На старце педагогі

- 10:41Спартыўныя падзеі

Па ініцыятыве Пінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў Пінску штогод праходзіць спартакіяда сярод школ і дашкольных устаноў, дзе педагагічныя работнікі могуць праявіць сваё майстэрства і спрыт. У праграме спаборніцтваў — шашкі, шахматы, валейбол, стральба, дартс, турызм і настольны тэніс.

На базе гімназіі № 1 Пінска прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе, у якіх прынялі ўдзел 11 каманд сярэдніх школ і 8 каманд устаноў дашкольнай адукацыі. У складзе каманд выступалі настаўнікі фізікі, рускай мовы, працоўнага навучання, біялогіі, фізічнай культуры і здароўя, выхавальнікі дзіцячых садоў. Барацьба была ўпартай і сумленнай. І толькі ў апошнім туры вызначыўся пераможца. Абыграўшы зборную каманду сярэдняй школы № 18, каманда настаўнікаў сярэдняй школы № 14 заняла 1-е месца. Сваім прыкладам педагогі паказалі, што могуць не толькі паспяхова рыхтаваць дзяцей да спаборніцтваў, але і самі выступаць годна. Трэцяй стала каманда гімназіі № 3.

Спаборніцтвы сярод настаўнікаў — гэта не толькі спорт і перамога, але і спосаб адпачынку ад працоўных будняў, нагода пагутарыць з калегамі і сябрамі, весці здаровы лад жыцця.

Галіна КАРОЛЬ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 14 Пінска.