На канікулы — у Ліду!

- 11:30Планёрка ў рэгіёне

У апошнія тры гады па выніках цэнтралізаванага тэсціравання навучэнцы Лідскага раёна атрымалі 12 стабальных сертыфікатаў. Школьнікі таксама заваявалі 246 дыпломаў на абласной і 75 дыпломаў на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, 18 прызавых месцаў на абласным і 6 на рэспубліканскім этапах конкурсаў даследчых работ (канферэнцый), інтэлектуальных турнірах, 5 дыпломаў на міжнароднай алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Пра поспехі вучняў і педагогаў, а таксама пра цікавыя праекты з іх удзелам расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага раёна Аляксандр Уладзіміравіч КАДЛУБАЙ.

— Па выніках удзелу ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” наш раён двойчы значыўся ў ліку пераможцаў у намінацыі “Лепшы раён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння”, — расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Назіраецца станоўчая дынаміка па ўключэнні ўстаноў адукацыі раёна ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць (функцыянуе 17 пляцовак перадавога вопыту). Парадавалі і педагогі. Так, педагог дадатковай адукацыі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сяргей Яўгенавіч Вераціла прызнаны пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Выхаванцы клуба інтэлектуальных гульняў, якім кіруе Сяргей Яўгенавіч, пастаянна паказваюць высокія вынікі на чэмпіянатах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 Ліды Наталля Валер’еўна Грэсь стала пераможцай творчага конкурсу эсэ ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Дасведчаныя педагогі вырастаюць з маладых”, арганізаванага ГрАІРА і АПА. Акрамя таго, яна перамагла ў конкурсе на лепшы ўрок па літаратуры “Сіла слова”, які праводзіцца пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы.

Выхавальнік ДЦРР № 1 Ліды Вераніка Паўлаўна Май стала пераможцай занальнага этапу конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя”. Выхавальнік таго ж цэнтра Дар’я Андрэеўна Нікалаева заняла 2-е месца ў Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў” у Санкт-Пецярбургу (у намінацыі “Лепшы выхавальнік”).

— Якія цікавыя традыцыі склаліся ў раёне па арганізацыі шостага школьнага дня?

— Больш чым у палове ўстаноў адукацыі Лідскага раёна сёння рэалізуюцца міні- і мегапраекты шостага школьнага дня.

Цікавасць у дзяцей, падлеткаў і іх бацькоў выклікае мегапраект суботняга дня Лідскага раённага экалагічнага цэнтра “Экалагічная карусель”, які ўключае ў сябе некалькі міні-праектаў: “Эканомным быць — багата жыць” (па эканоміі і беражлівасці), “Асяроддзе пражывання. Агенты па бяспецы” (па здароўезберажэнні), “Мой горад — мой гонар” (валанцёрскі, грамадзянска-патрыятычны), “Экалагічны турызм і асновы прадпрымальніцтва” (эколага-эканамічны). Акрамя таго, у экалагічным цэнтры працуе дзіцячая эксперыментальная лабараторыя “Чамучка”. Лідскі раённы цэнтр творчасці запрашае школьнікаў на “ТОП-суботу: творчасць, зносіны, пазнанне”, калі ладзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, фальклорныя святы, тэатральна-гульнявыя праграмы, інтэлектуальныя гульні, а таксама працуе школа дыджэяў школьных дыскатэк Bit-трэк. У шосты школьны дзень і ў час канікул Лідскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці прапаноўвае наведаць гульнявыя пляцоўкі па пачатковым тэхнічным і тэхнічным мадэляванні “Я — канструктар”, “Тэхнафантазія”, тэхнапляцоўкі па трасавым аўтамадэлізме і картынгу “Крутыя віражы”, гульнятэкі па настольных стратэгіях “Перамагаем разам”, “Бітва легіёнаў”, інфармацыйна-практычныя пляцоўкі па робататэхніцы “Вучымся ажыўляць робатаў”, гульнявы партал па кібергульнях, акцыі па рамонце найпрасцейшай бытавой тэхнікі “Мы з татам майстры”. Лідскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства ў перыяд канікул прапаноўвае навучэнцам майстар-класы па гістарычнай рэканструкцыі даспехаў, краязнаўчыя квесты.

Трэці год працуе раённая суботняя гасцёўня “Наш шосты школьны дзень. Далучайцеся!”, у рамках якой установы адукацыі запрашаюць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў з іншых устаноў адукацыі і арганізоўваюць для іх сумесныя мерапрыемствы. Станоўча зарэкамендавала сябе практыка правядзення ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў суботу дзён сельскага школьніка.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе?

— Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады ўключае ў сябе і пытанні інфарматызацыі адукацыі. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Ліды ў верасні — кастрычніку бягучага года былі падключаны да оптавалаконнай сеткі, што дазволіць ім больш актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы. На сёння сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі маюць больш за 65% педагогаў школ раёна. Яны актыўна выкарыстоўваюць на занятках ЭСН, у тым ліку ўласнай распрацоўкі. Настаўнікі з поспехам удзельнічаюць у заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

У верасні 2014 года аддзелам адукацыі, спорту і турызму сумесна з адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій на базе Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адкрыта раённая IТ-акадэмія “Прыступкі”, дзе пачалі праводзіцца вучэбныя курсы для дзяцей і дарослых. У 2016/2017 навучальным годзе на базе сярэдніх школ № 4 і № 17 Ліды створаны групы для навучэнцаў пачатковых класаў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

Што тычыцца шырокага прымянення ІКТ у адукацыйным працэсе, то асноўным фактарам, які стрымлівае гэты працэс, з’яўляецца недахоп сучаснай камп’ютарнай тэхнікі ва ўстановах адукацыі. Якое выйсце можна прапанаваць? Выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе асабістыя мабільныя прыстасаванні навучэнцаў. Для гэтага ў шэрагу школ раёна арганізаваны доступ да сеткі па тэхналогіі Wi-Fi.

— Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце аб новых праектах, якія плануецца рэалізоўваць ва ўстановах адукацыі раёна.

— У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь 2014—2020 гг.” мы далучыліся да праекта “Стварэнне сумеснага этнакультурнага асяроддзя ў гімназіі імя Ф.Скарыны ў Вільнюсе і ў сярэдняй школе № 4 Ліды”. Акрамя таго, у рамках гэтай жа праграмы ідзе падрыхтоўка праекта па паляпшэнні доступу да сацыяльных паслуг у Літве, Латвіі і Беларусі з удзелам Лідскага раённага ЦКРНіР.

Надзея ЦЕРАХАВА.