Мяняць жыццё вучняў да лепшага

- 10:29Людзі адукацыі

“Восем гадоў працую ў школе і ніколі не шкадаваў пра свой прафесійны выбар, — гаворыць настаўнік фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 16 Оршы Леанід Мікалаевіч Фамін. — Збіраўся стаць інжынерам, але сястра параіла: “Ідзі ў настаўнікі — у цябе атрымаецца”. Канчатковае рашэнне прыняў пад уплывам сваіх педагогаў гімназіі № 1 Оршы, якую скончыў у 2007 годзе. Іх любоў да прафесіі, уменне мяняць жыццё вучняў да лепшага натхнялі”. 

У 2012 годзе Леанід Фамін атрымаў дыплом настаўніка фізікі і інфарматыкі МДУ імя А.А.Куляшова. Працаваць пачаў яшчэ на 5-м курсе.

“Вялікі дзякуй за той давер, што мне аказалі ў Каменналаўскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна, куды я трапіў па размеркаванні пасля ўніверсітэта, — гаворыць Леа­нід Фамін. — Ездзіў на работу штодня за 20 кі­ламетраў ад Магілёва на цягніку. Тым не менш успамінаю гэты час з удзячнасцю і павагай да сваіх калег, перш за ўсё, дырэктара школы Наталлі Мікалаеўны Ганчаровай, і да сваіх першых вучняў”. Леанід Мікалаевіч лічыць, што па жыцці яму вельмі шанцуе на добрых людзей. Вярнуўшыся на сваю малую радзіму, у Оршу, ён адразу ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 16. Дырэктар Галіна Якаўлеўна Кабешава прыняла маладога педагога ў сярэдзіне навучальнага года.

“Свой аўтарытэт настаўнік зарабляе не толькі веданнем прадмета, які выкладае, але і асабістым пазітыўным прыкладам, які многаму можа навучыць дзяцей, — лічыць Леанід Мікалаевіч. — Толькі ў атмасферы даверу і шчырай размовы са школьнікамі на самыя розныя тэмы педагог здольны абудзіць у іх цікавасць да прадмета і да вучобы ў цэлым. Магу падзяліцца з дзецьмі цікавай гісторыяй са свайго жыцця, прывесці факты з біяграфіі вялікіх людзей. Люблю, напрыклад, расказваць пра вялікага англійскага фізіка сэра Ісаака Ньютана — рознабаковую асобу, дысцыплінаванага і моцнага чалавека”.

Што тычыцца выкладання фізікі, Леанід Фамін лічыць, што кожны вучань павінен спачатку засвоіць базавыя паняцці гэтай навукі, навучыцца рашаць задачы. А для гэтага трэба шмат працаваць з літаратурай, старанна весці канспекты. Акуратнасць і дысцыплінаванасць пры гэтым — неад’емныя якасці вучня. Фізіка — цяжкая навука. Не ўсе школьнікі разумеюць яе. Сваю задачу Леанід Мікалаевіч бачыць у тым, каб кожны вучань пасля ўрока выходзіў з класа з адчуваннем таго, што ён, па меншай меры, паспрабаваў зразумець тэму, якую тлумачыў настаўнік. Фізіка — навука аб жыцці. Задача педагога — данесці да вучняў бясконцае мноства важных пытанняў: ад самых простых, напрыклад, чаму целы рухаюцца, — да пытанняў з разраду аб квантавых уласцівасцях матэрыі, што ўвогуле немагчыма ні адчуць, ні ўбачыць. Ёсць лабараторныя работы па фізіцы, якія цалкам даступныя вучням, а ёсць эксперыменты, якія нельга зрабіць уручную, іх даводзіцца мадэляваць з дапамогай камп’ютарных праграм або вывучаць па відэароліках у інтэрнэце.

Каб дзеці не страчвалі цікавасць да прадмета, каб вырашалі пастаўленыя перад сабой задачы, Л.М.Фамін выкарыстоўвае адукацыйныя тэхналогіі:  праектную і даследчую дзейнасць, інфармацыйна-камунікацыйныя, асобасна-арыентаваныя, фізкультурна-аздараўленчыя і карэкцыйныя тэхналогіі, ТРВЗ і інш. Прапаноўвае работу ў парах, групах, самастойную работу. Практыкуе фізічныя дыктоўкі, накшталт слоўнікавых моўных дыктовак. Толькі пры гэтым правярае веданне формул, без якіх немагчыма ра­шаць задачы па фізіцы. Шукае міжпрадметныя сувязі. У знакамітым творы “Аліса ў краіне цудаў” ёсць момант, калі галоўная гераіня бясконца падае. Гэты прыклад настаўнік прыво­дзіць, калі расказвае пра паскарэнне свабоднага падзення.

“Задаволенасць педагагічнай дзейнасцю адчуваю, калі бачу штодня зацікаўленыя вочы дзяцей, калі яны добра здаюць ЦТ па фізіцы і паступаюць ва ўніверсітэты, — адзначае Леанід Мікалаевіч. — Як правіла, гэта самыя апантаныя вучні, якія займаюцца ў профільным фізіка-матэматычным класе. Ганаруся вучнямі, якія кожны год з поспехам прымаюць удзел у алімпіядах па фізіцы і інфарматыцы, у эканамічных конкурсах, конкурсах відэаролікаў”.

Сярод пераможцаў гарадскіх алімпіяд у мінулым годзе — дзевяцікласнікі Мікіта Русланаў і Павел Гравенка. У гэтым годзе парадавалі Цімур Шаціца і Ганна Камарова. На працягу трох гадоў вучні Леаніда Мікалаевіча ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім фестывалі па эканоміцы і прадпрымальніцтве сярод навучэнскай моладзі “Лесвіца поспеху”. Без кубкаў пераможцаў адтуль не вяртаюцца. Сёлета Леанід Мікалаевіч выступіў кіраўніком праекта па распрацоўцы мабільнага дадатку “Калі ты стаміўся…” (для паляпшэння псіхалагічнага і фізічнага стану), які на фестывалі прадставілі яго навучэнцы. Як кіраўнік школьнай кінакампаніі “К.Е.Н.Т.” (“Кто, если не ты”) Леанід Мікалаевіч займаўся падрыхтоўкай відэароліка з удзелам школьнікаў “Аршанскі лён, вышыты шоўкам”, прысвечаны супрацоўніцтву сярэдняй школы № 16 Оршы з КНР. У 2017/2018 навучальным го­дзе ролік узяў дыплом на конкурсе “Філфаканскі кінафестываль” БДУ. 

“Няма мяжы дасканаласці, таму нельга спачываць на лаўрах, трэба развівацца, удасканальваць прафесійнае майстэрства шляхам удумлівай працы над сабой, над выкладаннем свайго прадмета, — заўважае ­Леанід Мікалаевіч. — Вучуся не толькі ў калег, але і ў сваіх вучняў, чытаю спе­цыяльную літаратуру, рашаю задачы па фізіцы, займаю­ся на курсах павышэння кваліфікацыі, удзельнічаю ў майстар-класах вопытных педа­гогаў. Зараз прымаю ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік-майстар”, у рамках якога сам даю майстар-класы.

Не магу ўявіць сваё жыццё без хобі і захапленняў. Сапраўдны адпачынак для мяне — праводзіць час разам са сваёй сям’ёй: з жонкай, мамай, сястрой. Да таго ж я фанат чытання і кіно, люблю класіку і якасныя дэтэктывы. Вандрую па Беларусі, езджу і за мяжу. Зараз у маіх планах вывучэнне замежных моў. Дапамагае мне ў гэтым жонка, настаўніца англійскай мовы. Яшчэ я фанат спорту, прычым не толькі як балельшчык. У вольны час люблю гуляць у футбол”.

Надзея ЦЕРАХАВА.