На крок старэйшымі мы сталі

- 14:30Нам пішуць

8 мая каля помніка загінулых воінаў на Дубінскай гары Воранаўскага раёна адбыўся ўрачысты прыём навучэнцаў Клайшанскай базавай школы ў шэрагі грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел ганаровыя госці: член прэзідыума раённага Савета ветэранаў Тэрэса Феліксаўна Карповіч, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Воранаўскага філіяла Гродзенскага воблспажыўтаварыства Ірына Гендрыкаўна Вайтукевіч, эканаміст, старшыня Гіркаўскага сельскага Савета Святлана Міхайлаўна Мушынская, ваеннаслужачыя пагранічнага паста “Забалаць”.

Сімвалічна, што імпрэза праходзіла напярэдадні 73-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З нагоды гэтай знамянальнай даты навучэнцы неслі вахту памяці ля помніка.

7 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашай школы далі ўрачыстае абяцанне і ўступілі ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. “Любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым!” — горда гучала з іх вуснаў. Ва ўрачыстай атмасферы гальштукі павязалі іх старэйшыя таварышы, якім урачыста ўручылі членскія білеты БРСМ.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты сталі годнымі прадаўжальнікамі традыцый сваіх бацькоў і дзядоў. Бо хутка менавіта ім давядзецца ўзяць на сябе адказнасць за будучыню нашай Радзімы, ім будаваць моцную і квітнеючую Беларусь!

Былі ўскладзены кветкі да падножжа помніка. Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых герояў хвілінай маўчання.

— Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — подзвіг і слава нашага народа. Як бы ні мянялася гісторыя, Дзень Перамогі застаецца любімым, хвалюючым, трагічным і сумным, але ў той жа час і самым светлым святам. Наўрад ці ёсць сям’я, якую не кранула б вайна. Ля вечнага агню, ля помнікаў і манументаў збіраюцца людзі, каб ускласці кветкі, успомніць нашых абаронцаў і герояў, сказаць ім “вялікі дзякуй” за мірнае жыццё.

Хрысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.