На мове матэматыкі

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вучацца прадстаўнікі 31 краіны. Маладыя людзі з Кітая пачалі прыязджаць сюды на вучобу яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Некаторыя з іх працягваюць атрымліваць адукацыю ў магістратуры. А вось Чэнь Ян і Біньбінь Чжан — аспіранты факультэта матэматыкі і інфарматыкі.

У Кітаі Чэнь Ян вучылася ў Чунцінскім універсітэце, а ў Гродна трапіла па праграме студэнцкага абмену. Паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Чунцінскім універсітэтам вядзецца супрацоўніцтва на працягу апошніх пяці гадоў, абмен студэнтамі ажыццяўляецца пастаянна. І аднымі з першых, хто звязаўся з Чэнь у Гродне, былі студэнты ГрДУ, якія раней вучыліся ў кітайскім універсітэце.

— Гэта мне вельмі дапамагло ў адаптацыі, — расказвае Чэнь Ян. — Я ж зусім не ведала рускай мовы, думала, што буду размаўляць на англійскай. Год аддала вучобе на падрыхтоўчых курсах, дзе мяне вельмі добра падрыхтавалі ў веданні рускай мовы. Да таго ж жыла ў інтэрнаце разам з беларускімі студэнтамі — і гэта таксама вялікая моўная практыка. Мае суседкі па пакоі пісалі паперкі з назвамі і прымацоўвалі іх да розных прадметаў — халадзільніка, палічак. Так я вучылася. Універсітэт дапамагаў у знаёмстве з краінай, яе звычаямі і традыцыямі. Я пабывала з экскурсіямі ў розных цікавых месцах Беларусі. У мяне з’явілася шмат сяброў — нават пабывала ў Слоніме на вяселлі сваёй сяброўкі. Мне падабаецца вучыцца ў Беларусі. У вас, напрыклад, студэнцкія групы не такія вялікія, і гэта дапамагае ў зносінах з выкладчыкамі.

Актыўная Чэнь Ян дэманструе добрыя вынікі ў вучобе. Англійская мова дапамагла падчас навучання ў магістратуры. Са сваім навуковым кіраўніком Аляксандрам Аляксандравічам Грынем размаўляла ў большасці на англійскай. А падчас вучобы ў аспірантуры (зараз дзяўчына на трэцім курсе) яе руская мова амаль бездакорная.

Навуковы кіраўнік аспіранткі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і алгебры Іван Платонавіч Мартынаў лічыць, што ў дзяўчыны вельмі добрая навуковая перспектыва. Яна працуе над даследаваннем па тэме “Аналітычныя і якасныя ўласцівасці рашэння аднаго класа дыферэнцыяльных сістэм трэцяга парадку”, якое можа знайсці прымяненне ў камп’ютарных тэхналогіях.

Яшчэ адзін аспірант — Біньбінь Чжан — таксама перспектыўны ў навуцы чалавек, лічыць Іван Мартынаў. Акрамя вучобы ў аспірантуры, хлопец наведвае спецкурс прафесара “Аналітычная тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў”. І як расказвае Іван Платонавіч, гэта адзін з самых адказных аспірантаў, заўсёды актыўна ўключаецца ў работу і робіць слушныя заўвагі па ходзе лекцыі. Пад кіраўніцтвам Івана Мартынава Чжан падрыхтаваў некалькі артыкулаў у беларускія і замежныя навуковыя выданні. Зараз яны працуюць над артыкулам “Рацыянальныя рашэнні нелінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вышэйшага парадку”.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў гэтым навучальным годзе вучацца 768 замежных грамадзян. На васьмі факультэтах праходзяць навучанне 15 замежных аспірантаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *