Музейныя пошукі і не толькі: як школа №3 Оршы імя У.С.Караткевіча сустрэне дзень нараджэння славутага земляка

- 13:19Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Міжнародны фестываль дзіцячых каманд КВЗ, новая калекцыя ўзорнага тэатра касцюма, адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба, музейныя пошукі і знаходкі — сярэдняя школа № 3 Оршы імя У.С.Караткевіча сустрэне дзень нараджэння славутага земляка (26 лістапада) яскрава і насычана. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прызнаюся шчыра: некалі ў выбары будучай прафесіі вызначальнымі для мяне сталі кнігі Уладзіміра Караткевіча — прачытаныя і многа разоў перачытаныя. Пазней зразумела, што падобны жыццёвы сюжэт дастаткова часта паўтараецца ў лёсах беларусаў розных пакаленняў. Зараз упэўнена: гэта нядзіўна, бо Уладзімір Сямёнавіч быў не толькі геніяльным пісьменнікам і адданым патрыётам, але і таленавітым педагогам. Не проста па першай спецыяльнасці, а ва ўспамінах блізкіх і знаёмых людзей, у сваіх літаратурных творах і ўдзячнай памяці суайчыннікаў ён такім быў, ёсць і будзе.

Наватарская спадчына

На фарміраванне асобы класіка беларускай літаратуры моцна паўплывалі сямейныя (і педагагічныя ў тым ліку) карані, ваеннае дзяцінства, студэнцкія гады і, безумоўна, школа. Уласнае ўспрыманне настаўніцкага прызвання пісьменнік эмацыянальна перадаў у эсэ “По­дзвіг Францыска Скарыны”, дзе ён называе калег “праваднікамі вялікіх ідэй у дзіцячыя душы”. Менавіта любімай настаўніцы Кацярыне Грыневіч вучань Валодзя адважыўся паказаць свае літаратурныя спробы, дзякуючы чаму яго вершы і прыгодніцкая аповесць “Загадка Неферціці” пабачылі свет у школьным рукапісным часопісе “Званочак”. Па сутнасці, гэта яго першая публікацыя.

На радзіме Уладзіміра Караткевіча ведаюць як педагога-практыка, які смела эксперыментаваў і прымяняў нестандартныя падыходы да выкладання, праводзіў заняткі ў форме вандровак, дыялогаў, роздумаў. Дзеці любілі яго ўрокі, бо настаўнік у кожным вучню паважаў асобу, стараўся ўбачыць і развіць лепшае. Не абмяжоўваўся вучэбнай праграмай, заўсёды вітаў любыя пытанні, што тычыліся яго прадмета і не толькі, таму ўрокі нярэдка ператвараліся ў цікавыя дыспуты. Кіраваў школьным літаратурна-мастацкім клубам, разам з удзельнікамі якога ладзіў мастацкія вечары, рэпетыцыі і спектаклі, працаваў над дэкарацыямі — не трэба забываць, што Уладзімір Сямёнавіч меў выдатны густ і бездакорна валодаў лініяй і кампазіцыяй.

Максімалісцкі караткевічаўскі погляд на выстаўленне адзнак, несумненна, нават у сённяшніх настаўнікаў і метадыстаў выклікаў бы нямала спрэчак і заўваг. Калі коратка, тут дзейнічаў катэгарычны прынцып: “Не ведаеш мову і літаратуру на выдатна — значыць не ведаеш зусім”. Педагог ставіў па тагачаснай пяцібальнай сістэме або пяцёркі, або двойкі — іншага не прызнаваў. Увогуле не цярпеў лайдакоў, але разам з тым імкнуўся выбудоўваць з вучнямі даверлівыя адносіны з пазіцыі старэйшага сябра. А ўжо на выпускным вечары мог рашуча прапанаваць выпускнікам (зафіксаваны ва ўспамінах факт) перайсці ў зносінах на “ты”.

Выйсце крыніц

Сёлетні год для ўстановы адукацыі юбілейны, бо ў дакументах яна згадваецца з 1918-га. А вясной 1941 года сярод выпускнікоў 3 класа тут быў Уладзімір Караткевіч. Нельга не сказаць, што ў даваенныя гады 7 класаў у гэтай школе скончыў знакаміты Саша Котаў. Подзвігам Героя Вялікай Айчыннай вайны ў школьным музеі прысвечана асобная экспазіцыя, яго імя з гонарам носіць піянерская дру­жына.

Праз караткевічаўскую творчасць тэма Вялікай Айчыннай вайны праходзіць скразной ніткай. Перажытае на ўласным вопыце, эвакуацыю і вяртанне ў родны край пісьменнік потым занатуе ў “Дарозе, якую прайшоў”. Сцісла і пранізліва — пра жахлівыя сляды акупацыі: “Восенню 44-га пераехалі на Беларусь. І вось тут упершыню ўбачылі сапраўдны разор, не “зону пустыні”, а “краіну пустыні” — некалькі ўскраінных завулкаў як канцы галінак ля згаслага вогнішча. Гарады, дзе нават руінаў не было. (Немцы разабралі іх на цэглу для абаронных патрэб.) Да голаду і холаду было не звы­каць, але тут, на выпаленай зямлі, так намерзліся, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы”.

Будынак школы таксама быў поўнасцю знішчаны. Тым не менш велізарнымі намаганнямі краіна ўздымалася з руін. Неўзабаве над мясцовымі драўлянымі хаткамі вырасла і ў 1950-м гасцінна расчыніла свае дзверы новая школа. Згодна з тыпавым праектам, яна была разлічана на 400 навучэнцаў, а прыняла амаль у два з паловай разы больш. Акрамя вучэбных заняткаў, педагогі з вучнямі актыўна развівалі краязнаўства і мастацкую самадзейнасць. У спорце ўстанова адукацыі выйшла ў лідары і па выніках спаборніцтваў 10 гадоў запар утрымлівала кубак горада. У 1983-м школа адзначыла трэцяе наваселле (у гэтым трохпавярховым будынку яна месціцца па цяперашні час — зноў юбілейная дата). Праз год пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліліі Радомскай, калегі Уладзіміра Сямёнавіча па педагагічнай спецыяльнасці і аўтара кнігі “Уладзімір Караткевіч і Орша”, пачаў работу адметны музей “Слава настаўніку”, які праз параўнальна невялікі час атрымаў званне народнага.

Яшчэ адна важная падзея ў школьным летапісе адбылася восенню 1989 года: у музеі адкрылі залу памяці Уладзіміра Караткевіча. Калі ў мінулым лістападзе ўстанове адукацыі ўрачыста прысвоілі яго імя, гэта было адраджэнне, справядлівае вяртанне, якое дружна вітаў увесь калектыў. Імя У.С.Караткевіча школа насіла з 1985 года, аднак у няпростыя і супярэчлівыя 90-я ў дакументах яно, на жаль, згубілася. Хаця страта існавала толькі на паперы: насамрэч даследаванні і пошук, збор матэрыялаў для музея, сустрэчы з роднымі пісьменніка і людзьмі, якія яго добра ведалі, правядзенне традыцыйнага тыдня Уладзіміра Караткевіча школьныя энтузіясты не перапынялі. Як і ўдзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, прысвечаных знакамітаму земляку — ад канферэнцый і конкурсаў да паходаў і экспедыцый. З 2019 года гэтую работу курыруе пераемніца Ліліі Радомскай, кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Пруднікава.

Зараз у асноўным і дапаможным фондах — звыш 700 музейных прадметаў. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча: гадзіннік, партфель, нататнік, ручка, аловак… Не меншую цікавасць уяўляюць рэдкія фотаздымкі і рукапісныя творы пісьменніка, уключаючы аўтограф верша “Заяц варыць піва”. Сёлета музейны праект “У.С.Караткевіч… Насустрач дзецям” увайшоў у лік лепшых на конкурсе прафесійнага музейнага майстэрства.

Вучаць словы, але захапляюць прыклады

Пакуль пісала гэтыя радкі, у Мінску праходзіў фінал конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”. У намінацыі “Замежная мова” Віцебшчыну прадстаўляла Вольга Сіняўская з сярэдняй школы № 3 Оршы і заняла 2-е месца. Прычым пераможца ў названай намінацыі па выніках “Настаўніка года — 2020” — яе вучаніца (а на момант правядзення конкурсу ўжо калега, поруч з якой настаўнічалі ў адной установе адукацыі) Вольга Трухан. Але і гэта не ўсё пра поспехі на галоўным настаўніцкім конкурсе. У фінале “Настаўніка года —2017” перамогу ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” атрымаў Андрэй Іваноў, які працуе ў той жа школе.

— Адзін раз — выпадковасць, два — супадзенне, тры — заканамернасць, чатыры — сістэма, — пракаменціравала дырэктар школы Ірына Пармон. — Калі разам з вялікімі здзяйсненнямі ўладальнікаў “Крыштальных жураўлёў” браць у разлік не менш значныя дасягненні іх калег, то размова можа ісці толькі пра сістэму, заснаваную на пераемнасці. Мы ўдзель­нічаем у рэспубліканскім эксперыментальным праекце па дапрофільным і профільным навучанні. На нашай базе дзейніча­юць раённы рэсурсны цэнтр “Структурна-функцыянальная мадэль метадычнага суправаджэння прафесійнага станаўлення педагога на аснове індывідуальнай траекторыі” і міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. У найбліжэйшай перспектыве рыхтуемся да адкрыцця ваенна-патрыятычнага клуба “Гвардзеец”.

Дзякуючы прафесійнай і дружнай камандзе настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя на чале з майстрам спорту СССР па барацьбе самба і дзюдо Ігарам Контравым, мы нязменна з 2016 па 2022 год зай­малі 1-е месца ў круглагадовай раённай спартакіядзе школьнікаў. Каманда КВЗ узорнага тэатра-студыі эстрадных мініяцюр “Крышка” пад кіраўніцтвам Алены Дзеравянка годна выступае не толькі ў віцебскай “Тэхналізе”, на рэспубліканскіх турнірах, але і ва Усерасійскай юніёр-лізе. У чэрвені нашы вясёлыя і знаходлівыя прымалі ўдзел у здымках тэлепраекта “КВЗ. Дзеці” ў Маскве. Сёння ўвага школы прыкавана як да Мінска, так і да Анапы: нашы навучэнцы выйшлі ў фінал ХІІ Міжнароднага фестывалю дзіцячых каманд КВЗ. Не меншую папулярнасць мае ўзорны тэатр касцюма “Вобраз BY”, якім Алена Дзеравянка кіруе разам з настаўніцай працоўнага навучання Наталляй Вінаградавай, — неаднара­зовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Не буду раскрываць інтрыгу, аднак новая калекцыя ўжо на падыходзе: рыхтуйцеся прыемна здзівіцца!

Наталля Пруднікава: жыццёвы і творчы шлях У.С.Караткевіча варты пераймання. Гэты чалавек навучыў і працягвае вучыць нас ганарыцца сваёй краінай і яе гісторыяй, людзьмі працы. Караткевіч, як ніхто, быў улюбёны ў родную мову, культуру беларускага народа і змог паказаць іх прыгажосць у сваіх творах так пераканаўча, каб яго любоў падзялілі ўсе.

Наватарскі, стваральны, натх­нёны і абаяльна-гарэзлівы караткевічаўскі дух жыве ў сценах школы і, такое ўражанне, перадаецца паветраным шляхам усім, хто тут знаходзіцца, — дарослым і дзецям — з пакалення ў пакаленне. Установа адукацыі ганарыцца сваімі выпускнікамі, многія з якіх з’яўляюцца прыкладам для цяперашніх навучэнцаў у розных сферах дзейнасці. Матэрыялаў хопіць на змястоўны шматтомнік! І ўсё ж кніга пра Уладзіміра Караткевіча была б у ім самай цікавай.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара