На галінках памяці

- 11:17Псіхолаг у школе

Праблема суіцыдальнай рызыкі падлеткаў стаіць у грамадстве дастаткова востра. Як не прапусціць момант, калі дзіцяці патрэбна дапамога? На гэтае і іншыя пытанні адказвае педагог-­псіхолаг Стаўбцоўскага раённага сацыяльна-­педагагічнага цэнтра Маргарыта УЛАСІК.

Зразумей мяне, мама

— Маргарыта Мечыславаўна, як часта псіхолагу даводзіцца займацца прафілактыкай падлеткавых суіцыдаў? 

— На мой погляд, праблема суіцыдальных паводзін — адна з вострых і актуальных праблем у падлеткавым асяроддзі і грамадстве. У цяжкай сітуацыі, у якой апынулася дзіця, ніхто не дасць гарантыі, што не будзе суіцыдальнай рызыкі. У тым ліку гэта вострая праблема для сацыяльнага прытулку, таму што тут дзеці трапляюць з адной стрэсавай сітуацыі ў іншую, і ўзнікае мноства фактараў, якія могуць справакаваць суіцыдальную рызыку. Калі ­браць прафесійную дзейнасць псіхолага, то прафілактыка суіцыдаў — адзін з галоўных яе напрамкаў. Скажу больш: любая работа псіхолага прадугледжвае прафілактыку суіцыдаў. На шчасце, у нас няма дынамікі да пагаршэння сітуацыі, сітуацыя стабільная. 

— Памятаеце першы выпадак, калі давялося працаваць з падлеткам, які выказваў суіцыдальныя думкі?

— З маёй практыкі я памятаю выпадак з дзяўчынкай-падлеткам, якая трапіла ў сацыяльны прытулак не па прычыне п’янства бацькоў, а з-за парушаных дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін. У дзіцяці былі складаныя адносіны з бацькамі, адначасова яна гаварыла, што любіць іх і ненаві­дзіць. У дзяўчынкі была нянавісць да бацькі, які злоўжываў алкаголем, а маці была вельмі трывожнай, што прыводзіла да канфліктаў. Паміж бацькамі таксама былі канфліктныя адносіны, 13-гадовую дачку тата і мама не слухалі. Канфлікты нарасталі, і дзяўчынка шукала значнага для сябе чалавека, які б задавальняў яе патрэбу ва ўвазе. Знайшла: дарослага мужчыну, з якім уступіла ў палавую сувязь. Калі дзяўчынка трапіла ў прытулак, паралельна ішлі судовыя разборы. Складанасць гэтага выпадку была ў тым, што дзяўчынка страціла адначасова сям’ю і каханне. Яна амаль адразу стала праяўляць суіцыдальныя паводзіны, сцвярджала, што не бачыць сэнсу жыць.

— Цяжкасці былі ў тым, што…

— Што ў гэтага дзіцяці не было ў складанай сітуацыі блізкага акружэння: ні сяброў, ні родзічаў. Толькі каханы чалавек, у дачыненні да якога ўжо ішлі следчыя дзеянні. Адзінокае дзіця сам-насам з праблемамі. Гэта быў самы складаны выпадак у маёй практыцы. Дзяўчынцы трэба было даць зразумець, што яна знаходзіцца ў бяспецы. Разам з выхавальнікамі я працавала на ўстанаўленне эмацыянальнага кантакту, мы карэкціравалі паводзіны дзіцяці, спрабавалі працаваць адначасова з бацькамі, але па першым часе гэта было цяжка, бо бацькі катэгарычна адмаўляліся ад дапамогі. Яны адкрыта гаварылі, што не збіраюцца нічога мяняць у жыцці, была з іх боку агрэсія, варожасць. 

Дзяўчынка перыядамі была то спакойнай, то агрэсіўнай. У перыядах агрэсіі яна рэзала сабе запясці, фатаграфавала раны і адпраўляла здымкі маме. Мы працавалі ў комплексе, вялікую дапамогу аказвалі псіхолаг і псіхіятр Стаўбцоўскай ЦРБ. Працавалі таксама з маці дзяўчынкі, каб дапамагчы жанчыне справіцца з трывожнасцю. На пэўны перыяд дзіця праходзіла лячэнне ў стацыянары. Станоўчая дынаміка з’явілася тады, калі бацькі пайшлі на кантакт. Мама, нарэшце, пачала прыслухоўвацца да рэкамендацый спецыялістаў, згадзілася, што трэба нешта мяняць. Мы праводзілі сумесныя заняткі маці з дачкой, каб яны спазналі адна адну. Дзяўчынцы было важна чуць, як мама яе характарызуе, што яна бачыць у дачцэ станоўчыя якасці, што перажывае за яе. Скончылася тым, што дзяўчынка вярнулася ў сям’ю. Мы працягваем яе суправаджаць, але, думаю, што тая цяжкая сітуацыя засталася ў мінулым. 

Катастрофа недзіцячага маштабу

— Назавіце асноўныя прычыны, з-за якіх дзеці праяўляюць суіцыдальныя паводзіны.

— Па маім меркаванні, асноўная прычына — у складаных дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносінах. Парасуіцыды часта ўзнікаюць імпульсіўна, але калі размаўляеш з падлеткам, то разумееш, што дзіця было схільнае да перападаў настрою, не любіла дзяліцца сваімі эмацыянальнымі перажываннямі. Часта такое дзіця выхоўваецца ў няпоўнай, мнага­дзетнай сям’і. У сацыяльна добранадзейных сем’ях дзіця трапляе ў суіцыдальную рызыку з-за празмернага кантролю бацькоў, іх засяроджанасці на матэрыяльным дастатку і адначасова адсутнасці шчырай увагі, цікавасці да дзіцяці, а дзіцяці не стае гэтай увагі, магчымасці падзяліцца сваімі думкамі, трывогамі, праблемамі. Дзіцячая праблема дарослым часам здаецца чымсьці нязначным, не вартым увагі, а для дзіцяці гэта катастрофа. Калі дзіця пачынае гаварыць аб канфліктах у класе, з сябрамі, ад яго не варта адмахвацца. Тое ж самае, калі дзіця пачынае выказваць незадавальненне сваёй знешнасцю. Маркерамі для бацькоў будуць любыя змяненні ў паво­дзінах дзіцяці і эмацыянальных рэакцыях: падлетак трывожыцца, хаваецца, становіцца агрэсіўным ці апатычным.

— У маёй дачкі-падлетка зараз перыяд чорнага паліто і яркай памады. Такі вобраз для яе раней быў нехарактэрным. Ужо варта трывожыцца?

— Не страшна, калі дзіця эксперыментуе са стылем адзення, гэта якраз нармальна, але патрэба ў самавыяўленні можа актывізаваць суіцыдальную рызыку. Трэба задумацца, калі дзіця перастае цікавіцца любым стылем, тут бацькам трэба спытаць у дзіцяці, з чым звязаны такія радыкальныя змяненні ў яго жыцці. Званочкам для бацькоў будуць кардынальныя змяненні і ў паводзінах: калі дзіця-дамасед пачало сыходзіць з дому і наадварот, любыя выказванні, праяўленне цікавасці да тэмы смерці, суіцыду. Калі бацькі чуюць ад свайго падлетка фразы: “мне ўсё надакучыла”, “нічога больш не хачу”, “усё роўна гэта нічога не дасць” — трэба ісці па дапамогу.  

Дзейнічаць па алгарытме

— Як школьным настаўнікам і бацькам рэагаваць у выпадку выяўлення суіцыдальнай рызыкі ў дзіцяці?

— Ва ўсіх педагогаў ёсць алгарытм дзеянняў (інструкцыя) аб інфармаванні бацькоў, кіраўніка аб суіцыдальнай рызыцы дзіцяці. У выпадку высокай рызыкі (пагрозы, наўмысныя самапашкоджанні), аб магчымасці атрымання псіхалагічнай ці псіхіятрычнай дапамогі са згоды аднаго з бацькоў пісьмова інфармуецца ўстанова аховы здароўя. У выпадку актыўных дзеянняў (пагроза жыццю) — выклікаецца супрацоўнік органаў унутраных спраў, дзіця дастаўляецца ў бальніцу, дзе з ім працуе псіхіятр або псіхатэрапеўт. Калі ў педагога ці бацькоў ёсць падазрэнне, што дзіця думае пра суіцыд (ёсць малюнкі, запіскі, змененыя паводзіны і г.д.), тады трэба пагаварыць з дзіцем і прапана­ваць сваю дапамогу. Тут таксама ёсць асаблівасці: для псіхолага важна арыентавацца на наяўнасць ці адсутнасць суіцыдальнага плана і высветліць, каму адрасавана пасланне дзіцяці. Калі плана няма, але дзіця гаворыць пра смерць, то гутарка бу­дзе прыкладна такая: “Як ты будзеш памі­раць? Што потым? Хто цябе знойдзе? Чаму менавіта яны?” Далей удакладняем, ці ёсць план: дэталёва разбіраемся, пераносімся ў сітуацыю суіцыду і пытаемся, ці гатова дзіця пацярпець пару дзён. Ну і тут, вядома, таксама ключавым момантам з’яўляецца выяўленне таго чалавека, каму адрасавана пасланне (бацькі, былы хлопец/дзяўчына і г.д.). У выніку становіцца зразумела, чаму дзіця гэта робіць. Ёсць яшчэ, вядома, тэхнікі на прыняцце рашэння, але гэта ў тэорыі, у практыцы ўсё індывідуальна — і могуць узнікнуць складанасці. Напрыклад, у выпадку з дзяўчынкай, пра якую я расказвала раней, сітуацыя ўскладнялася тым, што ў дзіцяці былі асаблівасці псіхафізічнага развіцця, яна была ў сітуацыі двайнога стрэсу з-за таго, што яе забралі з сям’і і разлучылі з каханым. Я ў той сітуацыі папрасіла маму пісаць лісты дачцэ ў бальніцу.

Настаўнікам і бацькам параіла б знай­сці час, каб пагаварыць з дзіцем: “Я бачу, што цябе штосьці турбуе, ты хвалюешся, у цябе дрэнны настрой. Раскажы пра гэта”. А далей дзейнічаць па выніках размовы і, вядома, аказаць падтрымку, выказаць суперажыванне і шчырае спачуванне дзіцяці, нават калі нам, дарослым, здаецца, што гэта не сур’ёзна.

Па старонках “Кнігі жыцця”

— Ці часта вы заўважаеце маркеры суіцыдальнай рызыкі ў дзяцей, якія трапілі ў сацыяльны прытулак?

— Зараз у сацыяльным прытулку Стаўбцоўскага раённага СПЦ 12 дзяцей. Сярод іх ёсць дзяўчынка, у якой складана прахо­дзіць працэс адаптацыі, дзіця праяўляе агрэсію, таму важна гарманізаваць стан дзіцяці, назіраць за ім. 

Калі я гляджу на дзяцей, якія трапля­юць у прытулак, то часам захапляюся іх неверагоднымі душэўнымі рэсурсамі: не ў кожнага дарослага ёсць столькі сіл спраўляцца з сітуацыяй. Я ўвяла ў нашым сацыяльным прытулку традыцыю — афармленне “Галінкі памяці”: кожнае дзіця, якое трапляе ў прытулак, выбірае колер стужкі і прымацоўвае яе на “Галінку памяці”. Тут ставіцца акцэнт на тым, што дзіця глядзіць на галінку, запоўненую стужкамі, і разумее, што яно не адно, што да яго тут былі дзеці. На галінцы вісяць дзве скрыначкі: з негатыўнымі і пазітыўнымі ўспамінамі. Дзеці раз-пораз пішуць аб сваіх успамінах і змя­шчаюць запіскі ў адпаведныя скрыначкі. Негатыўныя ўспаміны мы пасля сімвалічна спальваем, што вельмі падабаецца дзецям. 

У нас яшчэ ёсць “Кніга жыцця”, куды змяшчаем фатаграфіі з жыцця прытулку. Здымкі таксама акцэнтуюць увагу на станоўчых момантах у жыцці. Дзеці разумеюць, што з любой сітуацыяй можна справіцца, яны не адзінокія. Старэйшым падлеткам таксама прапаную пакідаць лісты-пасланні тым дзецям, якія будуць у прытулку пасля іх. Падлеткі дзеляцца ў гэтых лістах сваімі пажаданнямі, перажываннямі, надзеямі. 

— Што самае каштоўнае ў вашай рабоце?

— Для псіхолагаў надзвычай важная зваротная сувязь. Ні з чым не параўнальнае пачуццё, што ад тваёй работы ёсць эфект. У мяне быў выпадак, калі дзяўчынка ­здзейсніла парасуіцыд (напілася таблетак) з-за непаразумення з мамай. Дзяўчынка перыядычна падыходзіла да маці і гаварыла ёй, што ў яе праблемы, канфлікты ў класе, прасіла дапамогі. А мама лічыла, што гэта дробязі, не вартыя ўвагі. Праблемы з’явіліся, калі маці мяняла месца працы, каб зарабляць больш грошай, — сям’я мнагадзетная, грошы былі неабходны, каб забяспеч­ваць патрэбы дзяцей. Пры нашых сумесных сустрэчах з мамай жанчына сама агучыла, што нельга ставіць матэрыяльны дабрабыт вышэй за псіхалагічныя праблемы дзіцяці, што яе памылка — няўважлівасць да дачкі. Урэшце мама з дачкой пачулі адна адну, што было вельмі каштоўна і важна. На дапамогу сястрычцы актывізаваліся браты, дзяўчынка — малодшае дзіця ў сям’і. Дарэчы, у маёй практыцы суіцыдальныя паводзіны часцей праяўляюць дзяўчынкі, а не хлопчыкі, напэўна, з-за сваёй эмацыянальнасці і ўразлівасці, і малодшыя дзеці ў сям’і. 

З любой сітуацыяй можна справіцца, калі ты не адзін. Калі побач родныя людзі, сям’я, сябры. І гэта магутны псіхалагічны рэсурс для кожнага чалавека.

Рэкамендацыі бацькам:

Будзьце ўважлівымі і назіральнымі. Любыя змяненні ў паво­дзінах вашага дзіцяці і яго скаргі патрабуюць вашай увагі. Няправільна адкладваць абмеркаванне канфліктаў дзіцяці на потым, іх трэба абмяркоўваць адразу. 

Расстаўляйце каштоўнасныя прыярытэты, не стаўце на першае месца матэрыяльны дабрабыт.

Не бойцеся размаўляць з дзіцем на тэмы жыцця і смерці, калі ад дзіцяці ёсць адпаведныя сігналы. Спецыфіка прафілактыкі суіцыдаў заключаецца ў тым, што мы маўчым.

Паказвайце дзіцяці ўсе яго вартасці і моцныя бакі, прымусьце ўбачыць сябе каштоўнай і ўнікальнай асобай.

Выбудоўвайце даверлівыя адносіны з дзіцем. Ёсць давер і ўзае­маразуменне з дзіцем — яно своечасова падзеліцца сваімі трывож­нымі думкамі, а значыць, крызісную сітуацыю можна папярэдзіць.

Не бойцеся своечасова звяртацца па дапамогу да спецыялістаў.

Шлях да прафесіі педагога-псіхолага Маргарыты Уласік быў няпростым. Бацькі настойвалі на прафесіі медыка, таму Маргарыта Мечыславаўна спачатку скончыла Мінскае дзяржаўнае медыцынскае вучылішча № 1 (зараз медыцынскі каледж) па спецыяльнасці “Сястрынская справа шырокага профілю”. Праўда, як прызнаецца педагог-псіхолаг, не шкадуе аб гэтым ніколькі, бо прафесія медыка выхавала ў ёй дысцыплінаванасць, адказнасць. Рашэнне пайсці з медыцыны давалася нялёгка, бо прафесія падабалася. Але псіхалогія вабіла мацней, таму Маргарыта Уласік завочна скончыла жаночы інстытут “Энвіла”, дзе атрымала жаданую спецыяльнасць. Давялося папрацаваць псіхолагам у сельскай школе, дзіцячым садзе, пакуль не трапіла на работу ў СПЦ. Спачатку было трывожна, нават страшна, таму што адразу стала працаваць з катэгорыяй падлеткаў-правапарушальнікаў. Прайшла спецыялізаваныя курсы па прафілактыцы суіцыдальнай рызыкі ў дзяцей, вучэбны курс “Моцныя бацькі — моцныя дзеці” і іншыя курсы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Гутарыла Наталля КАСТЭНКА.
Фота Наталлі КЛЫГАЧ і з архіва Стаўбцоўскага раённага СПЦ.