Актыўнасці і шматграннасці сённяшняга госця праекта “Мая школа” Дзмітрыя Шаўцова можна толькі здзіўляцца. Ён паспяхова рэалізаваўся ў самых розных напрамках — як медык, дэпутат, грамадскі дзеяч, тэлевядучы… З верасня 2021 года — генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пагаварылі з ім пра школьную настаўніцу, да меркавання якой прыслухоўваецца дагэтуль, пра актуальнасць навучання на працягу ўсяго жыцця і работу на перакрыжаваннях дапамогі — медыцынскай, гуманітарнай, чалавечай…
Марыў аб небе
— Раскажыце, якой была школа вашага дзяцінства.
— Я скончыў школу ў Жлобіне Гомельскай вобласці. На першы погляд, тыповая для раённага цэнтра ўстанова адукацыі. Асаблівай яе рабілі людзі, якія там працавалі. Большасць настаўнікаў была старой закалкі ў лепшым сэнсе гэтага слова. Вучылі сумленна, не лічачыся з асабістым часам. Трэба было — заставаліся з вучнямі пасля ўрокаў, каб яшчэ раз растлумачыць ім тое, што засталося незразумела. Праводзілі дадатковыя заняткі на канікулах. Мая маці была настаўніцай малодшых класаў. Памятаю, як летам да яе прыходзілі вучні, якія дрэнна паспявалі, і яна з імі займалася. Ніякай аплаты, зразумела, не брала, гэта было пытаннем гонару — навучыць кожнага.
Як у сына настаўніцы, школы ў маім жыцці было больш, чым у іншых дзяцей. Першую палову дня вучыўся, другую — рабіў на задняй парце дамашняе заданне, пакуль маці займалася са сваімі вучнямі. Да гэтага часу, калі бываю ў Жлобіне, люблю прагуляцца ў школьным двары. Неяк папрасіўся ў вартаўніка дазволіць увайсці ўнутр будынка, але ён не пусціў. Я суцешыўся думкай, што затое бяспека вучняў у надзейных руках.
— Хто з настаўнікаў найбольш паўплываў на фарміраванне вашай асобы? Магчыма, сказаў словы, якія памятаеце да гэтага часу.
— Лічу, мне пашанцавала з першай настаўніцай. Алена Іванаўна была вопытным педагогам, выхавала не адно пакаленне вучняў. Усёй душой перажывала за кожнага, імкнулася абудзіць цікавасць да ведаў, закласці фундамент нашых далейшых поспехаў.
Як у сына настаўніцы, школы ў маім жыцці было больш, чым у іншых дзяцей.
Да гэтага часу памятаю “ўрокі сумленнасці” ад настаўніка фізікі Анатоля Фаміча. На адным з першых заняткаў ён папрасіў: “Падыміце рукі, хто не вывучыў дамашняе заданне. Абяцаю, што двойку не пастаўлю. Скажыце праўду зараз, бо, калі потым убачу, што нехта схлусіў, вырашыў ціхенька адсядзецца, я яму больш ніколі не паверу!” У далейшым ён рабіў так яшчэ не раз, каб мы зразумелі: страціць давер лёгка, атрымаць яго зноў можа быць ужо немагчыма.
Удзячны таксама настаўніцы рускай мовы і літаратуры Валянціне Іванаўне. Патрабавальная, прынцыповая, атрымаць у яе чацвёрку ці пяцёрку было вельмі цяжка. Яна не проста давала нам трывалыя веды, а вучыла думаць, разважаць над кожным літаратурным творам. Не дзяліць усё проста на дабро і зло, а глядзець глыбей, бачыць адценні пачуццяў і ўчынкаў герояў. Я і цяпер падтрымліваю сувязі з Валянцінай Іванаўнай. Ёй ужо больш за 80 гадоў, але яна захоўвае актыўную жыццёвую пазіцыю, усім цікавіцца. Часам тэлефануе мне: “Бачыла цябе па тэлевізары, малайчына, правільна гаворыш!” Для меня гэта самы лепшы камплімент!
— Цяжка было вызначыцца з будучай прафесіяй? У адным з інтэрв’ю вы прызнаваліся, што ў дзяцінстве марылі быць лётчыкам…
— Так. Гэтая мара з’явілася пад уплывам майго дзядзькі. Ён быў лётчыкам-выпрабавальнікам, прыгожым, статным, хацелася паходзіць на яго. Але калі ў сярэдзіне 80-х у Жлобіне пабудавалі Беларускі металургічны завод, вырашыў, што лепш стану металургам. Пасля 8 класа нават завочна здаў экзамены ў Днепрапятроўскі металургічны тэхнікум. Але бацькі мяне адгаварылі, пераканалі скончыць 10 класаў.
Пакуль давучваўся, з’явілася новая мэта — медыцына. Мая аднакласніца, якая потым стала маёй жонкай, хацела быць урачом. Вырашылі, што ў медыцыну пойдзем разам. Абое скончылі Гомельскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.
Вяртаў людзей да жыцця
— Аб тым, наколькі складана вучыцца ў медыцынскіх навучальных установах, ходзяць легенды. Гэта сапраўды так?
— Не… Гэта намнога цяжэй, чым чалавек недасведчаны можа сабе ўявіць. Засталося мала ўспамінаў пра песні пад гітару і балалайку да раніцы, як у іншых студэнтаў. Бо такое вясёлае баўленне часу было магчыма для будучага медыка толькі да першай сесіі, якую ты проста не здасі.
Мая настаўніца рускай мовы і літаратуры і цяпер часам тэлефануе мне: “Бачыла цябе па тэлевізары, малайчына, правільна гаворыш!”
Першы год ходзіш па інстытуце з касцямі падпахай, таму што павінен ведаць, як называецца кожны бугарок на іх, прычым на лацінскай мове. На наступных курсах вывучаеш, у тым ліку на трупах, усе існуючыя мышцы, сасуды, нервы і гэтак далей. Амаль увесь час праводзіш за кнігамі, бо маеш справу з перапляценнем цэлага шэрага навук — біялогіі, фізікі, чатырох хімій… Да таго ж з трэцяга курса я пачаў працаваць на машыне хуткай дапамогі, прайшоўшы шлях ад санітара да ўрача выязной брыгады.
Інстытут скончыў па спецыяльнасці “Лячэбная справа”, спецыялізацыя — анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Быў размеркаваны ў аддзяленне рэанімацыі Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
— Напэўна, пасля работы ў рэанімацыі ўжо нічога ў жыцці не страшна?
— Гэта так, стрэсаўстойлівасць фарміруецца каласальная. Можна сказаць, бачыў усё — нажавыя пранікаючыя, агнястрэльныя, выбухныя раненні, траўмы пасля аварый, найцяжэйшыя станы з-за хвароб… Задача анестэзіёлага-рэаніматолага — зрабіць усё магчымае, каб не даць чалавеку памерці, нярэдка літаральна выцягваеш з таго свету. Акрамя таго, адказваеш за наркоз падчас аперацыі, каб пацыент паспяхова заснуў і прачнуўся. Як у лётчыкаў: колькасць узлётаў павінна раўняцца колькасці прызямленняў. Толькі на паспяховым “прызямленні” работа ўрача не заканчваецца, далей трэба весці чалавека ўжо ў рэанімацыі, пакуль не ўпэўнішся, што з ім усё добра.
— Думаю, сфарміраваная тады стрэсаўстойлівасць вельмі спатрэбілася вам у далейшым, у няпростай справе кіравання медыцынскімі ўстановамі, у дэпутацкай дзейнасці…
— Калі галоўны ўрач жлобінскай бальніцы Іван Іванавіч Кавалёў назначаў мяне сваім намеснікам, папярэдзіў: “Улічы, работа вельмі складаная”. Я малады, 30 гадоў яшчэ не было, самаўпэўнена адказваю: “Цяжэй, чым у рэанімацыі, наўрад ці будзе”. На самай справе, калі б не дапамога гэтага мудрага чалавека, якога лічу адным з галоўных сваіх настаўнікаў, не ведаю, як бы справіўся. Ён усяму навучыў, сваім прыкладам паказаў, якім кіраўніком трэба быць. Сапраўды, гэта работа адказная, шматзадачная. Не ўсе яе вынікі ўбачыш у кароткатэрміновай перспектыве, правільнасць некаторых тваіх рашэнняў можна будзе ацаніць толькі праз гады і нават дзесяцігоддзі. Гэтыя ўрокі кіравання Івана Іванавіча вельмі дапамаглі мне ў далейшым, калі я ўзначальваў 34-ю цэнтральную раённую клінічную паліклініку Савецкага раёна Мінска і 1-ю гарадскую клінічную бальніцу нашай сталіцы.
Што тычыцца дэпутацкай дзейнасці, то я прайшоў розныя ўзроўні — ад мясцовых Саветаў да парламента. Перш за ўсё, гэта выдатная школа, якая дае каласальны вопыт. Дэпутатству нельга навучыць, трэба самому прайсці па гэтым шляху крок за крокам. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў я быў два тэрміны, лічу гэта плённым перыядам свайго жыцця. Мне не давялося чырванець перад выбаршчыкамі, дадзеныя ў перадвыбарнай праграме абяцанні выконваў. У гэтай дзейнасці тры складнікі — заканатворчасць, работа з электаратам і міжнародная дзейнасць. Кожны патрабуе шматбаковых ведаў, самаадданасці, гатоўнасці браць на сябе адказнасць і стрэсаўстойлівасці, вядома. Ты ўвесь час на вачах, трэба ўзважваць кожнае слова, бо прадстаўляеш не толькі сябе, а нашу ўладу, дзяржаву.
— Вы яскравы прыклад чалавека, які кіруецца ў жыцці правілам “вучыцца, вучыцца, яшчэ раз вучыцца”. Чаму так?
— У нейкі момант адчуваеш, што дасягнуў у сваім развіцці пэўнай вышыні, трэба ісці далей. Калі пачаў працаваць намеснікам галоўнага ўрача бальніцы ў Жлобіне, пайшоў вучыцца ў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Арганізатар аховы здароўя”. Пасля пераезду ў Мінск вырашыў пашырыць веды ў сферы дзяржаўнага кіравання, скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Далей была вучоба ў аспірантуры РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя, у Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Я і зараз вучуся — удасканальваю веданне англійскай мовы, хачу валодаць ёй свабодна. Гэта новы выклік сабе.
Працягнуць руку
— Вы ўзначалілі Беларускі Чырвоны Крыж у даволі няпросты час, калі востра паўстала тэма бежанцаў спачатку з краін Блізкага Усходу, потым з Украіны. Як урач вы прывыклі бачыць чалавечы боль. Але з чым змірыцца цяжка?
— Калі пакутуюць дзеці. У свой час я не пайшоў у педыятры, таму што доктар павінен захоўваць бесстароннасць да сваіх пацыентаў, толькі так ён зможа якасна ім дапамагчы і не згарэць на рабоце. У дачыненні да дзяцей у мяне гэта ніколі не атрымлівалася, вельмі перажываў за кожнага.
…Той ноччу, калі напярэдадні польскія пагранічнікі аблілі бежанцаў на граніцы вадой з вадамётаў, тэмпература была нуль градусаў. Каб не своечасовая дапамога нашага беларускага боку, да раніцы б дажылі не ўсе. Урэзалася ў памяць карціна: дарослыя людзі мітусяцца, разбіраюць прывезеныя для іх падушкі, коўдры, адзенне, спяшаюцца займаць месцы ў выдзеленым ім лагістычным цэнтры, а хлопчык гадоў трох засяроджана, моўчкі грэе рукі над кастром. Туліцца да яго цяпла, быццам больш нічога вакол не існуе. Я падышоў, працягнуў пакет з прадуктамі — ён ніяк не адрэагаваў. Крайняя ступень знясілення пасля ўсяго, што давялося перажыць. Гэта не можа не кранаць да слёз, і да гэтага немагчыма прывыкнуць…
Пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі Чырвоны Крыж актыўна дапамагае бежанцам з Украіны. Пакуль украінскі бок не закрыў граніцу, побач з месцамі пераходу праз яе працавалі нашы надзіманыя каркасныя модулі, дзе людзі адразу атрымлівалі неабходную дапамогу. Зараз украінскія бежанцы прыбываюць да нас праз Польшчу і Прыбалтыку. Большасць едзе да радні, сяброў, якія асталяваліся тут яшчэ ў 2014 годзе, але частка людзей не мае тут нікога. На гэты момант больш за 6 тысяч бежанцаў з Украіны знаходзіцца пад апекай Чырвонага Крыжа, які аказвае ім падтрымку па шэрагу напрамкаў. Гэта і пытанне з жыллём, і лячэнне, і аздараўленне, і гуманітарная дапамога. Разам з нашымі партнёрамі дапамаглі сабраць дзяцей у школу, забяспечылі рукзакамі, канцтаварамі, адзеннем, абуткам. Выдаём бежанцам ваўчары — грашовыя сертыфікаты, на якія можна купіць на выбар патрэбныя рэчы і прадукты, акрамя алкаголю і тытуню. Развіваем сетку крызісных цэнтраў для часовага размяшчэння тых, хто не мае даху над галавой.
— Акрамя дапамогі бежанцам, Чырвоны Крыж працуе па цэлым шэрагу іншых сацыяльна значных кірункаў. Што адзначылі б асабліва?
— Сапраўды, работа з бежанцамі зараз на слыху, але гэта толькі вяршыня айсберга. Шмат дапамагаем пажылым людзям, цяжкахворым, інвалідам. Добра вядома наша служба сясцёр міласэрнасці, актыўна працуюць у гэтым напрамку і валанцёры. Таксама рэалізуем шмат дзіцячых праектаў. Адзін з іх — “Нянька замест мамы”, калі валанцёры даглядаюць маленькіх дзяцей-сірот, пакуль тыя ляжаць у бальніцы. Другі — “Ёлка жаданняў”, мэта якога — здзейсніць пад Новы год мары хлопчыкаў і дзяўчынак з малазабяспечаных сем’яў, з інтэрнатаў. Дапамагчы нам у гэтым можа любы неабыякавы чалавек. Паверце, калі знімаеш з ёлкі паштоўку з дзіцячай марай аб ружовым блакноціку з ручкай ці новых чаравічках для сястрычкі, на многія рэчы пачынаеш глядзець інакш.
У Гродне паспяхова працуе дзённы цэнтр Чырвонага Крыжа для дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў, а летам для яго наведвальнікаў арганізуецца загарадны інтэграцыйны лагер. Выдатна зарэкамендавалі сябе нашы атрады хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Яны прыходзяць на дапамогу людзям, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі падчас вясновай паводкі, заблукалі ў лесе і гэтак далей. Увогуле, кірункаў работы шмат.
— Канец года — час падводзіць папярэднія вынікі. Якім быў 2022 год?
— Няпростым, але выніковым. Крызіс на беларускапольскай граніцы дапамог нам пераасэнсаваць каштоўнасць чалавечага жыцця, бяспекі, свабоды, вызваліцца ад лішняга, перафармаціравацца. Сёння ў нашай камандзе валанцёраў каля 14 тысяч чалавек, гэта неабыякавыя, надзейныя людзі з вялікай душой. Акрамя таго, мы змаглі ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. У прыватнасці, абнавілі парк аўтатранспарту, што зрабіла нас больш мабільнымі. Дзякуючы партнёрам, закупілі новыя каркасныя модулі, цяпер пры неабходнасці можам развярнуць цэлы выратавальны гарадок.
Дзмітрый Шаўцоў — яскравы прыклад чалавека, які кіруецца ў жыцці правілам “вучыцца, вучыцца, яшчэ раз вучыцца”.
Актыўна працавалі ўвесь год па распаўсюджванні нашых мэт, стратэгіі, місіі. Фраза, што дабро трэба рабіць ціха, у XXI стагоддзі ўжо не працуе. Неабходна як мага больш расказваць аб сваёй рабоце. І тады ніхто не будзе задавацца пытаннем, навошта дапамагаць Чырвонаму Крыжу.
Трымаць рытм
— Вашай працаздольнасці і актыўнасці на ўсіх этапах жыцця можна па-добраму пазайздросціць. Як вытрымліваеце гэты рытм, што дапамагае заставацца на пазітыве?
— Такі характар, не магу сядзець на месцы, люблю рух, хуткасць. Знімаць псіхаэмацыянальнае напружанне дапамагаюць хобі, у мяне іх два — паляванне і спорт. На паляванні бываю нячаста, некалькі разоў у год. А вось спортам займаюся даволі актыўна — гэта бадмінтон, бег.
Вялікая мая аддушына — сям’я. Жонка заўсёды падтрымлівае мяне, з разуменнем ставіцца да таго, што шмат працую і рэдка бываю дома. Яна медык, як і я. У нас два сыны — старэйшаму 26 гадоў, малодшаму 16.
— Хто-небудзь з хлопцаў выбраў медыцыну? Можа, з’явіцца дынастыя?
— Старэйшы сын Максім збіраўся паступаць у медуніверсітэт, але ў апошні момант перадумаў. Атрымаў адукацыю ў экалагічнай сферы, зараз працуе інжынерам-эколагам на адным з прадпрыемстваў сталіцы. Малодшы Данііл пакуль не вызначыўся з будучай прафесіяй. Не важна, будзе яна звязана з медыцынай ці не, мы падтрымаем яго выбар. Жыццё само падкажа шлях, як гэта ў свой час адбылося са мной.
Аксана МЫЦЬКО.
Фота аўтара, Тамары ХАМІЦЭВІЧ і з сямейнага архіва героя.