На настаўнікаў пашанцавала

- 15:59Адукацыйная прастора

Дарога бяжыць па прасёлку і раптам выводзіць да цяністай алеі. Строгая, урачыстая і радасная прыгажосць магутных ліп навявае думкі пра старасвецкія часы — мімаволі пачынаеш выглядаць па-за карункавай лістотай абрысы ўтульнага вялікага дома. А наколькі лёгка дыхаецца тут улетку, калі ліпы цвітуць і паветра непоена салодкім вытанчаным водарам! Між тым дом, да якога, па каноне, павінна вывесці ліпавая алея, сапраўды прысутнічае. І ён насамрэч вялікі, утульны, напоўнены звонкімі дзіцячымі галасамі і сагрэты цёплымі ўспамінамі некалькіх пакаленняў сваіх гаспадароў — гэта Сасноўскі дзіцячы сад — базавая школа Віцебскага раёна.

Установа адукацыі мае багатую гісторыю: мала якая школа можа пахваліцца больш чым 150-гадовым летапісам. Першая згадка пра яе датуецца 1865 годам. Заснаваная як сельскае вучылішча, аднавіла работу ў 1918—1922 гадах, прайшла гарніла Вялікай Айчыннай вайны (ад будынка засталіся толькі сцены), а ў 1967 годзе адзначыла наваселле ў новым трохпавярховым будынку. На цяперашні час дзяцей тут паменшала — сказалася дэмаграфічная сітуацыя. Невялікі дружны калектыў складаюць 25 выхаванцаў дзіцячага садка, 53 навучэнцы і 22 педагогі, шэсць з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і астатнія — першую, значная частка — былыя выпускнікі школы.

Пра тое, як трапятліва адносяцца да роднай школы дзеці і настаўнікі, сведчыць кожны крок па яе дагледжанай тэрыторыі. Адметныя клумбы (ідэі іх афармлення разам шукаюць у інтэрнэце і выглядаюць усюды падчас паездак, нават у абласным цэнтры), цікавыя малыя архітэктурныя формы… Пры цэнтральным уваходзе адразу прыцягвае ўвагу бадзёры паравозік, побач з якім размясціліся лавачка з ліхтаром. Ва ўнутраных памяшканнях да новага навучальнага года праведзены неабходныя рамонты, а завяршальныя штрыхі ў дызайне кабінетаў, калідораў і фае зноў жа індывідуальныя, аўтарскія — лёгкія фігурныя шторы на вокнах, зручнае размяшчэнне мэблі, удалыя інтэр’ерныя ўстаўкі са звычайных шпалер, высокамастацкі — без перабольшвання — роспіс сцен…

— Каб стварыць камфортнае, прыгожае, па-дамашняму ўтульнае і бяспечнае асяроддзе ў школе, не заўсёды патрабуюцца велізарныя выдаткі, — каменціруе ўбачанае дырэктар школы Міхаіл Папко. — Калі ініцыятыва, фантазія, працавітасць і талент кожнага складваюцца, вынік не можа не радаваць усіх.

Школа не пуставала ўлетку. Хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі цяпер з захапленнем успамінаюць экалагічную змену ў прышкольным дзіцячым аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Сонейка”: штодня безліч яркіх уражанняў і новых ведаў, разнастайных экскурсій, культурна-спартыўных свят, рухавых гульняў на свежым паветры, прыгодніцкіх квестаў — усяго не пералічыш! Але і пасля заканчэння змены знаёмы будынак як магнітам прыцягваў дзяцей — заняткаў педагогі прапанавалі багата, кожны мог выбраць справу па душы. Асаблівай папулярнасцю карысталіся стадыён, камп’ютарныя класы і скаладром. Так, у невялікай сельскай установе адукацыі, дзякуючы спонсарскай дапамозе прадпрымальніка з Расіі, былога выпускніка і, як успамінаюць настаўнікі, таго яшчэ гарэзы і сарвігалавы ў дзяцінстве, былі набыты камп’ютарныя класы і сучасны скаладром. Для захавання бяспекі дзяцей прымяняецца самая лепшая сертыфікаваная сістэма страхоўкі, штотыдзень па аўторках і пятніцах з Віцебска прыязджае спецыяліст-інструктар і праводзіць заняткі (для мясцовых навучэнцаў бясплатна).

Да 1 верасня настаўнікі і вучнёўскі актыў падрыхтавалі выдатны сцэнарый. Абяцаюць, што Дзень ведаў стане незабыўным для гаспадароў і гасцей школы святам. За якім, як вядзецца, наступаюць будні — аднак навучэнцы іх чакаюць з нецярплівасцю. Хтосьці марыць пра ўрокі ў любімага настаўніка, хтосьці — пра заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Да іх сёлета далучыцца новае “Камп’ютарнае мадэляванне”, у рамках якога плануецца апрабаваць інавацыйную ідэю “Віртуальная мадэль аграсядзібы” з выкарыстаннем канструктарскіх магчымасцей гульні Minecraft. Хтосьці непакоіцца пра ўраджай на прышкольным агародзе: ці добры атрымаўся плён агульнай працы?

Агарод і сад, дарэчы, салідныя — дазваляюць як разнастаіць вітаміннай прадукцыяй, зрабіць больш якасным і танным харчаванне ў школьнай сталоўцы, так і зарабіць грошы ад продажу насельніцтву садавіны і агародніны. Па выніках мінулага навучальнага года па пазабюджэтнай дзейнасці школа лепшая ў раёне. Адметны музейны пакой установы адукацыі таксама ўваходзіць у тройку лепшых у раёне. Школа трымае лідарства на фестывалі міжкультурных камунікацый, у спартыўных спаборніцтвах — захапленне камандна-спартыўнымі гульнямі, лыжамі і спартыўным арыентаваннем падзяляюць і настаўнікі, і вучні.

Замест пасляслоўя

Расказваючы пра ўстанову адукацыі, яе традыцыі, новыя задумы і праекты, дырэктар мімаходам заўважыў: “Восенню паедзем на “Саламею”. І на маё здзіўленае “Хто, куды, калі?” патлумачыў: гаворка пра паездку ў Мінск на прэм’еру Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 9 верасня. Білеты набыты праз kvitki.by, пытанні з транспартам вырашаны. Ініцыятыву падтрымалі ўсе настаўнікі. Педагог вучыць найперш уласным прыкладам. Згаданы малы эпізод з жыцця калектыву пацвердзіў устойлівае ўражанне ад новага знаёмства: навучэнцам з Сасноўкі на настаўнікаў вельмі пашанцавала.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі.