На крок наперадзе

Студэнцкая IT-алімпіяда BIT-CUP прайшла на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі чацвёрты раз і стала яскравым прыкладам партнёрства паміж універсітэтам і бізнес-асяроддзем.

Ініцыятарам правядзення першага падобнага мерапрыемства стала адміністрацыя факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Першапачаткова арганізатарамі праводзілася спаборніцтва паміж студэнтамі ўніверсітэта, якое пасля змяніла фармат і перарасло ў BIT-CUP.

— Мы шмат працуем з заказчыкамі кадраў, робім ухіл на практыка-арыентаваную падрыхтоўку, бо ўзнікла неабходнасць зверыцца з нашымі партнёрамі ў падрыхтоўцы кадраў”, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР Барыс Нікульшын.

Алімпіяда складалася з двух этапаў — адборачнага тура і фіналу. На адборачным туры алімпіяды сябе паказалі 297 студэнтаў з 32 устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. А ў фінале змаглі паспаборнічаць 52 студэнты.

На мерапрыемстве былі прадстаўлены тры напрамкі-конкурсы ад вядучых кампаній Yandex, Promwad і R-StyleLab: “Алгарытмы захоўвання і апрацоўкі даных”, “Базы даных” (трэба было зрабіць запыт, які змог бы апрацаваць вялікі аб’ём даных) і “Мультымедыярашэнні на базе Embedded Linux” (трансліраваўся відэазапіс, а ўдзельнікі алімпіяды павінны былі з дапамогай напісанай імі праграмы атрымаць пэўныя вынікі і зрабіць з іх высновы). Адметна, што перад студэнтамі паўставалі тыя задачы, з якімі яны могуць сутыкнуцца на працоўным месцы.

— Штогод перад студэнтамі і навучэнцамі ставяцца розныя задачы. І часам, каб адолець пэўную задачу, толькі праграмных ведаў недастаткова. Аднак моладзь спраўляецца, — адзначыў адзін з арганізатараў алімпіяды магістрант Аляксандр Авяцюк. — Хлопцы і дзяўчаты прыходзяць да нас, каб стаць прафесіяналамі. І інавацыйныя тэхналогіі ўжо ў іх у крыві.

Удзельнікі BIT-CUP на працягу чатырох або пяці гадзін (у залежнасці ад конкурсу) рашалі задачы, прапанаваныя кампаніямі-арганізатарамі. Такі фармат даў прадстаўнікам бізнесу магчымасць паглядзець, наколькі эфектыўна маладыя людзі могуць працаваць у межах адведзенага часу, прааналізаваць узровень іх падрыхтоўкі, а таксама зрабіць прагнозы наконт запатрабаванасці такіх спецыялістаў у будучыні. І калі нехта з удзельнікаў паказваў сябе з добрага боку, любая кампанія магла запрасіць яго на стажыроўку ці нават на пастаяннае месца працы.

Па выніках алімпіяды ў намінацыі “Базы даных” узнагароды I, II і III ступені атрымалі Аляксей Песенка, Іван Батурын і Мікалай Рамановіч з БДУІР. Дыпломы ад кампаніі Yandex з намінацыяй “Алгарытмы захоўвання і апрацоўкі даных” дасталіся Аляксею Субачу (БДУ) — I ступені, Аляксею Раку, Канстанціну Вільчэўскаму (БДУ) — II ступені, і Ільі Іванову (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) — III ступені. А сярод узнагароджаных у конкурсе “Мультымедыярашэнні на базе Embedded Linux” сярод пераможцаў былі дзве дзяўчыны — Настасся Казлова (БДУІР) і Юлія Журун (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), а таксама Арцём Амяльчук (БДУІР). Акрамя таго, арганізатары алімпіяды вылучылі намінацыі для лепшых устаноў адукацыі па падрыхтоўцы IT-спецыялістаў. Па колькасці прызавых месцаў сярод удзельнікаў лепшым універсітэтам прызнаны БДУІР, а лепшым сярод сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі — Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.

Адзін з пераможцаў студэнт Мікалай Рамановіч даўно цікавіўся аперацыйнымі сістэмамі Linux і, калі даведаўся, што ў алімпіядзе ёсць такі напрамак, вырашыў паспрабаваць.

— Да тураў спецыяльна не рыхтаваўся: усё атрымалася спантанна, — падзяліўся малады чалавек. — Дзякуючы алімпіядзе, прыйшло ўсведамленне, што трэба развівацца ў гэтай сферы яшчэ больш.

Настасся Казлова расказала, што перамога ў конкурсе стала для яе нечаканасцю. Дзяўчына лічыць, што для поспеху ў галіне інавацыйных тэхналогій патрэбны ўседлівасць, уменне хутка аналізаваць і лагічна звязваць вынікі праведзенай работы.

— На базах даных будуецца любы сур’ёзны дадатак, і ўсведамленне таго, што яны неабходны, робіць гэтую з’яву не сумнай, а карыснай, — пераканана студэнтка.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *