На плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Мінску прайшла ганаровая цырымонія адкрыцця трэцяга працоўнага семестра 2016 года. У ёй прынялі ўдзел прыкладна 800 байцоў, камандзіраў і камісараў зводных атрадаў абласных і Мінскага гарадскога штабоў студатрадаў. Словы на дарогу прагучалі ад кіраўніцтва ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Акрамя таго, віншавалі студатрадаўцаў і ўручалі працоўныя пуцёўкі прадстаўнікі міністэрстваў, выканкамаў, грамадскіх арганізацый.
— Студатрад — гэта вучоба, магчымасць авалодаць пэўнымі навыкамі і спецыяльнасцямі, — сказаў, звяртаючыся да прысутных, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Гэта яшчэ і нефармальныя зносіны, пазнанне адно аднаго ў новых, не выключана, што нават у крытычных сітуацыях. Студэнцкі студатрадаўскі рух пашыраецца, у нас з’яўляюцца новыя атрады, напрыклад, у ІТ-сферы, ахове здароўя нароўні з традыцыйнымі атрадамі ў сферы сельскай гаспадаркі, іншых. Я ўпэўнены, што гэтаму пачыну быць заўсёды, і ўсё больш студэнтаў будуць удзельнічаць у гэтай цікавай справе.
А працоўную пуцёўку М.А.Жураўкоў уручыў камандзіру зводнага студэнцкага педагагічнага атрада Вользе Пырко.
Летась, у Год моладзі, у складзе 3836 студатрадаў розных профіляў працавалі 70 813 чалавек. Сёлета Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў плануе працаўладкаваць у такіх атрадах не менш за 70 000 чалавек, у тым ліку на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы — 455 чалавек. Пры гэтым плануецца, што за межамі Беларусі будуць працаваць 25 атрадаў, у тым ліку педагагічныя. Напрыклад, ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” ў Краснадарскім краі.
У РШСА падкрэсліваюць, што сёлета асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца фарміраванню ідэалогіі студатрадаўскага руху (каштоўнасці, традыцыі, культура руху) і іміджу студэнцкіх атрадаў як надзейнага і кваліфікаванага партнёра наймальнікаў. Запланавана таксама фарміраванне зводнага рэспубліканскага добраахвотніцкага атрада (каля 30 чалавек) для работы археалагічнай экспедыцыі ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці.
Пасля ганаровай цырымоніі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра і ўручэння пуцёвак атрадам розных профіляў мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, не скончыліся. Іх працягнула маладзёжная працоўная акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі” на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Ускладанне кветак да абеліска з Вечным агнём і мінута маўчання ў памяць ахвяр Трасцянца сталі важнай часткай цырымоніі. Каля 150 байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны высадзілі яблыні гатунку “Слава пераможцам” (сімвала патрыятычнага праекта, які стартаваў летась, — кампазіцыя з яблыневай кветачкі і чырвона-зялёнай стужкі).
А 7 мая да Рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” вырашылі далучыцца ўдзельнікі Міжнароднага фестывалю рэтра- і класічных аўтамабіляў “Рэтра-Мінск-2016”. Свае машыны аўтамабілісты з 9 краін упрыгожаць дзяржаўнымі сцягамі Рэспублікі Беларусь, сцягамі БРСМ і сімваламі акцыі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.