На роднай мове — з маленства

- 16:54Нам пішуць

Кожны тыдзень у сярэдніх і старшых групах нашага цэнтра праходзіць дзень беларускай мовы. У гэты дзень увесь адукацыйны працэс ажыццяўляецца на роднай мове.

Але гэтага нам аказалася мала. Мы пайшлі далей і адкрылі тры беларускамоўныя групы. Было праведзена апытанне сярод бацькоў з просьбай выказаць сваё стаўленне да беларускай мовы і як яны паставяцца, калі іх дзеці будуць вучыцца на беларускай мове. Больш за 70% апытаных выказаліся за навучанне іх дзяцей на беларускай мове.

Прааналізаваўшы магчымасці ўстановы: кадравы патэнцыял, наяўнасць метадычнага забеспячэння, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, мы прыйшлі да адзінага рашэння — дзейнічаць. І не памыліліся. Ужо праз паўгода ўбачылі вынікі: дзеці сталі вітацца і развітвацца на беларускай мове, ужываць словы падзякі, называць прадметы і г.д.

У гэтых групах ствараюцца куткі традыцый беларускага народа. Усе выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца на беларускай мове. Адным з такіх яркіх і запамінальных мерапрыемстваў стала “Свята восені”, якое прайшло ў другой малодшай групе (выхавальнік Ж.А.Змітровіч). У свяце прынялі ўдзел і бацькі. З іх дапамогай была арганізавана выстава вырабаў сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей “Асенні букет”.

Цікавую праграму прыгатавалі для мам. Выхавальнік Д.В.Тумкевіч, музычны кіраўнік І.Ч.Гульбінская разам з выхаванцамі сярэдняй групы падрыхтавалі забаўляльнае мерапрыемства: дзеці разам з мамамі бавіліся ў беларускія гульні, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі. А ў канцы мерапрыемства дзеці ўручылі мамам зробленыя ўласнымі рукамі сувеніры.

Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.