На радасць нам і нашчадкам

- 16:16Нам пішуць

Лес патрабуе ад нас пастаяннага клопату і ўвагі, бо з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам, які трэба прымнажаць і берагчы.

Не першы год навучэнцы і педагогі нашай школы задзейнічаны ў лесапасадачных работах. Па словах ляснічага Маларыцкага лясніцтва Вячаслава Шчарбачэні, менавіта нашы дзеці працуюць з найбольшай аддачай, і таму на працягу пяці гадоў работнікі лясніцтва бяруць іх у памочнікі. Дзеці пасадзілі больш за 10 гектараў саджанцаў на тэрыторыі лясніцтва.

Вось і гэтай вясной навучэнцы 8—10 класаў з задавальненнем адгукнуліся на просьбу аб дапамозе ў пасадцы саджанцаў. Працаваць ім падабаецца, таму што гэта і свежае паветра, і поўная сувязь з прыродай, і сама праца на карысць.

“Кожны чалавек у сваім жыцці павінен пасадзіць дрэва, каб пакінуць пасля сябе добрую памяць, — сур’ёзна разважае вучаніца 8 класа Настасся Бурштын. — Будзе мне, напрыклад, гадоў 30, абавязкова прыеду сюды, каб палюбавацца лесам. А ён жа вырасце!” “А я і дзяцей сваіх прывязу паглядзець на лес, які пасаджаны і маімі рукамі”, — працягвае размову вучань 9 класа Улад Губей.

Хочацца верыць, што маленькія саджанцы лясных культур, якія з любоўю і асаблівым стараннем саджалі юныя аматары прыроды, абавязкова прыжывуцца, з кожным днём будуць набіраць сілу на радасць нашым нашчадкам.

Вера БУРШТЫН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.