Мы пішам пісьмы…

- 12:17Нам пішуць

З верасня 2017 года выхаванцы старшых груп і іх бацькі, педагогі дашкольнага цэнтра развіцця № 1 Ліды прымаюць актыўны ўдзел у міжнародным праекце “Планета дзяцінства”.

Унікальнасць праекта заключаецца ў тым, што выхаванцы знаёмяцца з культурай узаемаадносін праз паштовую перапіску. Для кагосьці папяровыя лісты — гэта незабытая сямейная традыцыя. А некаторыя з дзяцей ледзь не ўпершыню бачылі запячатаны канверт, адкрывалі яго, з цікавасцю знаёміліся з яго зместам. Пісьмы, якія мы атрымліваем, зразумелыя і блізкія нашым выхаванцам, бо іх пішуць, а дакладней малююць, робяць калажы, аплікацыі, трафарэты, такія ж дзеці з розных гарадоў і краін.

Нашы выхаванцы любяць разглядаць канверты з маляўнічымі маркамі, паштоўкі, малюнкі дзяцей, але больш за ўсё яны любяць адказваць на лісты. Ах, колькі радасці і бляску ў іх вачах можна ўбачыць, калі запячатваеш канверт з іх малюнкамі, каб адправіць дзецям у іншы горад і нават краіну, напрыклад, у Арменію!.. З якой цікаўнасцю дзеці разглядаюць карту свету і даведваюцца, як жа далёка паляціць іх пісьмо!
За час удзелу ў праекце мы адправілі лісты і атрымалі адказы з Арменіі, Растова-на-Доне, Пскова, Іркуцкай і Свярдлоўскай абласцей, Светлагорска, Пермскага краю, Гомельскай вобласці, Магілёва, Гродна. У сваіх лістах нашы выхаванцы расказваюць пра сябе і свае захапленні, аб сваім горадзе, яго славутасцях, прадпрыемствах і знакамітых земляках. Дапаўняюць лісты паштоўкамі, фотаздымкамі, малюнкамі і калажамі.

Такія зносіны дазваляюць пашырыць сацыяльны вопыт выхаванцаў, іх кругагляд, спрыяюць выхаванню талерантнасці, павагі да культуры і традыцый іншых народаў і краін. Але самае каштоўнае — эмоцыі, якія атрымліваюць дзеці дзякуючы лістам. Выдатна, што аўтар праекта намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна Наталля Скорб аб’яднала ўстановы дашкольнай адукацыі такім незвычайным інфармацыйным праектам, дзякуючы якому мы атрымалі цікавых, творчых, таленавітых сяброў.

Кацярына СУБОЦІНА,
Аксана ШАБОЦЬКА,
выхавальнікі ДЦРД № 1 Ліды.