Мы выбіраем здароўе

- 15:20Нам пішуць

“Хочам, каб стала модным здаровым быць і свабодным” — менавіта пад такім дэвізам 15 лістапада ў Гарадзечанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці адбылося інфармацыйна-прафілактычнае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 8—10 класаў, першы сакратар РК ГА БРСМ Вольга Шнігір, а таксама група па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Навагрудскага РАУС у складзе Дзяніса Рахоўскага і Аляксандра Расюкевіча.

“Здароўе чалавека — гэта галоўная каштоўнасць у жыцці. Яго не купіць ні за якія грошы! Будучы хворым, вы не зможаце ўвасобіць у жыццё свае мары, не зможаце аддаць свае сілы на пераадоленне жыццёвых задач, не зможаце цалкам рэалізавацца ў сучасным свеце”, — так лічаць навучэнцы нашай установы адукацыі. Імі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне матывацыі да здаровага ладу жыцця, свядомай адмовы ад шкодных звычак і залежнасцей, якія спрыяюць развіццю розных захворванняў. І гэты выпадак — не выключэнне.

Інфармацыйна-прафілактычнае мерапрыемства пачалося з выступлення В.П.Шнігір. Яна прапанавала прысутным адказаць на шэраг пытанняў па значэнні здаровага ладу жыцця ў нашым жыцці. Прыемна было пачуць цікавыя і разгорнутыя думкі навучэнцаў, паўдзельнічаць у жывой дыскусіі.

Затым намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.А.Гаўрыльчук паведаміла аб праблеме наркаманіі ў нашай краіне і свеце ў цэлым, азнаёміла ўсіх прысутных са статыстыкай Сусветнай асацыяцыі аховы здароўя, а таксама з мерапрыемствамі, накіраванымі на прафілактыку наркаманіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Госці мерапрыемства прапанавалі навучэнцам паўдзельнічаць у відэакруізе “Журналісцкае расследаванне: штучнае шчасце”, вырасціць “дрэва здароўя”, якое папоўніцца персанальнымі рэцэптамі здароўя і формуламі здаровага ладу жыцця. Прыемна адзначыць, што 8 навучэнцаў 8—9 класаў сталі сапраўднымі ўдзельнікамі антынаркатычнага руху раёна — яны атрымалі пасведчанні членаў антынаркатычнага атрада, падпісаныя старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі Навагрудскага РАУС. У сваю чаргу навучэнцы паабяцалі актыўна працаваць у гэтым напрамку, кожны дзень гаварыць здароўю “так”, а ўсяму, што яму супрацьстаіць, — цвёрдае “не”. Пасля праведзенай работы ўзнікла надзея на тое, што вясной у рамках акцыі “Місія — жыць!” членаў антынаркатычнага атрада стане больш.

Завяршэннем ўсяго гэтага стаў конкурс “Мы выбіраем здароўе”, дзе была створана калектыўная скульптура, якая адлюстравала здаровы лад жыцця, і конкурс на лепшае сэлфі “Наша школа супраць наркотыкаў”.

Алёна ГАЎРЫЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.