Калі б вам сказалі, што да Зямлі ляціць гіганцкае воблака зараджаных часціц, што б вы рабілі? Панікавалі? Хаваліся ў бамбасховішча? У навучэнцаў 10-х класаў ліцэя БНТУ ёсць лепшае рашэнне — пабудаваць караблі і паляцець. Што гэта за караблі, чаму падлеткі наогул пра такое думаюць, а галоўнае — што іменна думаюць, чытайце ў нашым матэрыяле.
Арганізатарам і натхняльнікам хакатона, які праводзіўся да 60-годдзя палёту Ю.А.Гагарына ў космас, з’яўляецца IT-спецыяліст і выдавец, стваральнік серыі “КНІГА-ЧАТ” Канстанцін Страусаў. Творчымі саўдзельнікамі, лектарамі і ментарамі выступілі намеснік генеральнага дырэктара групы кампаній “БелХард” Дзмітрый Балаш, прамысловы дызайнер Ксенія Картэль, дырэктар выдавецтва Алена Карабанава, распрацоўшчык камп’ютарных гульняў Усевалад Архіцкі і эканаміст-выкладчык Кацярына Страусава. Актыўную падтрымку аказала кіраўніцтва ліцэя БНТУ і перш за ўсё дырэктар Вольга Паўлаўна Ачэрэтняя.
Ліцэй БНТУ прадаставіў для правядзення хакатона ўсё неабходнае. У распараджэнні каманд былі актавая зала і вучэбная аўдыторыя, аснашчаная камп’ютарамі, друкаванай тэхнікай і вялікім сэнсарным экранам, зручным для правядзення лекцый і работы ліцэістаў.
Канстанцін Страусаў:
“Сучасныя IT плюс педагогіка дазваляюць стварыць унікальнае адукацыйнае шматпрофільнае асяроддзе, знаходзячыся ў якім, удзельнікі ў кароткія тэрміны ў рабочых групах вырашаюць мноства задач з розных галін: фізікі, матэматыкі, праграмавання, архітэктуры і г.д. Як паказаў наш эксперымент, гэта захоплівае, матывуе і развівае ўдзельнікаў, дазваляе далучыцца да вывучэння новых дысцыплін і сувязей паміж імі. І ўсё гэта ў любімай для сучасных дзяцей форме ролевай гульні”.
У склад журы ўвайшлі Аляксей Белацаркоўскі, загадчык аддзела інтэлектуальных інфармацыйных сістэм АІПІ НАН Беларусі, прадстаўнік Беларусі ў Камітэце па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах ААН; Аляксандр Фядотаў, дацэнт кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ, намеснік старшыні Савета маладых вучоных БДУ; Сяргей Трухан, мастак, арт-дырэктар студыі па распрацоўцы камп’ютарных гульняў, і інш. З поўным спісам журы і праграмай хакатона можна азнаёміцца па спасылцы: https://lab.bookaas.com/hackathon.html.
Адыходзячы ад класікі
Лепшага месца для правядзення адукацыйнага астранамічнага квіз-хакатона “Мы — космас”, чым ліцэй БНТУ, не прыдумаеш. Тут прадстаўлена ідэальная камбінацыя будучых спецыялістаў — мастакі-архітэктары і фізікі-матэматыкі. Яны на працягу 4 дзён “ратавалі” чалавецтва ад магчымай катастрофы.
— У нас пазаштатная сітуацыя: выяўлены даныя са знешніх спадарожнікаў, якія кажуць, што на Зямлю ляціць гіганцкае воблака зараджаных часціц. Іх некалькі відаў, ёсць небяспечныя, ёсць бяспечныя, — расказвае Канстанцін Страусаў. — Праграмісты павінны разабрацца, ці трэба ляцець з Зямлі, ці небяспечнае гэтае воблака для жыхароў. Як яны гэта зразумеюць? Узламаюць серверы, каб сабраць даныя са спадарожнікаў: інфармацыю аб мадэлі і забруджваннях на наступныя 100 гадоў ва ўсёй Сонечнай сістэме. Сервер пабудаваны такім чынам, каб удзельнікі, узломваючы яго, адначасова вучыліся працаваць з рэальнымі сайтамі ў інтэрнэце. Фізікі збяруць даныя, візуалізуюць іх, вызначаць размеркаванне шчыльнасці гэтага рэчыва, разлічаць, калі яно даляціць да Зямлі, а калі раптам даляціць — дзе можна схавацца. Таксама на аснове сваіх вывадаў яны складуць спіс патрабаванняў да карабля, якія ўлічаць мастакі-архітэктары. Заданне для ўдзельнікаў размешчана тут: https://lab.bookaas.com/.
Гэты квіз-хакатон адрозніваецца ад класічных хакатонаў. Па-першае, Канстанцін Страусаў ужо праводзіў розныя квізы на астранамічную тэматыку, прычым выбудоўваў іх так, каб удзельнікі атрымлівалі інфармацыю, якая можа ім спатрэбіцца для работы. Па-другое, на класічным хакатоне неабходна праз 48 гадзін прадэманстраваць свой праект. Падлеткаў прымушаць працаваць ноччу нельга, таму мерапрыемства разбілі на 4 дні. Па-трэцяе, кожны дзень ліцэістаў чакалі лекцыі. Удзельнікі квіз-хакатона даведаліся, як генерыраваць ідэі ў абмежаваных умовах, як зрабіць разлік становішча планет у Сонечнай сістэме ў любы момант часу, якія мастакі ўжо два стагоддзі назад малявалі карціны, падобныя на касмічныя здымкі, хто павінен трапіць на карабель і інш.
— У класічным хакатоне каманды — канкурэнты. У нас жа атмасфера была сяброўская, таму мерапрыемства прайшло больш прадукцыйна, весела і спакойна. Мы хацелі, каб удзельнікі праграмавалі, разлічвалі, малявалі і самае галоўнае — прыдумлялі і аналізавалі, — дзеліцца Канстанцін Страусаў.
Калі трэба — адкінем
Усяго ў квіз-хакатоне ўдзельнічалі каля 25 чалавек. Каманды прадстаўлялі свае караблі, расказвалі, дзе яны збіраюцца, апісвалі знешні і ўнутраны выгляд, што для чаго неабходна, якія матэрыялы выкарыстоўваюцца і г.д. Можна было карыстацца інтэрнэтам, натхняцца іншымі работамі і рабіць рэферансы.
— Наш карабель складаецца з трох жылых ярусаў, у кожным ёсць два кольцы, — гаворыць навучэнка 10 “Е” класа Алена Булойчык. — Калі мы паглядзім зверху, то ўбачым унутранае кольца, дзе будзе спальная зона. Вакол — знешняе кольца, дзе са спальнай зоны можна перайсці ў зону вольнага часу, лабараторый, плантацый і гаспадаркі і перамяшчацца па ўнутраных кольцах. Гэтак жа зроблены іншыя ярусы. Уверсе знаходзіцца цэнтр кіравання. Мы можам ездзіць з аднаго яруса ў іншы на ліфце, да ўнутранага эліпса можам прымацаваць шатлы, на якіх дабяромся да карабля.
Палёт — справа складаная, асабліва калі ён доўгі, таму каманда разгледзела магчымыя варыянты развіцця падзей і ўлічыла іх пры праектаванні. Напрыклад, распрацавала абарону ад метэарытаў і касмічнага смецця. Навучэнцы падзялілі жылыя і прамысловыя карпусы на модулі. У выпадку пашкоджання нейкай часткі карабель зможа яе адкінуць.
— Таксама мы спрабавалі прадугледзець, дзе зможам запасіць энергію і як рабіць гэта максімальна кампактна. З Зямлі ўзяць дастатковую колькасць энергіі для доўгага палёту немагчыма, таму мы прыдумалі спосаб, як атрымліваць і выпрацоўваць яе ў дарозе. Гэта сонечная ядзерная батарэя, якая нават цяпер выкарыстоўваецца ў спадарожніках, — тлумачыць навучэнка 10 “Б” класа Мілана Мілейша.
Верхам на астэроідзе
Карабель другой каманды атрымаўся зусім іншым. Ён складаецца з мноства модуляў, якія ляцяць, шукаюць астэроід з лёду і металаў. Калі знаходзяць, выстройваюцца вакол, далучаюцца і бяруць з яго патрэбныя матэрыялы. Гэта дазваляе караблю доўга праіснаваць па-за Зямлёй.
— На астэроідзе прыкладна ў 10 разоў менш неабходных нам рэчываў, чым на Зямлі, таму трэба ўзяць з сабой рэдказямельныя металы, — кажа навучэнец 10 “В” класа Андрэй Страусаў. — Другая праблема — на караблі змесціцца толькі 60 тысяч чалавек. Трэба будзе рабіць складаны выбар, хто паляціць. Таксама мы актыўна абмяркоўвалі пытанне, як размяшчаць людзей. Калі б не Насця, якая задавала каверзныя пытанні, мы б і не падумалі, што на караблі не можа быць утопіі, калі ўсе мірна жывуць і не спрачаюцца.
Настасся Нарбутоўскіх з 10 “В” (тая самая Насця) жыццё ў замкнёнай прасторы ацаніла па-даросламу. Паколькі на караблі звычайныя людзі будуць знаходзіцца круглыя суткі на працягу многіх гадоў у адной капсуле, яны могуць канфліктаваць. Рашэнне праблемы знайшлі ў забавах: капсула павінна змяшчаць бібліятэкі, кінатэатры, цэрквы і г.д.
Дзмітрый Балаш:
“Крытэрыі, якімі мы карысталіся для ацэнкі работ:
1. Унікальнасць. 2. Прыгажосць. 3. Даўгавечнасць. 4. Карыснасць. 5. Мера. 6. Дасягальнасць. 7. Разнастайнасць”.
Аб выжыванні карабля ў космасе расказаў навучэнец 10 “В” класа Сцяпан Субоцін. Ён з калегамі думаў над тым, як і дзе павінны размяшчацца рухавікі, каб яны не білі па частках карабля і каб уся канструкцыя працавала, адкуль браць энергію, як здабываць ваду з астэроіда і потым яе перапрацоўваць.
— Мы вырашылі, што спачатку на астэроід прылятаюць частка будаўнікоў, робаты і рэсурсы, неабходныя базе для пабудовы карабля, потым ужо даляцяць астатнія людзі на модулях, і ўсе састыкуюцца, — дзеліцца ідэяй Сцяпан.
Каланізацыя планеты
Ужо ашаломлены планамі ўдзельнікаў? Гэта не ўсё. У Юліі Накарнеевай і Аляксандра Сотнікава з 10 “А” класа быў асобны праект. Яны на платформе Unity з падтрымкай мовы праграмавання С# рабілі казуальную гульню SpaceZ.
— Ідэя такая: ёсць ракета, вы на ёй некуды леціце і выбіраеце планету для каланізацыі. На аснове вылічэнняў нашых калег з іншых каманд будзе вызначана, ці правільна чалавек выбраў планету. Гульня падыходзіць для платформы Android, — расказвае Юлія.
Каб зрабіць праект лепшым і прасоўваць яго, распрацоўшчыкам патрэбен дызайнер. Усё ж такі бясплатныя ўзоры з інтэрнэту не заменяць па якасці работы нават нявопытнага спецыяліста.
— Нам пашанцавала, у нас быў ментар — Усевалад Архіцкі. Ён накіроўваў, падказваў. Нават калі ёсць доступ да інтэрнэту, дасведчаны чалавек побач — гэта заўсёды лепш, — лічыць Аляксандр.
Звычайна на хакатоне ёсць пераможцы і тыя, хто да гэтага п’едэстала недацягнуў. На квіз-хакатоне ад такога падыходу адмовіліся. Тут перамаглі ўсе. Прычым хтосьці як генератар ідэй, хтосьці як выдатны мастак, а хтосьці як добры спікер. “Мы — космас” — гэта ўжо не проста назва хакатона, гэта жыццёвы дэвіз ліцэістаў. Цалкам апраўданы дэвіз.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва ліцэя БНТУ