На першым працоўным месцы

- 9:10Якасць адукацыі

Напярэдадні новага навучальнага года ўстановы адукацыі Магілёўшчыны папоўніліся маладымі педагогамі. Усяго да работы прыступілі 519 маладых спецыялістаў. Адметна, што для каля 40 працэнтаў пачынаючых настаўнікаў першым працоўным месцам сталі сельскія навучальныя ўстановы.

У Магілёўскі раён сёлета прыбылі 15 маладых педагогаў. З іх тры — выхавальнікі дашкольных уста­ноў. Значна, што сярод маладых спецыялістаў шасцёра — выпускнікі мясцовых школ.

З ліку такіх — настаўніца гісторыі Настасся Сяргееўна Каваленка і настаўніца англійскай мовы Аляксандра Віктараўна Баброва, якія ў якасці маладых спецыялістаў прыехалі ў Буйніцкую сярэднюю школу. Акрамя іх, свой працоўны шлях у Буйнічах пачынае настаўнік англійскай мовы Станіслаў Аляксандравіч Парашкоў. У навучальнай установе кожнага маладога педагога цёпла прынялі. У далейшым ім будзе аказвацца ўсебаковая падтрымка ў прафесійным станаўленні.

— На атрыманне педагагічнай прафесіі мяне натхніў прыклад маіх школьных настаўнікаў. У свой час я актыўна і паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядным руху. Напэўна, тады і зрабіла прафесійны выбар, бо вельмі хацелася быць падобнай на сваю настаўніцу. У бягучым годзе я скончыла гісторыка-філалагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. Планую працаваць так, каб навучэнцам на ўроку было цікава, для гэтага буду старацца да кожнага знахо­дзіць свой падыход. Ці працягну працаваць у Буйнічах пасля заканчэння тэрміну размеркавання? Час пакажа. Пакуль я настроена на плённую педагагічную дзейнасць, — падзялілася маладая настаўніца гісторыі Настасся Сяргееўна Каваленка.

Дарэчы, агульны паказчык замацавання маладых педагогаў у Магілёўскім раёне за апошні год — 78 працэнтаў. Мясцовымі выканаўчымі ўладамі прадугледжаны шэраг стымулаў для пачынаючых настаўнікаў. Як і ў цэлым па рэгіёне, тут маладым спецыялістам па неабходнасці аказва­юць садзейнічанне ў забеспячэнні жыллём, для іх прадугледжаны дадатковыя віды са­цыяльнай дапамогі, стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты. Многае робіцца таксама ў плане аказання маральнай і псіхалагічнай падтрымкі. Усюды развіты інстытут настаўніцтва, метадычныя аб’яднанні, дзе маладыя спецыялісты могуць атрымаць парады і кансультацыі ад больш вопытных калег. Усё гэта ў ком­плексе дапамагае маладым педагогам хутчэй уліцца ў працоўныя будні, стымулюе імкнуцца да прафесійнага ўдасканалення.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.