На сваім месцы

- 8:38Людзі адукацыі

Адзін з самых складаных выбараў у жыцці — прафесійнае самавызначэнне. Далёка не кожнаму ўдаецца выбраць правільны прафесійны шлях. А вось у настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 Магілёва Юліі Бузук гэта атрымалася даволі лёгка. Больш за тое, Юлія Сяргееўна пераканана: у выбары прафесіі яна ніколькі не памылілася, бо менавіта ў школе, разам з вучнямі, яна сапраўды адчувае сябе на сваім месцы.

— Я з дзяцінства імкнулася да педагагічнай працы. Заўсёды падабалася бавіць час з дзецьмі. Да таго ж перад вачыма быў добры прыклад у асобе маёй цёткі — паспяховай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Іванаўны Страхі, — успамінае Юлія Бузук.

Трэба сказаць, што бацькі і родныя адгаворвалі захопленую беларускай філалогіяй дзяўчыну ад вучобы ў педагагічнай ВНУ. Але Юлія Сяргееўна ад сваёй мары не адступілася. Працягнула адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і ў хуткім часе атрымала запаветны дыплом.

Жаданая педагагічная дзейнасць для яе пачалася ў сярэдняй школе № 23 Магілёва. У гэтай установе яна адпрацавала год у якасці педагога-арганізатара. Аднак маладому спецыялісту Юліі Бузук вельмі хацелася рэалізаваць сябе як настаўніцу роднай мовы. Калі з’явілася адпаведная вакансія ў сярэдняй школе № 21 горада, яна без роздумаў перайшла туды на працу.

— Дарэчы, у гэтай навучальнай установе працуе мая цётка — Галіна Іванаўна. Калісьці яна адыграла значную ролю ў маім прафесійным выбары, а цяпер сталася так, што мы з ёй калегі, — з усмешкай адзначае Юлія Сяргееўна.

Зараз за плячыма Юліі Бузук пяць гадоў плённай настаўніцкай працы. Як яна сама заўважае, напачатку ўзнікалі пэўныя цяжкасці, але педагагічны калектыў школы вельмі падтрымаў яе ў гэты перыяд, дапамог у прафесійным станаўленні. Зараз Юлія Сяргееўна выпрацавала свае методыкі і падыходы да навучання.

— На маю думку, сапраўдны настаўнік той, хто шчыры і адкрыты з дзецьмі, любіць сваю справу і знаходзіцца ў пастаянным прафесійным самаразвіцці. Для сваіх вучняў я імкнуся быць менавіта такім педагогам, — адзначае Юлія Бузук.

Выкладаючы родную мову, настаўніца стараецца навучыць усіх дзяцей добра гаварыць, думаць, пісаць па-беларуску. Для гэтага Юлія Сяргееўна актыўна выкарыстоўвае на занятках інфармацыйныя тэхналогіі, наглядныя сродкі навучання, разнастайныя формы падачы вучэбнага матэрыялу. Цікавасць вучняў да прадмета павышае і тое, што яна да кожнага з іх шукае свой падыход, кожнаму заўсёды ўдзяляе ўвагу, дапамагае ў засваенні ведаў. Заняткі па літаратуры, упэўнена Юлія Бузук, вельмі спрыяюць выхаванню дзяцей, таму галоўным яна бачыць не проста разбор вучнямі тэкстаў, а дыялог, дыскусіі аб прачытаным, каб дзеці маглі вынесці для сябе нешта карыснае.

Са сваімі вучнямі Юлія Сяргееўна сустракаецца не толькі на занятках, а і ў пазаўрочны час. Разам яны ладзяць вечарыны, віктарыны, конкурсы, святы, флэш-мобы і акцыі, прысвечаныя беларускім традыцыям, народным песням, творам беларускіх класікаў. Такім чынам настаўніца імкнецца далучыць дзяцей да беларускасці. Адметна, што далучэнне да родных вытокаў — прыярытэтны напрамак у адукацыйным працэсе ўсёй установы. Так, кожны чацвер у 21-й школе ўжо традыцыйна беларускамоўны.

Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Юліі Бузук займае работа з адоранымі вучнямі. З такімі дзецьмі яна працуе індывідуальна на факультатывах і адпаведных занятках, стараючыся максімальна развіць іх здольнасці. І трэба сказаць, што, нягледзячы на маладосць, у яе выдатна атрымліваецца раскрываць дзіцячыя таленты. Вучні Юліі Сяргееўны штогод вызначаюцца перамогамі ў інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах. У мінулым годзе яе навучэнец — Ілья Касакоў — атрымаў дыплом пераможца на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Педагагічны шлях Юліі Бузук яшчэ толькі ў самым пачатку. Галоўныя прафесійныя дасягненні чакаюць маладую настаўніцу наперадзе. Але для яе ўласныя ўзнагароды не самае галоўнае ў працы. Значна больш важным яна лічыць поспехі сваіх вучняў, бо менавіта вучнёўскія дасягненні — лепшы паказчык працы настаўніка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.