Музей гісторыі арміі

- 11:20Навіны рэгіёнаў

Адкрыццём музея гісторыі арміі адзначылі ў Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З нагоды значнай даты тут адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Кадэцтва — будучыня беларускай арміі”.

Гасцямі кадэтаў у гэты дзень былі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктар Хрэнін, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін, кіраўнікі сілавых ведамстваў, ветэраны, вучні кадэцкіх класаў Гродна. Пачалося свята ўрачыстым праходжаннем кадэтаў і вучняў кадэцкіх класаў школ Гродна. Выхаванцы абласнога кадэцкага вучылішча расказалі аб сваіх дасягненнях, паказалі ўменні ў разборцы і зборцы аўтамата, рукапашным баі, а таксама выканалі вальс. Але гэтыя юнакі і дзяўчаты моцныя не толькі ў баявым страі — яны актыўныя і ў грамадскіх справах. Так, навучэнец вучылішча Сяргей Сільвановіч узначальвае маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

— Гістарычна ў сістэме ваеннай падрыхтоўкі важным звяном былі кадэты, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Нядаўна вучылішча пераехала ў новы будынак. Відаць, што тут наладжаны вучэбны і выхаваўчы парцэс, добра арганізаваны быт кадэтаў.

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы У.В.Краўцоў перадаў дырэктару вучылішча Мікалаю Жыгэу сертыфікат на 100 тысяч рублёў. Камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктар Хрэнін перадаў вучэбныя ўзоры стралковай зброі.

Першую экскурсію па музеі для гасцей правялі навучэнцы. Даніла Сакута прадставіў першую экспазіцыю, якая расказвае пра гісторыю арміі з 1918 да 1941 года. Алена Паддубская завяршыла экскурсію аповедам пра сучасны стан арміі, а таксама пра гісторыю Гродзенскага кадэцкага вучылішча. Наведвальнікі музея могуць убачыць узоры ваеннай формы розных часоў і розных войскаў, у тым ліку знакамітую будзёнаўку, зброю, выяўленую падчас пошукавых работ, мастацкія творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Новымі экспанатамі папоўніўся музей і ў першы дзень сваёй работы: генерал-маёр у адстаўцы Анатоль Нікіцін перадаў макет пісталета ТТ часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод падарункаў таксама марка і манета, выпушчаныя да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, кнігі, відэафільмы.

— Музей адкрыты і для навучэнцаў іншых школ, а таксама для правядзення мерапрыемстваў у суботу і нядзелю, — гаворыць дырэктар вучылішча Мікалй Жыгэу. — На яго базе будзе весціся навукова-даследчая і пошукавая работа, працягнецца рэалізацыя праекта “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”. Плануем стварыць экспазіцыю, прысвечаную кадэцкай адукацыі.

Гродзенскае кадэцкае вучылішча створана ў 2011 годзе. Адбылося чатыры выпускі кадэтаў, многія з якіх працягваюць ваенную адукацыю. З 1 верасня мінулага года вучылішча размяшчаецца ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна. Зараз ва ўстанове займаецца звыш 100 чалавек з 8 па 11 клас з розных раёнаў Гродзенскай вобласці. Усяго ў вобласці дзейнічае 91 кадэцкі клас, дзе вучыцца больш за 1500 дзяцей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.