Мы — розныя, мы — разам

- 9:19Навіны рэгіёнаў, Рознае

Вучоныя, педагогі, навучэнцы, студэнты больш чым з 30 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Швецыі, Германіі, Кітая, а таксама прадстаўнікі пасольстваў Расіі, ЗША і Венесуэлы прынялі ўдзел у ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнцкай моладзі “Дыялог моў і культур у ХХІ стагоддзі”, якая адбылася ў гімназіі № 2 Віцебска.

Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступілі гімназія № 2 Віцебска, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, гарадскія і раённыя органы кіравання адукацыяй, адміністрацыя Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра і Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава.
У рамках канферэнцыі была арганізавана работа секцый “Лінгвістыка (замежныя мовы)”, “Лінгвістыка (руская і беларуская мовы)”, “Руская і беларуская літаратуры, гісторыя”, “Краіназнаўства”, “Замежная літаратура”. Да абмеркавання быў прапанаваны шэраг пытанняў, сярод якіх “Уплыў моў на фарміраванне палітычнай культуры”, “Аб дзяржаўнай праграме Расійскай Федэрацыі па падтрымцы суайчыннікаў за мяжой”, “Месца гуманітарнай адукацыі ў жыцці чалавека”, “Роля Інстытута Гётэ ў папулярызацыі нямецкай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”, “Спадчына Уга Чавеса для народа Венесуэлы”. Акрамя таго, праграма форуму прадугледжвала круглыя сталы і экскурсіі па Віцебску, паядынкі знатакоў, пасяджэнні міжнароднага дыскусійнага клуба “Дэбаты” ў форме дзелавой гульні “Мадэль ААН” паміж камандамі гімназіі № 2 і іх гасцей з горада Мёльбэ (Швецыя). Дарэчы, павышэнне лінгвістычнай кампетэнцыі навучэнцаў праз міжшкольныя абмены з замежнымі гімназіямі-партнёрамі, супрацоўніцтва з факультэтам міжнародных адносін БДУ і філалагічным факультэтам ВДУ імя П.М.Машэрава, зносіны з носьбітамі замежнай мовы ў гімназіі № 2 лічаць адным з найважнейшых вектараў развіцця.
— У рамках міжшкольных абменаў нашы дзеці наведалі Hylands School (Чэлмсфард, Вялікабрытанія). Наладжана ўзаемадзеянне з Farmington High School (штат Місуры, ЗША), ліцэем “Еўропа” горада Сарагоса (Іспанія), навучальнымі ўстановамі гарадоў Зялёна Гура і Лагаў (Польшча). Практыкуюцца абмены з гімназіямі гарадоў Мёльбэ (Швецыя) і Нінбург (Германія), — расказаў дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. — Работа ў азначаным напрамку пастаянна працягваецца. Безумоўна, актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва садзейнічае і наша канферэнцыя (яна другая па ліку, першая прайшла ў сакавіку 2012 года): напрыклад, выступаючы перад удзельнікамі форуму, саветнік Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Марыя Антонія Кабэса Авіла выказала спадзяванне, што ў хуткім часе ў нашай гімназіі з’явяцца сябры ў адной з гімназій Венесуэлы.
— Усім вядомыя крылатыя словы, што людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць. Мне давялося сустрэцца з людзьмі, якія не проста чытаюць, а супастаўляюць, аналізуюць, думаюць крэатыўна, — падзялілася ўражаннямі ад канферэнцыі выкладчык рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Віцебска Ірына Шалуха. — З імі было лёгка, прыемна, камфортна кантактаваць, і менавіта дзеля такіх людзей хочацца працаваць і жыць. Асобна адзначу ўдзельнікаў з ВДУ імя П.М.Машэрава: вялікім гонарам для педагагічных калектываў і шчасцем для навучэнцаў будзе, калі да іх прыйдуць гэтыя настаўнікі: сваёй бясконца пазітыўнай энергетыкай і шчырай любоўю да літаратуры яны здольныя захапіць кожнага!

 

Падрыхтавала Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.