педагагічных метадаў і тэхналогій для павышэння якасці адукацыі, выкарыстоўвае сучасныя падыходы ў навучанні і выхаванні. Вялікую ўвагу ўдзяляе распаўсюджванню ўласных эфектыўных тэхналогій, методык, прыёмаў, сродкаў навучання праз прадметныя майстар-класы “Відэаўрокі як сродак актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў”, “Эфектыўнасць выкарыстання відэаўрокаў на ўроках працы”.
Пры планаванні ўрока трэба перш за ўсё выбраць мінімальны змест вучэбнага матэрыялу: што неабходна расказаць вучням дадаткова, што яны вывучаць самастойна, што запішуць у сшыткі, якія неабходна задаць пытанні, якое правесці тэсціраванне на заключным этапе ўрока, якія заданні прапанаваць на розных этапах работы, якія заданні даць на працяглы тэрмін, як кантраляваць паспяховасць працэсу. Згрупаваўшы выбраны вучэбны матэрыял, прадумаўшы паслядоўнасць работы з ім, Эдуард Юр’евіч шукае такую форму арганізацыі ўрока, якая выкліча павышаную актыўнасць навучэнцаў, а не пасіўнае ўспрыманне новага, дапаможа дзецям у засваенні новых ведаў і замацаванні атрыманых.
Неабходна прадумаць “іскрынку” ўрока — гэта можа быць цікавы факт, нечаканае адкрыццё, досвед, звесткі з інтэрнэту. Акрамя таго, настаўнік звязвае матэрыял, які вывучаецца, са штодзённым жыццём і з інтарэсамі навучэнцаў. Плануючы кантроль дзейнасці на ўроку, педагог не забывае: чым часцей правяраецца работа ўсіх навучэнцаў, тым лягчэй бачыць тыповыя памылкі і цяжкасці, а таксама ацэньваць вынікі дзяцей не толькі адзнакай, але і змястоўнай характарыстыкай.
Эдуард Юр’евіч Гардзееў — адміністратар уласнага сайта www.trudoviki.net. Ён створаны для настаўнікаў працоўнага навучання, ім карыстаюцца настаўнікі тэхналогіі Расіі, Украіны, іншых краін. Сайт з такім напаўненнем — адзіны на прасторах СНД. Э.Ю.Гардзеевым створаны інфармацыйныя адукацыйныя прадукты — відэаўрокі па тэхнічнай працы для 5—9 класаў па вучэбных праграмах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Распрацавана электроннае тэсціраванне, відэаінструкцыі.
Педагагічная скарбонка настаўніка змяшчае відэаўрокі для 5, 6, 7, 8, 9 (10 — работы ў побыце) класаў па кожнай тэме вучэбнай праграмы (больш за 100 відэаўрокаў), 20 відэа тэхналагічных карт (відэаінструкцый) на асноўныя практычныя работы з 5 па 9 клас, электроннае тэсціраванне з 5 па 9 клас па кожнай тэме вучэбнай праграмы, а таксама па ўсіх відэаўроках. Эдуардам Юр’евічам распрацавана і створана 80 плакатаў па працоўным навучанні па кожнай тэме вучэбнай праграмы. Усе гэтыя матэрыялы з’яўляюцца аўтарскімі. Для самастойнай дзейнасці навучэнцаў у пазаўрочны час рэкамендуецца наведваць сайт www.trudoviki.net, а таксама яго канал на YouTube www.youtube.com/user/edgordeev. Гэта дазваляе навучэнцу, які прапусціў заняткі, нагнаць прапушчаны матэрыял самастойна.
Такія вучэбныя відэапрадукты сталі традыцыйнымі ў рабоце настаўніка, яны дапамагаюць вырашаць у комплексе адукацыйныя і выхаваўчыя задачы, павышаюць матывацыю да навучання, фарміруюць навыкі, якія будуць запатрабаваны ў далейшым жыцці навучэнцаў.
Як і любыя наглядныя сродкі, відэаўрокі і відэаінструкцыі пры правільным іх прымяненні выпрацоўваюць у асноўным прыёмы рэпрадукцыйнага мыслення — наглядна-вобразнага, наглядна-дзейснага. Але ў выпадку, калі відэасюжэт становіцца прадметам абмеркавання, калі патрабуецца вербальнае пацвярджэнне ўбачанага або ў сувязі з гэтым адбываецца пастаноўка праблемы, якая патрабуе вырашэння, задзейнічаецца і слоўна-лагічнае мысленне.
Мультымедыя можна і трэба выкарыстоўваць пры арганізацыі вучэбнага працэсу, асабліва па працоўным навучанні. Для гэтага неабходна мінімальнае тэхнічнае аснашчэнне (за кошт раздзялення класа на падгрупы “хлопчыкі-дзяўчынкі” групы атрымліваюцца невялікімі) — дастаткова аднаго камп’ютара або сучаснага лічбавага тэлевізара.
Планаванне ўрокаў з выкарыстаннем мультымедыятэхналогій дазваляе вучню з любым узроўнем ведаў і ўменняў па прадмеце атрымаць асобасна значны адукацыйны прадукт, дапамагае лепш засвоіць матэрыял, зрабіць яго цікавым і прадукцыйным.
Для ацэнкі ўплыву распрацаваных педагагічных методык на якасць ведаў навучэнцаў настаўнік адсочваў работу двух класаў (5 і 6) па працоўным навучанні на працягу 2 гадоў. Як паказалі вынікі маніторынгу вучэбных дасягненняў, сярэдні бал па гадавых адзнаках вырас з 6,8 да 9,2. Асноўны працэнт навучэнцаў мае высокі і дастатковы ўзровень.
Эдуард Юр’евіч — чалавек творчы, мэтанакіраваны, рознабаковы ў сваіх творчых захапленнях (музыка, фатаграфія, відэаздымка), свабодна арыентуецца не толькі ў сваім прадмеце, але і ў сумежных прадметных галінах.