На рахунку беларусаў — два сярэбраныя і два бронзавыя медалі

- 10:34Апошнія запісы, Рознае

На мінулым тыдні беларускія школьнікі змагаліся за медалі ХХVІІІ Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (IOI-2016). Па яе выніках усе чатыры юныя інфарматыкі, якія прадстаўлялі нашу краіну, заваявалі высокія ўзнагароды. Два сярэбраныя медалі прывезлі выпускнік Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Наталевіч і навучэнец 11 класа гомельскай гімназіі № 51 Фёдар Карабейнікаў. Яшчэ дзве “бронзы” — у выпускніка гімназіі № 8 Віцебска Ільі Мядзянікава і навучэнца 11 класа гэтай жа гімназіі Артура Петухоўскага.

Сёлета алімпіяда праходзіла з 12 па 19 жніўня ў Казані (Расія). Удзел у ёй прынялі 308 юных праграмістаў з 81 краіны свету. Агульная колькасць удзельнікаў алімпіяды (школьнікаў, кіраўнікоў каманд, членаў міжнародных камітэтаў, гасцей) склала каля 900 чалавек з 86 краін (прадстаўнікі 5 краін выступілі ў ролі назіральнікаў). Арганізацыйны і тэхнічны бок спаборніцтваў ажыццяўляў Казанскі федэральны ўніверсітэт. Да арганізацыі спаборніцтваў было прыцягнута 220 валанцёраў.

Кіраўнікамі каманд беларускай зборнай выступілі дацэнт кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Ірына Кірыновіч і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Толсцікаў. Назіральнік ад Рэспублікі Беларусь — дырэктар ААТ “ЯндэксБЕЛ” Аляксей Сікорскі.

Традыцыйна спаборніцтвы складаліся з двух тураў. Юныя інфарматыкі працавалі індывідуальна за камп’ютарам, па сумарных балах за два туры спаборніцтваў вызначаўся іх рэйтынг. Усе рабочыя камп’ютарныя месцы ўдзельнікаў мелі аднолькавае аснашчэнне. Кожны тур уключаў тры алгарытмічныя задачы, рашэнне якіх неабходна было прадставіць на камп’ютары ў сістэме спаборніцтваў. Рашэнне кожнай задачы ўключала праблемны аналіз, распрацоўку алгарытмаў і структуры даных, распрацоўку і тэсціраванне праграм.

Па словах Ірыны Фёдараўны Кірыновіч, з году ў год узровень задач павышаецца, яны ўскладняюцца. Калі пяць гадоў назад навучэнцы маглі карыстацца загадзя падрыхтаванымі алгарытмамі, то зараз неабходна абавязкова прыдумваць штосьці сваё. Канкурэнцыя велізарная. Сёлета добра падрыхтаванымі былі навучэнцы з Кітая, Карэі, Японіі, Расіі, Польшчы, і яны прадэманстравалі высокія вынікі.

Практыка паказвае, што, каб паспяхова выступіць на алімпіядзе, вучням патрэбна творчая неардынарная падрыхтоўка. У выстройванні алгарытму рашэння вялікую ролю адыгрываюць развітое ўяўленне, кампазіцыйнае бачанне агульнай задачы, дапытлівы аналітычны розум і крытычнае ўспрыманне ўласных крокаў. Прычым поспеху дасягаюць тыя вучні, якія ў алімпіядным руху — з ранняга школьнага ўзросту.

Ды і, як заўважаюць спецыялісты, алімпіяда пастаянна развіваецца, паколькі інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі эвалюцыяніруюць з вялікай хуткасцю. Гэта тычыцца як задач, так і тэхналогіі правядзення саміх спаборніцтваў. Напрыклад, першая алімпіяда складалася з аднаго тура, і на гэтым туры была прапанавана адна задача. На наступных алімпіядах колькасць тураў павялічылася да двух. Колькасць задач на турах таксама мянялася па меры развіцця алімпіяды. Спачатку было па адной задачы на кожным туры, але кожная задача была шматузроўневай. Затым колькасць задач на кожным туры павялічылася да трох. Змянілася таксама і сістэма ацэньвання задач. Раней рашэнне кожнай задачы ацэньвалася па тэстах, і за кожны правільна пройдзены тэст удзельніку налічвалася пэўная колькасць балаў. Зараз у кожнай задачы вылучаны падзадачы, і кожная падзадача ацэньваецца альбо па асобных тэстах, альбо па ўсіх тэстах адразу, гэта значыць балы за падзадачу налічваюцца ўдзельніку толькі ў тым выпадку, калі ўсе тэсты для гэтай падзадачы паспяхова пройдзены. Праверка рашэнняў і тэхналогія правядзення алімпіяды таксама змяніліся. Калі на першых алімпіядах праверка рашэнняў задач удзельнікаў праводзілася па тэстах уручную і многае залежала ад правяраючага, то зараз усё робіцца аб’ектыўна з дапамогай сістэм аўтаматычнай праверкі. Усе камп’ютары ўдзельнікаў звязаны ў адзіную камп’ютарную сетку, і для праверкі рашэння кожнай задачы распрацоўваецца складанае праграмнае забеспячэнне, пачынаючы з камплектаў тэстаў і заканчваючы правяраючымі праграмамі для кожнай задачы. З улікам усяго гэтага мяняюцца і кампетэнцыі, якія патрабуюцца ад удзельнікаў на алімпіядзе. Яны павінны выкарыстоўваць пры рашэнні алімпіядных задач больш складаныя раздзелы інфарматыкі і валодаць больш сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Ілья Мядзянікаў і Артур Петухоўскі — выхаванцы Веранікі Паўлаўны Лакціной. Разам са сваімі таварышамі, якія трэніруюцца ў педагога, адчуваюць сябе адзінай камандай. Педагог лічыць гэта вельмі важным не толькі для раскрыцця патэнцыялу дзіцяці, развіцця здольнасцей па прадмеце, дасягнення прыкметных поспехаў яшчэ ў школьны перыяд, але і для станаўлення асобы будучага спецыяліста, у пэўнай ступені нават для яго прафесійнай адаптацыі. Таму што выкладае Вераніка Паўлаўна інфарматыку, а, як вядома, у ІТ-галіне сёння ніводзін праект не робіцца ў адзіночку, і ўменне працаваць у камандзе тут абавязковае патрабаванне. Як і мэтанакіраванасць, захопленасць на мяжы апантанасці, поўная самааддача ў працы на вынік — тое, што ўласным прыкладам і з дапамогай выпускнікоў настаўніца стараецца прывіць сваім дзецям.

— Сяброўства, узаемадапамога, падтрымка, — называе “трох кітоў” ІТ-адукацыі віцебскі педагог. — Падчас трэніровак малодшым пастаянна нагадваю: ты справіўся з заданнем, а сваім таварышам дапамог? Потым нагадваць не прыходзіцца, старэйшыя самі рады і патлумачыць рашэнне ўсім ля дошкі, і падысці, дапамагчы сябру індывідуальна. Усе актыўна кантактуюць у сацыяльных сетках. Студэнты — нашы выпускнікі — часта прыязджаюць і таксама перадаюць вопыт малодшым.

Эфектыўнасць работы педагога відаць па яе выніках. Для кагосьці такі “ўраджай” заваяваных яго навучэнцамі медалёў — недасяжная мара. Для Веранікі Лакціной — плён некалькіх месяцаў.

— Ілья Мядзянікаў тройчы ўваходзіў у тройку лідараў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, сёлета паказаў лепшы вынік у рэспубліцы. Ён двойчы прызёр і сёлетні пераможца Маскоўскай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы, тройчы ў складзе каманды атрымліваў перамогі на Усерасійскай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы, неаднаразовы пераможца чэмпіянатаў ВДУ імя П.М.Машэрава і БДУ, адкрытага чэмпіянату па праграмаванні БДУІР, дыстанцыйнай алімпіяды Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта механікі і оптыкі, бронзавы прызёр Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы ў Астане, — расказвае настаўніца. — Ілья прыйшоў да мяне ў 5 класе, а вось Артур Петухоўскі — у 3-м. Стала з ім займацца індывідуальна з другога паўгоддзя, гляджу — кеміць малы. У 4 класе ён далучыўся да пяці- і шасцікласнікаў, а з 8 класа паспяхова выступае на рэспубліканскай алімпіядзе, на ўсерасійскай алімпіядзе — усе пройдзеныя спаборніцтвы доўга пералічваць.

Вынік для педагога, дарэчы, не выключны: так, у мінулым годзе віцябляне на міжнароднай алімпіядзе ўзялі “серабро” і “бронзу”. І яшчэ надзвычай важны момант: маючы на руках запрашэнні прэстыжных замежных устаноў вышэйшай адукацыі, вельмі многія выпускнікі Веранікі Паўлаўны выбіраюць для далейшай вучобы беларускія ўніверсітэты.

— Тлумачу дзецям, што за мяжу па кантракце яны заўсёды паспеюць з’ездзіць. А тут — і сям’я побач, і перспектывы далейшай работы ў нашай краіне не горшыя. У Беларусі многа моцных ІТ-кампаній, куды можа ўладкавацца ўжо студэнт і зарабляць не менш, чым у аналагічных замежных. Кар’еру тут можна зрабіць нават хутчэй, чым за мяжой, у 22—23 гады стаць кіраўніком праекта. Зрэшты, у сучасным свеце, і асабліва ў ІТ-галіне, само паняцце межаў і адлегласцей даволі умоўнае, — адзначае Вераніка Паўлаўна. — Заўсёды паўтараю вучням: дзеці, зрабіце ўсё, што ад вас залежыць, каб ні аб чым не шкадаваць. Ніякай ляноты, штораз выкладацца па поўнай, каб потым не перажываць, што здольны быў на большае ды нешта не дарабіў, не дарашаў. Узяць рэальную мэту і прыкладаць усе намаганні для яе дасягнення. У нас, як у вялікім спорце: каб дасягнуць вышыні, трэба аддаць усяго сябе. І ніколі не здавацца. Як бы ні было цяжка, да апошняй секунды трэба змагацца і верыць у сваю перамогу.

* * *

Акрамя спаборніцтваў, для ўдзельнікаў міжнароднай алімпіяды была арганізавана вялікая культурна-забаўляльная праграма, у тым ліку 8 эксурсійных маршрутаў па Казані, Свіяжску, Балгары, КФУ і Інаполісе; спартыўныя мерапрыемствы.

Удзельнікі і госці маглі пазнаёміцца з выставай, на якой былі прадстаўлены інтэрактыўнае абсталяванне, робататэхніка, электронныя падручнікі, лічбавыя вучэбныя лабараторыі, віртуальная рэальнасць і інш. У дні правядзення выставы можна было наведаць майстар-класы вендараў па практычным прымяненні дасягненняў у сферы ІКТ-тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Віншуем нашых алімпіяднікацаў з перамогай!

У наступным годзе міжнародная алімпіяда (IOI-2017) пройдзе ў Тэгеране (Іран).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Таццяна БОНДАРАВА.