“Мы ў мастацтве…”

- 14:44Нам пішуць

Мастацтва заўсёды натхняла чалавека на стварэнне прыгожага, кранальнага, эмацыянальна-пачуццёвага.

Напрыканцы лістапада яно неспадзявана завітала ў госці да вучняў і настаўнікаў пачатковых класаў Азярэцкай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці — на тэматычны тыдзень “Мы ў мастацтве…”.

Штодня, з 20 па 24 лістапада, дзеці і дарослыя знаходзіліся ў віры творчых спраў, мерапрыемстваў, адкрыццяў. Балазе, гэтаму спрыяў і сам дэвіз тэматычнага тыдня “Я хачу, я магу, я ўмею”, які задаваў пазітыўны, бадзёры настрой.

У панядзелак — дзень дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — вучні пачатковых класаў праз відэапрэзентацыю, якую дэманстравала настаўніца 3 класа С.М.Баран, даведаліся шмат новага пра розныя віды мастацтва. У вершаванай форме дзеці цікава расказалі пра свой клас. А яшчэ разам з педагогамі сталі стваральнікамі стракатых калажаў “Поры года”.

У аўторак — дзень музыкі — настаўніца 4 класа А.І.Шынкевіч запрасіла пачаткоўцаў на майстар-клас “До-мі-солька”, падчас якога яны спявалі любімыя песні, ад душы танцавалі і весяліліся.

Запамінальнай атрымалася і серада — дзень маляванкі. Настаўніца 1 класа В.Т.Мамошына праводзіла з хлопчыкамі і дзяўчынкамі майстар-клас “Умелыя ручкі”, на якім вучні 1—4 класаў вучыліся маляваць у пальчыкавай тэхніцы. Шматлікія работы сталі асновай для вялікай выставы.

Чацвер — дзень тэатра і кіно — запрасіў дзяцей і дарослых у школьную кіназалу на прагляд кароткаметражнага дзіцячага кінафільма, а пасля — на займальнае шоу “Тэатральны мікс”, якое праводзіла настаўніца 2 класа Г.А.Грыгаровіч.

Пятніца — дзень літаратуры — стала заключным этапам у межах тыдня пачатковых класаў “Мы ў мастацтве…”. Пасля ўрокаў хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі на памяць вершы беларускіх аўтараў і самі па прапанаваных настаўнікамі рыфмах спрабавалі ствараць вершы.

…Стракатая палітра мерапрыемстваў тыдня пачатковых класаў падарыла яго ўдзельнікам і арганізатарам шмат прыемных хвілін, натхніла на сумесную творчую дзейнасць.

Людміла ШЫРЫНАВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Азярэцкай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.