У Гомелі завяршыў работу адукацыйны праект “Паспяховае працаўладкаванне”, які быў зладжаны па праграме малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Не паспелі гамяльчане абмеркаваць вынікі праекта, як каардынатары выступілі з новай ініцыятывай па адкрыцці ў абласным цэнтры бізнес-школы “Сацыяльны прадпрымальнік”. Кіраўніком абодвух праектаў выступіў дырэктар ІПКіПК Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Юрый Калеснік.
У 2015 годзе Юрый Калеснік пабываў на стажыроўцы ў Дэтройце (ЗША) па праграме амерыканскага агенцтва па міжнародным развіцці. Натхнёны замежным вопытам, Юрый Мікалаевіч распачаў у Гомелі справу па развіцці адукацыйных бізнес-праектаў. Першы з іх — “Паспяховае працаўладкаванне” — адразу ж атрымаў шырокі грамадскі рэзананс. Адны ўдзельнікі адкрылі ўласную справу, другія знайшлі добрае месца працы, а некаторыя далучыліся да наступнага праекта — “Сацыяльны прадпрымальнік”.
Разам з Юрыем Калеснікам школай “Сацыяльны прадпрымальнік” кіруе дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Метэарыт Плюс” Аксана Шаўчэнка.
— Мэта школы — выкрыць вострыя грамадскія праблемы, якія турбуюць беларусаў, паспрабаваць знайсці неардынарныя спосабы іх вырашэння і пры гэтым дапамагчы людзям зарабіць уласныя грошы. Дарэчы, у школе ўключаюць у групу навучэнцаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — выступіла на адкрыцці мерапрыемства прадпрымальніца.
На працягу года каля 100 слухачоў будуць адзін раз на тыдзень займацца ў школе “Сацыяльны прадпрымальнік”. Вучэбная праграма створана на аснове сучасных замежных практык і ўключае блокі семінараў, практычных трэнінгаў, стажыроўкі на базе прадпрыемстваў і арганізацый. Самая інтэнсіўная частка разлічана на тры месяцы. Акрамя таго, падчас навучання будзе праходзіць конкурс бізнес-ідэй, які выявіць самыя моцныя і перспектыўныя праекты. Яны атрымаюць гранты на развіццё сацыяльнага бізнесу.
— У Беларусі пакуль няма такога заканадаўча замацаванага паняцця, як сацыяльнае прадпрымальніцтва. У многіх краінах гэты кірунак развіваецца паспяхова, у тым ліку з падтрымкай дзяржавы і бізнесу. Першыя крокі робяцца і ў нас, — кажа Юрый Калеснік. — Ёсць пэўныя прыкметы, па якіх тыя ці іншыя прадпрыемствы можна аднесці да сацыяльных. Гэта прадпрыемствы, якія вырашаюць найперш сацыяльныя праблемы. Іх асноўная мэта заключаецца не ў тым, каб атрымаць высокія прыбыткі, а ў вырашэнні складаных пытанняў накшталт працаўладкавання людзей з інваліднасцю ці дапамогі людзям у складаных жыццёвых сітуацыях.
У некаторых гарадах Беларусі сёння ўжо існуюць нестандартныя праекты. У Мінску прадпрымальніца аб’яднала пажылых жанчын, якія займаюцца рукадзеллем, і ўзяла на сябе продаж іх вырабаў. З той жа серыі праект “Бабулін часнок” — кампазіцыі з гародніны, якую не толькі цяжка вырасціць, але і самастойна прадаць, альбо сацыяльны бізнес, які сабраў маладых мам, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Для апошніх арганізавалі арт-прастору: пакуль з дзецьмі займаюцца педагогі, мамы вяжуць, шыюць, вышываюць. І ўсё гэта потым прадаецца ў спецыяльнай краме.
Як адзначалася раней, у школе могуць вучыцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Член савета гомельскага грамадскага аб’яднання “Інваліды-спінальнікі” Сяргей Баўманіс кажа:
— У Германіі, напрыклад, гэта звычайная практыка. Ствараюцца спецыяльныя школы кшталту майстэрань, дзе інваліды атрымліваюць заказы, зарабляюць грошы. У нас таксама ёсць такія гурткі, аднак яны недастаткова распаўсюджаны. Людзі ў іх проста праводзяць вольны час, а каб канкрэтна працаваць — такіх майстэрань пакуль няма.
Што ж, справа распачатая, застаецца спадзявацца, што ў арганізатараў і ўдзельнікаў праекта ўсё атрымаецца і ў Беларусі з’явяцца новыя прадпрыемствы, здольныя вырашаць сацыяльна значныя пытанні.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота з інтэрнэту.