Тыдзень, прымеркаваны да Дня талерантнасці і Дня інвалідаў, прайшоў у Казлоўшчынскай сярэдняй школе. Да правядзення яго актыўна далучыліся і вучні, і педагогі.
Настаўнікамі былі распрацаваны і праведзены класныя гадзіны, урокі дабрыні, гутаркі, трэнінгі, дыскусіі, абмеркаванні фільмаў. Вучні пачатковай школы прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Падзяліся дабрынёю свайго сэрца”.
Вучні 1 “А” класа сустрэліся са сваім аднакласнікам Валянцінам Бажком, які атрымлівае адукацыю дома. Кожны прынёс у гэты дзень з сабой падарунак, каб парадаваць ім Валянціна.
Класнымі кіраўнікамі 5—7 класаў былі праведзены заняткі “Талерантнасць і мы”. Вучні паказалі выдатнае разуменне гэтага слова, выказалі прыклады талерантнасці і інталерантнасці са свайго жыцця. Прымусіў задумацца і зазірнуць у сябе псіхалагічны дыспут “Вучымся быць памяркоўнымі”, праведзены для вучняў 9 класаў.
Ва ўстанове адукацыі была арганізавана акцыя “Падары радасць іншаму”, падчас якой вучні і педагогі сабралі падарункі для дзяцей-інвалідаў.
Падчас правядзення тыдня ўзнікла ідэя аформіць фотаальбом па выніках работы, у якім кожны клас на адведзеных старонках размясціў не толькі фотаздымкі, але і свае ўражанні ад мерапрыемстваў. Асобнае месца ў альбоме заняла старонка “Спіс добрых спраў”.
Ганна ГАРОДКА,
настаўнік-дэфектолаг Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.