Безумоўна, галаўным мозгам і каардынацыйным цэнтрам пераважнай большасці святочных мерапрыемстваў, прысвечаных сёлетняму юбілею Янкі Купалы, з’яўляецца Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Аднак, безумоўна, і тое, што, акрамя юбілейных, у музея заўсёды былі, ёсць і будуць таксама свае, так бы мовіць, хатнія справы — і руцінна-штодзённыя, і тыя, што робяцца з прыцэлам на блізкую ці далёкую перспектыву. Зрэшты, усё тут робіцца на перспектыву. Юбілей пройдзе, а музей застанецца. Але ў наступны юбілей Янкі Купалы, у 2017 годзе, Купалаўскі музей, несумненна, будзе ўжо зусім іншым — дзякуючы менавіта тым сваім хатнім і часцей нябачным чужому воку справам, якімі пражыве ўсе наступныя гады… Пра тое, чым жыве Купалавы дом сёння, чым жыў апошні час і што будзе заўтра, мы гутарым з дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Аленай ЛЯШКОВІЧ.
— Алена Раманаўна, наколькі помню, апошні раз мы з вамі гутарылі ў фармаце інтэрв’ю для газеты роўна пяць гадоў назад з нагоды 125-годдзя Янкі Купалы. Якімі яны былі для музея — гэтыя гады, што мінулі з таго часу?
— Гэта было вельмі напружанае і цікавае жыццё. Без перабольшання — менавіта такое. Бо цяжка было б знайсці тую сферу дзейнасці нашага музея, дзе за апошнія гады не адбыліся значныя зрухі і падзеі. Яны былі і ў тым, што тычыцца экспазіцыі, і ў нашай камунікатыўнай палітыцы, і ў сферы камплектавання фондаў, і ў выдавецкай дзейнасці, і ў выставачнай… Сапраўды, гэта так.
— Давайце тады па парадку. Ведаеце, нашу журналісцкую брацію ды, я думаю, усіх у першую чаргу заўсёды цікавіць: а што новага прыдбала музейная ўстанова за апошні час? Што яны там цяпер хаваюць у сваіх фондах?
— Ну, па-першае, мы нічога ні ад каго не хаваем, а, наадварот, рады паказаць усё новае і старое як мага большай колькасці людзей. І рады пахваліцца, калі да нас трапляюць каштоўныя рэчы. Камплектаванне музейных фондаў — гэта адна з асноўных задач музея. І нам вельмі прыемна, што за апошні час у нашых фондах з’явілася шмат цікавых рэчаў. Гаворка галоўным чынам пра рукапісы Янкі Купалы. Нам іншым разам здаецца, маўляў, усё, што магчыма, ужо сабрана і нічога больш нельга знайсці, а тым не менш шчаслівыя знаходкі здараюцца…
Так, яшчэ ў 2010 годзе да нас у фонды трапіла кніга Янкі Купалы “Под новым солнцем” з яго дароўным аўтографам Канстанцыі Буйло. Яны сустрэліся на VIII з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве, і Іван Дамінікавіч напісаў: “Мілай Косцы на ўспамін…”.
У тым жа 2010 годзе айцец Аляксандр Надсан ласкава перадаў нам копіі знакамітага купалаўскага “Кургана”, а таксама вершаў “Роднае слова”, “Хаўруснікам” і “Памяці Вінцука Марцінкевіча”, арыгіналы якіх знаходзяцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
Ну, і з самых апошніх шчаслівых паступленняў аўтографаў Янкі Купалы ў наш музей назаву наступныя: аўтограф на кнізе Янкі Купалы “Избранные стихи и поэмы 1906—1935” пад рэдакцыяй С.Гарадзецкага (“Дорогим и милым гостям в день моего юбилея М.Л. и А.С.Новиковым-Прибоям с искренней любовью Янка Купала Минск 11/ХІІ-35 г.”), аўтограф на зборніку вершаў Янкі Купалы “Песня будаўніцтву” (“На добрую память славному моряку автору “Цусимы” Новикову-Прибою Янка Купала Минск 11/ХІІ-35 г.”) і аўтограф на фотапартрэце Янкі Купалы, адрасаваны ўсё таму ж Новікаву-Прыбою (“Алексею Силичу Новикову-Прибою от сердца Янка Купала Минск 11/ХІІ-35 г.”). Прадбачу рэакцыю скептыкаў, маўляў, ну, божа мой, якая ўжо тут каштоўнасць — некалькі слоў, напісаных Купалам на сваёй кніжцы ці фотаздымку!.. Але я запярэчу, што, па-першае, гэта ўсё напісана рукою Янкі Купалы — нашага генія і класіка. А па-другое, нават невялікі аўтограф можа хаваць у сабе загадкі і нараджаць пэўныя цікавыя пытанні. Напрыклад, з аўтографа на кніжцы “Песня будаўніцтву” мы бачым, што Купала падпісаў яе Новікаву-Прыбою 11 снежня 1935 года. Але ж на тытуле самой кнігі мы бачым год выдання — 1936! Як такое магло быць? І вось тут мы можам толькі здагадвацца: або гэта быў сігнальны экзэмпляр кніжкі, або кніжку і сапраўды планавалася выдаць у 1936 годзе, але выдаўцы вырашылі паскорыць падзеі і выпусціць яе да 30-гадовага юбілею творчай дзейнасці песняра, які адзначаўся ў 1935 годзе, а год выдання на вокладцы памяняць забыліся? Як бачым, не ўсё так проста нават вось з такімі кароткімі “прывітаннямі” з гісторыі…
— Даруйце за такое прамалінейнае пытанне, але як яны, гэтыя аўтографы, адшукваюцца і здабываюцца сёння, калі мінула ўжо столькі часу?
— Па-рознаму. Скажам, кніжку “Под новым солнцем” з прысвячэннем Канстанцыі Буйло мы набылі ў прыватнага калекцыянера. А вось з набыццём аўтографаў, прысвечаных аўтару вядомай эпапеі “Цусіма” Аляксею Новікаву-Прыбою, наогул адбылася дастаткова нечаканая і цікавая гісторыя… Сёлета ў студзені яго дачка знаходзілася ў Беларусі, адпачывала тут у санаторыі і неяк завітала да нас у музей. Па экспазіцыі, знаёмілася, разглядала… А потым падчас гутаркі мы даведаліся, што ў яе на дачы захоўваецца архіў бацькі. Папраўдзе, мы асабліва не спадзяваліся, што там знойдзецца нешта каштоўнае для нас, але ўсё-такі настойліва папрасілі яе паглядзець: а раптам там ёсць нейкія Купалавы сляды, ну хоць паштоўка якая з подпісам ці што іншае… І якая ж была наша радасць, калі ў красавіку мы атрымалі бандэроль з Расіі, а там — ужо згаданыя вышэй аўтографы Янкі Купалы! Але і гэта яшчэ не ўсё! Разам з трыма аўтографамі паэта мы атрымалі тады два аўтографы Якуба Коласа, прысвечаныя Новікаву-Прыбою: адзін на фотаздымку з датай подпісу 17 лютага 1936 года і другі на першым томе яго “Выбраных твораў”. Няцяжка здагадацца, калі і пры якіх абставінах рабіў гэтыя подпісы Якуб Колас. Справа ў тым, што якраз з 10 па 16 лютага 1936 года ў Мінску праходзіў ІІІ пленум Саюза пісьменнікаў СССР, і, мабыць, на наступны дзень пасля заканчэння пленума адбылася сяброўская сустрэча з абменам кнігамі… Ведаеце, чаму яшчэ я гавару пра ўсё гэта з такім захапленнем? Бо вось такія неспадзяваныя падарункі музею якраз і дазваляюць нам спадзявацца на тое, што ўсё-такі яшчэ можна многае знайсці. І гэта падказка нам, музейшчыкам: трэба больш працаваць з нашчадкамі тых пісьменнікаў і наогул тых людзей, з якімі сябравалі або проста мелі творчыя стасункі нашы класікі пры жыцці…
— Колькі ж сёння рукапісаў Янкі Купалы ў музеі?
— Ну вось да красавіцкага падарунка ад дачкі Новікава-Прыбоя было 559. Цяпер — 662.
— Гэта многа ці мала?
— Я думаю, знайшлося б вельмі мала музеяў класікаў нацыянальнай літаратуры, якія маглі б пахваліцца такім набыткам, і ў нас, і наогул у свеце. Прычым наша калекцыя рукапісаў асабліва каштоўная сваёй цэльнасцю. Мы заховаўем менавіта не асобныя фрагменты, а рукапісную спадчыну Купалы ў цэлым — ад першых яго вершаў з паметкай “Пісаў Іван Луцэвіч у 1906 годзе” да апошніх рукапісаў песняра. У пэўным сэнсе гэтая калекцыя — узор творчай лабараторыі класіка.
— Алена Раманаўна, давайце цяпер пагаворым яшчэ пра адно вельмі важнае пытанне — новую экспазіцыю музея… Запытаю зноў наўпрост: што, дзе, калі?
— Пачну, напэўна, з таго, што існуючая экспазіцыя нашага музея не страціла сваёй навуковай вартасці і па сённяшні час. Больш за тое, яе можна было б назваць узорам класічнай музейнай экспазіцыі. Але, але, але… Ідзе час: з’яўляюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія ў сваю чаргу нараджаюць новыя музейныя тэхналогіі, з’яўляюцца новыя мастацкія канцэпцыі, якія ў сваю чаргу ўплываюць на падыходы ў мастацкай арганізацыі музейнай прасторы… Не заўважыць усяго гэтага азначала б жыць учарашнім днём. І таму, нягледзячы на ўсе вартасці экспазіцыі, створанай у 1976 годзе, мы павінны глядзець наперад і ісці наперад. Апошнія два гады мы працавалі над стварэннем новай канцэпцыі экспазіцыі нашага музея. На сёння гэтая канцэпцыя цалкам распрацавана для ўсёй музейнай плошчы. І напрыканцы ліпеня мы адкрыем першую чаргу экспазіцыі — тры залы, якія распавядуць наведвальніку пра Янку Купалу ад яго нараджэння да пачатку 10-х гадоў мінулага стагоддзя. У творчым вымярэнні гэта перыяд ад першых польскамоўных вершаў 1902 года да першых трох паўнацэнных зборнікаў “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910) і “Шляхам жыцця” (1913).
Калі ж гаварыць наогул пра тыя прынцыповыя навацыі, якія знойдуць сваё адлюстраванне ў экспазіцыі ў цэлым (і ў тых трох першых залах, якія адкрыюцца неўзабаве, і ў астатніх, якія, спадзяюся, паўстануць да канца наступнага года), то я вылучыла б наступныя моманты.
Па-першае, мы пакажам гісторыю роду Луцэвічаў: ад першага згаданага ў пісьмовых крыніцах продка Янкі Купалы — Станіслава (ХVII стагоддзе) да дзеда Янкі Купалы Ануфрыя Луцэвіча, які змагаўся за аднаўленне сваіх шляхецкіх прывілеяў, да бацькі Дамініка Ануфрыевіча і да самога паэта. Падрабязна прасачыць род Луцэвічаў на працягу стагоддзяў нам дазволілі дакументы, знойдзеныя ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, абласным архіве Гродна і іншых архіўных установах.
Па-другое, мы не абмінём і свята Купалле, зважаючы на тое, якую ролю адыграла яно ў жыццёвым і творчым лёсе паэта (дата нараджэння, псеўданім, тэматыка многіх твораў і г.д.). І вось тут знойдзе месца адна з самых прыцягальных фішак новай экспазіцыі: гэтае свята мы збіраемся паказаць праз мультымедыйныя тэхналогіі. У кожнага наведвальніка будзе магчымасць з дапамогай 3D-акуляраў віртуальна папрысутнічаць на Купаллі: паспяваць разам з дзяўчатамі купальскія песні, запусціць вянкі, паскакаць разам з “купальскай” моладдзю праз агонь, патанчыць, пашукаць папараць-кветку… Спецыяльна для гэтага мы стварылі відэа з запісамі аўтэнтычнага святкавання Купалля ў Акцябрскім раёне і ў мясцінах побач з Ракавым.
Па-трэцяе, мы значна больш увагі, чым гэта было ў старой экспазіцыі, удзяляем мінскаму перыяду жыцця паэта, вылучыўшы для гэтага асобную залу. Тут мы пакажам Янку Купалу не толькі і не столькі як паэта, прарока, класіка (тое, пра што мы звычайна гаворым у сувязі з яго імем), а найперш як гараджаніна, гаспадара гасціннага “дома пад таполяй”, як называлі той дом, дзе жыў Іван Дамінікавіч разам з Уладзіславай Францаўнай у Мінску. З успамінаў пісьменнікаў і розных дакументаў вынікае, што Купала з жонкай прымалі сваіх частых гасцей вельмі гасцінна і шчодра. Гэта быў сапраўды той дом, дзе цябе сустрэнуць, прывецяць, накормяць — з усёй душой. І гэта, між іншым, таксама Купала. Мы хочам, каб пра гэта ведалі нашы наведвальнікі.
Па-чацвёртае, калі ўжо гаварыць пра асаблівасці творчасці паэта, мы нагадаем у новай экспазіцыі, а камусьці, магчыма, упершыню раскажам пра тое, што першым у новай беларускай літаратуры пісаў санеты менавіта Янка Купала, а не Максім Багдановіч, як многія лічаць і цяпер. 22 польскамоўныя санеты Янкі Купалы — гэта таксама плён яго творчасці, і немалаважны плён, калі зважаць, што малады паэт імкнуўся асвоіць класічныя еўрапейскія формы верша.
Па-пятае, мы падрабязна закранем такую цікавую тэму, як гісторыя самога музея Янкі Купалы, і тут, безумоўна, у цэнтры ўвагі будзе асоба Уладзіславы Францаўны, якая прыклала ўсе магчымыя намаганні, каб паўстаў годны музей паэта: сама ездзіла па ўсім Савецкім Саюзе, збірала рукапісы, дакументы, сама заключала дамовы з мастакамі і г.д. Мы пакажам, што Уладзіслава Францаўна была не проста жонкай першага народнага паэта Беларусі, але і асобай у культуры Беларусі. Пра гэта таксама трэба памятаць.
Па-шостае, мы раскажам у новай экспазіцыі і пра гісторыю купалазнаўства, у тым ліку і ў беларускай эміграцыі, — тое, што ў папярэдняй музейнай экспазіціы наогул не прысутнічала ніякім чынам. Па сутнасці, перад наведвальнікамі раскрыецца ўся гісторыя купалазнаўства ў рэтраспектыве: ад рэцэнзіі Уладзіміра Самойлы на “Жалейку” да найноўшых выданняў (поўнага збору твораў Янкі Купалы ў 9 тамах і 10 кнігах, зборніка архіўных дакументаў “Купала і Колас, вы нас гадавалі”, каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, матэрыялаў міжнародных Купалаўскіх чытанняў і інш.).
Я магла б яшчэ доўга расказваць пра асаблівасці новай экспазіцыі, але пакуль зраблю паўзу: ужо не так і многа часу засталося да таго моманту, калі яе ўсім можна будзе пабачыць на свае вочы. Адзінае хіба дадам, праўда, не ведаю, у якім выглядзе канчаткова рэалізуецца гэтая тэма, але ў новай экспазіцыі яна абавязкова прагучыць — верш “Хлопчык і лётчык”. Наш конкурс чытальнікаў адназначна паказаў, што гэта самы вядомы верш паэта ў свядомасці нашых дзяцей. Пераважная большасць школьнікаў чыталі менавіта яго. Мы яшчэ добра падумаем над тым, у якім кантэксце і якім чынам закрануць гэтую тэму (магчыма, праз нейкія інтэрактыўныя моманты ці, зноў жа, праз паказ нейкіх 3D-фільмаў аб гісторыі беларускай авіяцыі). Ва ўсякім выпадку пакуль бясспрэчна адно: гэтая тэма бяспройгрышная.
— Ці будуць аднаўляцца (мадэрнізавацца, мяняцца, рэінкарнавацца) экспазіцыі ў філіялах музея? Наколькі ведаю, істотныя змены адбыліся ўжо ў экспазіцыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”…
— Так. І Вязынка — гэта толькі, калі можна так сказаць, першая ластаўка. Справа ў тым, што доўгі час нашы экспазіцыі ў філіялах былі шмат у чым аднатыпныя: паказвалі ўвесь жыццёвы і творчы шлях паэта ад нараджэння да смерці. Гэта не зусім правільна, бо наведвальніку, які быў, напрыклад, у Акопах, ужо не надта будзе цікава ў Ляўках ці Яхімоўшчыне. Філіялы не павінны дубліраваць адзін аднаго. Яны павінны расказваць найперш пра той перыяд у жыцці і творчасці паэта, які звязаны з той ці іншай мясцінай. І тады, дарэчы, філіялы будуць выконваць функцыю адмысловых стымулаў для далейшага знаёмства з асобай творцы, своеасаблівых прыступак у гэтым знаёмстве. Быў у Вязынцы? Ага, цікава! А што ж там у Акопах, у Ляўках? Таму мы і вырашылі пайсці менавіта па такім шляху — мадэрнізацыі нашых экспазіцый і прыстасаванні іх менавіта да асаблівасцей жыцця і творчасці паэта ў пэўным месцы і ў пэўны час. А пачалі, вядома ж, з Вязынкі — месца нараджэння чалавека Яся Луцэвіча і паэта Янкі Купалы. Мадэрнізаваная экспазіцыя (аўтар навуковай канцэпцыі — наш старшы навуковы супрацоўнік Марыля Барткова, аўтар мастацкай канцэпцыі — мастак Генадзь Чысты) цяпер ахоплівае перыяд ад 7 ліпеня 1882 года да пачатку ХХ стагоддзя і асобна акцэнтуе1925 год, калі Янку Купалу ўпершыню ў гісторыі беларускай літаратуры было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. Адпаведна там распавядаецца пра гісторыю таго дома, дзе нарадзіўся Ясь Луцэвіч, пра дзяцінства Яся, пра яго захапленне фальклорам (падрабязна прадстаўлена купальская тэматыка), пра тое, чаму ён узяў псеўданім Янка Купала і г.д. Ужо ў наступным годзе мы плануем зрабіць капітальны рамонт у Ляўках і, вядома ж, таксама пераробім там экспазіцыю 1978 года, якая маральна састарэла. Паступова дойдзем і да Акопаў (творчай калыскі паэта), і да Яхімоўшчыны… Кожны філіял з цягам часу абавязкова набудзе свой адметны твар.
— Калі ласка, цяпер некалькі слоў пра выставачную дзейнасць музея…
— Усе апошнія гады мы вельмі актыўна развівалі гэты кірунак, асабліва што тычыцца міжнародных выставачных праектаў. Нашым музеем былі заключаны цэлы шэраг дамоў з калегамі з Расіі, Літвы, Латвіі. Гэта і Нацыянальны музей Рэспублікі Татарстан (філіялам яго з’яўляецца музей Янкі Купалы ў сяле Пячышчы), і Літаратурны музей Аляксандра Пушкіна ў Вільнюсе, і Музей тэатра, музыкі і кіно Літвы, і Дзяржаўны музей Пушкіна ў Маскве, і Шаўляйскі музей “Аўшрос”… Як вынік: там з поспехам праходзілі нашы выставы, а ў сваю чаргу экспазіцыі з многіх з гэтых музеяў прыязджалі да нас. Сёлета выстава “Янка Купала і Якуб Колас — беларускія песняры” прайшла ў Пушкінскім мемарыяльным запаведніку “Міхайлаўскае”. Па лініі дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой экспазіцыі нашага музея дэманстраваліся ў Балгарыі, Латвіі, Арменіі, Польшчы, зараз рыхтуецца выстава ў Аўстрыі.
Асабліва хацелася б адзначыць выставу, якая праходзіла ў нас год назад, але ўжо была прысвечана 130-гадоваму юбілею Янкі Купалы, — выставу дзіцячага малюнка “Дзеці Дона малююць Беларусь”. Аўтарамі малюнкаў былі ўдзельнікі дзіцячай мастацкай студыі ў Растове, якой кіруе тамтэйшы беларус Уладзімір Банцэвіч. Перад тым як даць дзецям заданне, ён шмат расказваў ім пра Купалу і Беларусь. Чытаў ім вершы нашага паэта, паказваў ім творы нашых вядомых графікаў паводле творчасці народнага песняра. Вынік атрымаўся проста дзівосны! Ніколі не бачыўшы Беларусь у рэальнасці, яны намалявалі такую жывую і яркую краіну! І, як расказваў нам потым Уладзімір, многія дзеці прызнаваліся, што вельмі хацелі б у нас пабываць. Яны падарылі нам свае малюнкі, і 7 ліпеня выстава “Дзеці Дона малююць Беларусь” будзе экспанавацца ў Вязынцы на рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”.
— У пачатку нашай гутаркі вы сказалі пра тое, што істотныя зрухі за апошнія гады адбыліся і ў камунікатыўнай палітыцы музея. Што вы мелі на ўвазе?
— Каб мяне не зразумелі няправільна, я адразу хацела б сказаць, што мы па-ранейшаму вельмі шчыльна працуем са школамі, прычым не толькі сталічнымі, але і з усёй Беларусі. Школьнікі і настаўнікі — гэты асноўны наш кантынгент як быў, так і ёсць. І мы, здаецца, робім усё магчымае, каб іх зацікавіць.
Стараемся зацікавіць і сям’ю. Дастаткова згадаць хоць бы такі культурна-адукацыйны праект, як “Музейныя хованкі” (5 музеяў за 5 дзён). Гэты праект ахопліваў пяць літаратурных музеяў сталіцы, наш музей выступаў каардынатарам праекта. А яшчэ ў нас распрацавана інтэрактыўная гульня-падарожжа “У пошуках папараць-кветкі”, разлічаная на ўсе ўзроставыя катэгорыі, пачынаючы ад першаклашак да зусім сталых людзей. Дарэчы, дарослыя гуляюць у яе, магчыма, нават з большым імпэтам, чым дзеці!
А што я мела на ўвазе, гаворачы пра зрухі ў камунікатыўнай палітыцы музея, дык гэта тое, што мы сталі надаваць прыкметна больш увагі рабоце з маладзёжнай аўдыторыяй. Пачыналі з таленавітай моладзі (у нас існуюць дзве музейныя суполкі — клуб маладых паэтаў “Літаратурнае прадмесце” і музычны клуб “Спроба актавы”), прадастаўлялі ім пляцоўку для паэтычных выступленняў, музычных імпрэз. Гэта ж не так і лёгка сёння: маладым творцам знайсці такую бясплатную пляцоўку. І, ведаеце, атрымалася так, што гэтыя маладыя людзі сталі для нас сапраўднымі сябрамі і памочнікамі ва ўсіх нашых справах — ці гэта Ноч музеяў, ці тое ж свята ў Вязынцы. Адным словам, яны нашы валанцёры. І іх становіцца ўсё больш і больш. Я вельмі рада, што да нас пацягнулася моладзь…
— Зусім нядаўна прайшлі Х Міжнародныя Купалаўскія чытанні “Янка Купала. Дыялог з ХХІ стагоддзем”. Наколькі плённымі вы лічыце іх вынікі? Якія паведамленні найбольш зацікавілі асабіста вас?
— Міжнародныя Купалаўскія чытанні праходзяць у нас, здаецца, заўсёды вельмі плённа і на высокім узроўні. І сёлетнія, юбілейныя, безумоўна, не былі выключэннем. Як заўсёды парадавалі выступленні нашых слынных купалазнаўцаў: доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэорыі літаратуры БДУ, старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслава Рагойшы, доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры славянскіх літаратур БДУ Івана Чароты і многіх іншых. Мікола Трус, які вось ужо колькі гадоў рупліва даследуе тэму “Янка Купала і Славакія”, зноў агучыў вельмі цікавыя факты і ўласныя назіранні.
Нам, музейшчыкам, безумоўна, было надзвычай утульна на нашай адмысловай секцыі “Ушанаванне памяці песняра музейнымі сродкамі”.
Ну, а калі ўжо вылучаць нейкі адзін даклад-адкрыццё, то назаву, мабыць, выступленне доктара гуманітарных навук прафесара кафедры беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку Гелены Глагоўскай на тэму “Стэфан Казубоўскі — мінскі доктар Янкі Купалы”. Гаворка ідзе пра 1920 год, калі Купала моцна хварэў і яго лячыў Казубоўскі… Гелена Глагоўская адшукала нашчадкаў таго доктара ў Польшчы, запісала ўспаміны пра яго, паказвала фотаздымкі яго сям’і. Ну, гэта проста тое, чаго мы зусім не ведалі да гэтага часу. Таму яно і было так цікава.
— Алена Раманаўна, напрыканцы дазвольце задаць вам некалькі зусім просценькіх кароценькіх пытанняў, але якія, асабліва напярэдадні юбілею, мне здаецца, маюць сэнс. Гэта будзе такое адмысловае бліц-апытанне. Можаце (і нават пажадана) адказваць вельмі коратка. Такім чынам, у чым, на вашу думку, геніяльнасць Янкі Купалы?
— Ну і бліц-пытанне! І як тут адкажаш коратка? Аднак жа, паспрабую. У тым, што якую старонку яго “Выбранага” ні разгорнеш, усюды натрапіш на які-небудзь верш ці хаця б адзін радок, які гучыць актуальна і сёння (у мяне заўсёды на рабочым стале ляжыць “Выбранае” Купалы.)
— А ў чым актуальнасць творчасці Купалы?
— У тым, ЯК ён гаварыў пра любоў да Бацькаўшчыны. Не пафасна і не слёзна. Шчыра. Так, як сёння мала хто ўмее гаварыць. Прычым такім быў Купала не толькі ў вершах, але і ў драматургіі, і ў публіцыстыцы.
— З якой постаццю ў сусветнай літаратуры можна параўнаць Янку Купалу?
— Буду неарыгінальнай, калі назаву Пушкіна ці Міцкевіча. Таму мой адказ: Дантэ.
— Назавіце, калі ласка, тры самыя значныя творы Янкі Купалы, на ваш погляд?
— “Мая малітва” (прычым адразу два вершы з аднолькавай назвай), “Прарок” і “Тутэйшыя”. Як бонус — “Бандароўна”, якую люблю з дзяцінства.
— У чым самая вялікая загадка Янкі Купалы?
— У нас у музеі ёсць адсканіраваныя копіі ўсіх яго фотаздымкаў, і сярод іх толькі два, дзе ён усміхаецца — не смяецца, а менавіта ўсміхаецца сумнай такой усмешкай. У гэтай усмешцы — загадка. У тым болі, які яна павінна была схаваць, але не здолела.
— З якім горадам (мясцінай) найперш вы звязваеце яго асобу?
— З Вільняй.
— Ваш любімы адзін-адзіны радок Купалы?
— “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”.
— Вялікі вам дзякуй за гутарку. З юбілеем Янкі Купалы! Поспехаў вам у вашай дзейнасці, Алена Раманаўна!
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
gilevitch@ng-press.by
Фота аўтара і з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.