Пастаянная работа педагога над удасканаленнем свайго прафесіяналізму вельмі важная з прычыны спецыфікі педагагічнай дзейнасці, накіраванай на навучанне і выхаванне школьніка. Пра гэта ішла размова на рэспубліканскай канферэнцыі “Кампетэнцыі педагога ХХІ стагоддзя”, арганізаванай Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.
У лабірынце ідэй
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Горак Аксана Каткова прадставіла актыўныя формы супрацоўніцтва педагогаў, накіраваныя на павышэнне іх прафесійнай кампетэнтнасці. У такіх формах праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, творчых груп, семінары і педсаветы. Адной з форм, якая прымяняецца ў названай установе адукацыі, з’яўляецца метадычны квест. Квест — гэта займальная, жывая гульня для каманды з некалькіх чалавек, падчас якой трэба выканаць пэўнае заданне (некалькі заданняў). Звычайна за абмежаваны прамежак часу (60—90 мінут) неабходна нешта адшукаць (прадмет, падказку, паведамленне), каб можна было рухацца далей.
— Метадычны квест — гульня, якая рэалізуе метадычныя задачы, — заўважае Аксана Васільеўна. — Як правіла, удзельнікам метадычнага квеста неабходна вырашыць прафесійныя праблемы, пэўныя задачы. Гэта дазваляе ўключыць настаўнікаў у практычнае засваенне тых ці іншых педагагічных практык. У форме метадычнага квеста ў школе быў паспяхова праведзены семінар “Маральная асоба”, педагагічны савет “Прымяненне эфектыўных адукацыйных практык у выкладанні вучэбных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях — сродак удасканалення адукацыйнага працэсу”, семінар “У лабірынце ідэй: эфектыўны ўрок ад тэорыі да практыкі”. Удзельнічаючы ў такой форме работы, педагогі засвойваюць не толькі новыя тэхналогіі, метады і прыёмы, але і методыку правядзення квеста для прымянення ў сваёй далейшай дзейнасці.
У практыцы ўстановы адукацыі выкарыстоўваецца і такая форма правядзення метадычных мерапрыемстваў, як адукацыйнае падарожжа. Гэта форма інтэрактыўнага ўзаемадзеяння педагогаў. Так, адукацыйнае падарожжа “Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на вучэбных занятках” дазволіла рэалізаваць праграму педагагічнага савета. Яно ўключала шэраг этапаў: матывацыю, інструктаж, індывідуальнае і групавое пагружэнне, групавую работу, арганізацыю вяртушкі зносін, рэфлексію. Групы ўдзельнікаў “Дыягносты”, “Аналітыкі”, “Тэарэтыкі”, “Практыкі”, “Эксперты” на працягу пэўнага часу па сваім маршруце мелі магчымасць збіраць інфармацыю, дзяліцца ёй, узаемадзейнічаць адно з адным.
Адукацыйнае падарожжа прадугледжвае вывучэнне настаўнікамі дасягненняў навукі і перадавога вопыту, вырашэнне праблемных пытанняў з дапамогай мадэлявання сітуацыі і арганізацыі сумеснай дзейнасці, распрацоўку комплексу рэкамендацый па прымяненні пэўных прыёмаў, метадаў навучання.
На думку Аксаны Катковай, выкарыстанне актыўных форм узаемадзеяння ў сістэме метадычнай дзейнасці ўстановы адукацыі не толькі спрыяе знаёмству настаўнікаў з навінкамі педагогікі і методыкі выкладання прадметаў, іх пастаяннаму развіццю ў сваёй прафесіі, але і павышае ўзровень метадалагічнай культуры педагогаў. Пра гэта сведчыць той факт, што за апошнія гады ў школе павялічылася колькасць педагогаў, якія актыўна выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці інавацыі, сфарміравалі эфектыўны педагагічны вопыт, трансліруюць лепшыя яго ўзоры. Усё гэта станоўча ўплывае на павышэнне якасці адукацыі.
Асабісты брэндынг настаўніка
“Якое значэнне мае асабісты брэнд для настаўніка?” — задаецца пытаннем намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава Наталля Клімец. І адказвае: “Асабісты брэндынг для настаўніка адыгрывае важную ролю ў сучасным канкурэнтным спаборніцтве, дапамагае яму выбудаваць уласны шлях самаадукацыйнай дзейнасці, самавызначыцца, самасцвердзіцца, самарэалізавацца ў сваёй сферы дзейнасці і адчуць сябе не проста настаўнікам, а майстрам педагагічнай справы”.
Алгарытм фарміравання асабістага брэнда можна падзяліць на чатыры этапы. У першую чаргу настаўніку неабходна прааналізаваць свае асобасныя і прафесійныя якасці, вылучыць перавагі, таленты, навыкі, уменні. На наступным этапе ўзнікае неабходнасць разабрацца, у якім стылі педагагічнай дзейнасці настаўнік адчувае сябе як рыба ў вадзе, у якім яму лягчэй за ўсё дасягнуць высокіх вынікаў, дзе ён з высокай дакладнасцю зможа сябе запатэнтаваць як уладальнік уласнай катэгорыі педагагічных ведаў. Трэці этап — фарміраванне канцэпцыі асабістага брэнда. Кожны спецыяліст практыкуе ўласны стыль работы, і настаўнік — не выключэнне. Каб знайсці падыходзячы стыль, педагогу неабходна зразумець: які кірунак педагагічнай дзейнасці яму бліжэй, у чым яму будзе лягчэй дасягнуць выдатных вынікаў, дзе ён можа праявіць сябе як сапраўдны прафесіянал. Шырокія веды ў традыцыйным кірунку педагагічнай дзейнасці або распрацоўка новага прадукту дапамогуць педагогу стварыць сабе імя, набыць вядомасць сярод калег. Пазіцыянаванне — вядучая пазіцыя ў выбраным стылі як пастаўшчыка ўнікальных прадуктаў ці ідэй праз публікацыі, публічныя выступленні. Толькі такая тактыка дапаможа распаўсюдзіць свой вопыт і стаць больш вядомым у прафесійным коле.
Публікацыя педагагічных напрацовак — эфектыўная форма прапаганды, асваення і ўкаранення перспектыўнага педагагічнага вопыту. Гэта дапаможа настаўніку палепшыць прафесійную рэпутацыю і распаўсюдзіць інфармацыю пра сябе як пра выдатнага спецыяліста не толькі ў сваёй мясцовасці, але і за яе межамі.
— Каб быць паспяховым на завяршальным этапе фарміравання асабістага брэнда і яго падтрымкі, варта прытрымлівацца наступных парад, — адзначае Наталля Паўлаўна. — Па-першае, педагог павінен пастаянна займацца самаразвіццём, каб не адстаць ад змяненняў навакольнага свету, трымаць свой прафесійны статус на вяршыні педагагічнай дзейнасці. Па-другое, трэба выпрацоўваць і распаўсюджваць інфармацыйныя прадукты па выбранай тэме: кампакт-дыскі, электронныя кнігі, даведнікі. Усё гэта прывядзе да практычнага пацвярджэння індывідуальнай прафесійнай значнасці сярод шырокага кола слухачоў. Па-трэцяе,
удзел у семінарах, педагагічных форумах, вэбінарах і вэб-канферэнцыях дапаможа развіць прамоўніцкае майстэрства,
стаць больш упэўненым, харызматычным, навучыцца арыгінальна прэзентаваць свае ідэі. А ўдзел у розных прафесійных конкурсах дасць магчымасць параўнаць сябе з канкурэнтамі, выбудаваць асабістую педагагічную лінію творчасці і поспеху. Распрацоўка ўласнага прадстаўніцтва ў сетцы інтэрнэт дазволіць настаўніку мець зносіны са сваімі калегамі, абменьвацца інфармацыяй і заўсёды быць у курсе ўсіх навін.
З дапамогай цьютара
Адукацыйная ўстанова павінна не толькі адгукацца на сучасныя трэнды адукацыі, але і працаваць на апярэджванне, і галоўны рэсурс тут — настаўнік. На думку педагогаў сярэдняй школы № 1 Астраўца Ягора Філіпава і Алы Каржанок, адным з ключавых інструментаў індывідуалізацыі асобы педагога выступае арганізацыя цьютарскага суправаджэння, якое ў межах установы адукацыі ўяўляе сабой цэласную сістэму для развіцця творчай асобы настаўніка, якога з пасіўнага аб’екта неабходна перавесці ў актыўнага, самастойнага, канкурэнтаздольнага суб’екта. Неабходна сарыентаваць педагога на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, на выбудоўванне індывідуальнай траекторыі прафесійнага развіцця.
Цьютар дапамагае свайму калегу ў стварэнні вобразу самога сябе, ва ўсведамленні сваіх адукацыйных інтарэсаў, у фарміраванні ключавых кампетэнцый, а таксама ў развіцці індывідуальнай сацыяльнай актыўнасці.
— Станаўленне педагога адбываецца падчас яго адукацыйнага руху па індывідуальнай траекторыі, якая пачынаецца з вывучэння яго адукацыйных запытаў і цяжкасцей у рабоце. Значным крокам у гэтай дзейнасці з’яўляецца дапамога цьютара, які сумесна з самім настаўнікам вызначае галоўны вектар у развіцці. Цьютар павінен навучыць ставіць перад сабой жыццёвыя мэты і выяўляць рэсурсы, неабходныя для іх дасягнення, — адзначае Ягор Філіпаў. — Асноўныя этапы цьютарскага суправаджэння: дыягнастычны (вызначаюцца індывідуальна-асобасныя асаблівасці, аналізуюцца ступень сфарміраванасці практычнай дзейнасці, устойлівасць пазнавальнай матывацыі, патрэбы ў паглыбленай і пашыранай адукацыі, вызначаюцца найбліжэйшыя і аддаленыя жыццёвыя перспектывы), праектны (пабудова індывідуальнай адукацыйнай траекторыі), рэалізацыйны (педагог далучаецца да навукова-даследчай дзейнасці і конкурсаў педагагічнага майстэрства). На аналітыка-рэфлексіўным этапе ажыццяўляецца маніторынг працэсу рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай праграмы настаўніка. Адбываецца фарміраванне адэкватнай самаацэнкі і рэфлексіўнага самакантролю. Падчас абагульняючага этапу афармляецца партфоліа дасягненняў. Ацэньваюцца вынікі сумеснай дзейнасці педагога і цьютара, ступень дасягнення запланаваных мэт, а таксама набыты практычны вопыт.
Лепшым асобасна значным псіхалагічным сродкам, які дазваляе ўбачыць сябе і свае дзеянні па-новаму, у іншым маштабе і іншым кантэксце, з’яўляецца стварэнне асобасна-рэсурснай карты. Рэсурсная карта — гэта наглядны малюнак чалавечых магчымасцей і рэсурсаў, звязаных з рухам чалавека, падчас якога ён можа паэтапна асвоіць гэтыя рэсурсы. “Перш чым прапанаваць маляваць карту, неабходна абмеркаваць, што яна сабой уяўляе і якія элементы неабходна на ёй адлюстраваць. Этапы цьютарскага суправаджэння пры рабоце з картай: назіранне, выяўленне схаваных рэсурсаў педагога, развіццё пазнавальных інтарэсаў, адкрыццё магчымасцей навакольнага свету, — тлумачыць Ала Каржанок. — Такім чынам, педагог стварае пэўную прадукцыю, выбудоўвае свой адукацыйны шлях, абапіраючыся на індывідуальныя якасці і здольнасці. Рэсурсаў для развіцця заўсёды дастаткова, трэба толькі заўважыць іх і прымяніць на практыцы”.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.