Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення пачынаецца з дзіцячага сада. Патрыятычнае выхаванне — адзін з найважнейшых кірункаў работы ўстановы дашкольнай адукацыі. Наш яслі-сад № 8 Навагрудка ў гэтым плане не выключэнне.
Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю Бацькаўшчыны і ганарыцца ёю. А гісторыя краю, у якім пашчасціла нарадзіцца мне і маім выхаванцам, вельмі багатая і рознабаковая, бо жывём мы ў адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі — у старажытным Навагрудку. Адзін з дзейсных сродкаў атрымання інфармацыі і прэзентавання яе дзецям — цеснае ўзаемадзеянне педагогаў ясляў-сада № 8 Навагрудка з навуковымі супрацоўнікамі Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. Музей стаў надзейным сябрам і добрым памочнікам для выхаванцаў нашага дзіцячага сада ў вывучэнні гісторыі роднага краю. Супрацоўнікі музея распрацавалі шэраг тэматычных экскурсій для дзяцей дашкольнага ўзросту. Наведваючы экспазіцыю музея, мы маем магчымасць наглядна пазнаёміцца з архітэктурай старажытнага Навагрудка, разгледзець некалькі макетаў замка розных перыядаў яго існавання, а таксама ўбачыць экспанаты, знойдзеныя археолагамі падчас раскопак на Замкавай гары, Малым замку.
Адна з самых цікавых залаў для дзяцей у музеі — “Беларуская хатка”. На экскурсіі “Святло сялянскай хаткі” ў зале этнаграфіі выхаванцы імкнуцца не толькі ўбачыць прадметы побыту і прылады працы, але і дакрануцца да іх: пакалыхаць калыску, пасядзець на лаве, памацаць розныя старадаўнія рэчы рукамі. У гэтай зале дзеці таксама даведваюцца аб традыцыях, звычаях і вераваннях нашых продкаў. Да такіх важных дат, як 9 Мая ці Дзень Незалежнасці, мы імкнёмся наведаць музейную экспазіцыю, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне на Навагрудчыне.
Добрай традыцыяй стала запрашаць навуковых супрацоўнікаў з музейнымі заняткамі і прэзентацыямі ў дзіцячы сад. Адна з любімых форм заняткаў для дзяцей — “Музей у чамадане”. Выхаванцы з нецярпеннем чакаюць, калі ж адчыняць чамадан, каб убачыць, якія новыя цікавыя рэчы ім падрыхтавалі супрацоўнікі музея і выхавальнікі сада, каб здагадацца, пра што пойдзе размова на занятках. А што расказаць пра зямлю, з якой звязана жыццё і дзейнасць такіх знакамітых людзей, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Булгак, Язэп Драздовіч і многіх іншых, абавязкова знойдзецца.
Людміла ВАЎЧОК,
выхавацель ясляў-сада № 8 Навагрудка.