Музыка лесу

- 10:05Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Людзі па­рознаму знаёмяцца, сыходзяцца і ствараюць сем’і. Свая гісторыя і ў Хрысціны і Віталія Мельнік. Абое — маладыя спецыялісты. Выраз “і дома разам, і на працы” тычыцца і іх. Яна працуе памочнікам ляснічага Пажэжынскага лясніцтва, ён — начальнікам пажарна­хімічнай станцыі Маларыцкага лясгаса.

 

— Стаж сямейнага жыцця крыху больш за два месяцы, — гаворыць Хрысціна. — Жывём з бацькамі мужа ў вёсцы Новае Раматова Маларыцкага раёна. Кажуць, гэта палеская глуш. Але нас месца жыхарства не засмучае. Побач любімая работа, каханы чалавек, радня. Імкнуся асвоіць нязвыклыя для мяне нюансы і тонкасці сельскага жыцця. Я адна з тых, хто ўцёк ад цывілізацыі ў вёску. Тут спакойнае, немітуслівае жыццё, з чыстым паветрам і прыгожымі края­відамі за акном. Гэта якраз тое, пра што я марыла з дзяцінства.

Хрысціна родам з Гомеля. Пасля заканчэння гімназіі ў 2017 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Лясная гаспадарка”.

— Я стала прадаўжальніцай справы дзядулі Рыгора Максімавіча Канцавога, які ўсё жыццё працаваў майстрам лесу ва Уздзенскім лясніцтве, — расказвае Хрысціна. — Мяне заўсёды вабіў лес. Як бы часта ні бывала ў сасновым бары ці цяністай дуброве, у бярозавым гаі ці вечназялёным ельніку, сэрца заўсёды ахінала шчымлівая радасць.

Віталій Мельнік родам з вёскі Новае Раматова. Вырас у “лясной” сям’і. Маці — Ларыса Яўгенаўна — начальнік бюро аховы працы Маларыцкага лясгаса, бацька — Віктар Сцяпанавіч — трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Пажэжынскага лясніцтва.

— Ужо ў 9 класе вырашыў, што маё жыццё таксама бу­дзе прысвечана лесу, — усміхаецца Віталій. — Іншыя варыянты сур’ёзна нават і не разглядаў. Звязаць лёс з лесам — справа высакародная і ўдзячная. Лес для мяне — нібы аркестр, ціхую музыку якога магу слухаць доўга і ў любую пару года. Яна такая розная і непаўторная!

Пасля заканчэння школы ў 2016 годзе юнак паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Інжынер-механік лясной гаспадаркі”. Тут сустрэў Хрысціну. Жылі ў адным інтэрнаце. 

Пасля заканчэння вучобы Віталія Мельніка накіравалі ў Маларыцкі лясгас, а праз некаторы час прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Маладыя лю­дзі пастаянна падтрымлівалі тэлефонную сувязь. Адслужыўшы, Віталій вярнуўся ў лясгас. Каб быць бліжэй да каханага, Хрысціна на пераддыпломную практыку таксама накіравалася туды, а ў пачатку 2022 года пераехала сюды на пастаяннае месца працы і жыхарства.

— І не пашкадавала, — гаворыць дзяўчына. — Хаця спачатку і хацела ўладкавацца куды-небудзь бліжэй да дому, да бацькоў. Цяпер мой дом тут. Да таго ж і калектыў лесагаспадарчай установы сустрэў і прыняў добра. Тут працуюць шчырыя, адкрытыя, гаспадарлівыя, старанныя людзі, майстры сваёй справы. Лічу, мне пашанцавала, бо маім куратарам стаў ляснічы Пажэжынскага лясніцтва Сяргей Касынюк. Ён заўсёды параіць, падкажа, падбадзёрыць. Падтрымліваюць ва ўсім і муж, і яго бацькі.

— Клопат пра лес пачынаецца з беражлівых адносін, акуратнасці, ашчаднасці і ветлівасці ў абыходжанні з прыродай, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Людміла Губей. — Работа памочніка ляснічага не з лёгкіх. Яна адказная, не заканчваецца ні зімой, ні летам. А калі ляснічы ідзе ў адпачынак, памочнік бярэ на сябе ўсе яго функцыі і абавязкі. Тады на дапамогу прыхо­дзяць не толькі набытыя веды, але і адказнасць, аптымізм, жыццялюбства. Хрысціна Мельнік з даручанай справай спраўляецца выдатна. Спрыяе гэтаму і яе характар: не адступіцца, пакуль не зробіць так, як трэба. Такі ж напорысты і валявы ў рабоце і яе муж. Ён таксама на добрым рахунку ў лясгасе. Маладога спецыяліста станоўча характарызуе і яго куратар — галоўны ляснічы лясгаса Уладзімір Афанасенка. Сплаў вопыту і маладосці дае добрыя вынікі ў рабоце. Таму можна без перабольшання ска­заць: калі ёсць такія работнікі, як Хрысціна і Віталій Мельнік, маларыцкія лясы — у надзейных руках прафесіяналаў.

— Лес — жывы арганізм, трэба пастаянна адчуваць, у чым ён мае патрэбу, — лічыць Віталій. — Шмат часу праводжу ў лесе: трэба на свае вочы ба­чыць што да чаго. Люблю прайсціся па ім, застаўшыся сам-насам з прыродай, удыхнуць лясное паветра, якое пахне хвояй і мхом, паслухаць птушыныя спевы. Лес — мая стыхія!

Лес для мяне — нібы аркестр, ціхую музыку якога магу слухаць доўга і ў любую пару года. Яна такая розная і непаўторная!
Віталій Мельнік.

Пасада памочніка ляснічага — не зусім жаночая справа. Яна патрабуе вялікай самааддачы, фізічных і маральных сіл. Але Хрысціна даказвае адваротнае: спраўляецца з абавязкамі не горш за мужчын.

— Работа прыносіць задавальненне, — прызнаецца дзяўчына. — Выбірала яе не для таго, каб сысці ў іншую сферу. Думаю, цалкам змагу сябе рэалізаваць толькі ў лясной справе. Такой жа думкі прытрымліваецца і муж. Памочнік ляснічага —
адзі­н з галоўных гаспадароў у лесе. Гэта ад яго клопату зале­жыць, ці вырасце з маленькага кволага дрэўца магутнае дрэва, ці абміне бокам лясныя ўгоддзі браканьер ці бязлітасны агонь у засушлівыя і гарачыя летнія дні.

Пасля абавязковай адпрацоўкі маладыя спецыялісты з’язджаць не збіраюцца. Плануюць узяць зямельны ўчастак, пабудаваць дом, закласці сад.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара
па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.