На тэрыторыі поспеху і самарэалізацыі

- 10:05Суразмоўца

Па выніках апошніх спаборніцтваў, якія штогод праводзяцца на Міншчыне сярод устаноў адукацыі, лепшай установай у сельскай мясцовасці прызнана негарэльская сярэдняя школа № 1 Дзяржынскага раёна. Пра тое, што прывяло школу да поспеху, пра рэалізацыю эфектыўных адукацыйных праектаў, а таксама пра сакрэты кіравання педагагічным калектывам мы гутарым з дырэктарам установы Таццянай Сцяпанаўнай ГАРКАЎЧУК.

— Таццяна Сцяпанаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Ці даўно ўзначальваеце калектыў негарэльскай школы?

— Настаўніцай я хацела быць заўсёды, гэта мая мара з дзяцінства. У маіх бацькоў было дзесяць дзяцей, а я — самая старэйшая, таму заўсёды даводзілася прыглядаць за малымі, дапамагаць ім у вучобе. Спачатку я скончыла мінскае педвучылішча па спецыяльнасці “Педагог дашкольнай адукацыі”, працавала некаторы час у дзіцячым садку. А пасля заканчэння МДПІ імя Максіма Горкага прыехала з мужам па размеркаванні ў Дзяржынскі раён. Тут і засталася. Працавала спачатку настаўніцай геаграфіі і біялогіі ў Лагавішчанскай базавай школе. Там мяне прызначылі на пасаду намесніка дырэктара. Потым лёс прывёў у негарэльскую школу № 1, дзе каля 10 гадоў я працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а потым стала дырэктарам установы. І вось пяты год, як узначальваю гэтую школу. Ніколі не пашкадавала, што выбрала педагагічную прафесію, хаця адміністратарам быць ніколі не хацела.

— У чым, на ваш погляд, галоўная задача дырэктара? Кім даводзіцца быць у першую чаргу — менеджарам ці ўсё-такі настаўнікам?

— Сёння дырэктар школы — гэта перш за ўсё кіраўнік, менеджар, які выбудоўвае свае адносіны з калектывам, навучэнцамі, бацькамі, прадстаўнікамі органаў улады і грамадскасцю. І галоўная мая задача — вызначаць стратэгію развіцця школы, дакладна і зразумела акрэсліць мэты і арганізаваць калектыў для эфектыўнай работы па іх дасягненні. Аднак немагчыма быць дырэктарам без педагагічнай практыкі, бо зносіны з дзецьмі павінны адбывацца пастаянна, важныя непасрэдныя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Таму дырэктар — гэта чалавек, які павінен захоўваць баланс паміж кіраўніком і педагогам.

— Які ваш жыццёвы дэвіз?

— Прымаючыся за нейкае пачынанне, заўсёды думаю: “Чаму не я, а хтосьці іншы павінен рабіць гэтую работу?” І яшчэ мне вельмі падабаюцца словы “Добра ісці па дарозе, якую выбраў сам”. А сваю дарогу я выбірала сама. Таму імкнуся не стаяць на адным месцы, а шукаць штосьці новае, цікавае, каб быць на ўзроўні і крыху вышэй за сваіх педагогаў. Хаця, шчыра прызнаюся, часу на самаадукацыю катастрафічна не хапае.

— А дзе вы чэрпаеце натхненне і сілы?

— Крыніца майго натхнення — мая сям’я. Разам з мужам люблю пахадзіць па лесе, назбіраць грыбоў. Калі з’яўляецца хвілінка вольнага часу, захапляюся кветкаводствам. Разводжу як пакаёвыя расліны, так і кветкі, што растуць на прысядзібным участку. Асабліва люблю ружы — каля дома ў мяне вялікі ружоўнік.

— Таццяна Сцяпанаўна, ці змянілася школа за гады вашай адміністрацыйнай работы?

— Школа — гэта адлюстраванне таго, што робіцца ў грамадстве і ў свеце ў цэлым. Калі адбываюцца пэўныя змены, важна, каб школа мянялася разам з імі. Не можа быць так, што яна працягвае працаваць у звычным для сябе рытме. Узнікненне новых тэхналогій, электронных сістэм навучання — усё гэта ўплывае на дзяцей і настаўнікаў сёння.

— Ваша школа прызнана лепшай установай у сельскай мясцовасці. Што прывяло да поспеху? Што ўяўляе сабой школа сёння?

— Сапраўды, наша ўстанова прызнана пераможцай у Мінскай вобласці сярод устаноў сельскай мясцовасці. І да гэтага поспеху мы ішлі мэтанакіравана. У пазамінулым го-дзе мы былі на другім месцы. У гэтым спаборніцтве разглядаецца вельмі многа пазіцый: і кадравы патэнцыял педагогаў, і фінансава-гаспадарчая дзейнасць установы, і дасягненні вучняў у алімпіядным руху, у даследчых конкурсах, і многае іншае. У нас было многа перамог у алімпіядах і конкурсах самага рознага ўзроўню. На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы Кацярына Урублеўская заваявала дыплом ІІІ ступені. На Рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by” Сяргей Васілеўскі атрымаў дыплом ІІ ступені. Хрысціна Давыдзенка стала дыпламанткай V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”. Каб мець такія перамогі, патрэбны адораныя дзеці,таленавітыя педагогі і зацікаўленыя бацькі.

Школа імкнецца ісці ў нагу з часам. Паступова папаўняецца матэрыяльная база (адрамантавалі спартыўную залу, харчаблок, кабінеты падтрымліваем у належным стане), паспяхова ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі, вялізная ўвага ўдзяляецца якасці навучання і выхавання школьнікаў. На стадыі ўкаранення знаходзіцца праект “Электронная школа”. Два гады назад электронныя дзённікі і журналы пачалі прымяняцца на старшай ступені навучання. Дзеці і бацькі задаволены гэтай сістэмай і гатовы да яе далейшага выкарыстання. А зараз мы хочам укараніць яе для ўсёй школы. Сёлета наш раён перайшоў на платформу schools.by. У найбліжэйшай будучыні плануем укараніць пластыкавыя карткі, электронную прахадную.

Наш педагагічны калектыў імкнецца да таго, каб для кожнага вучня школа (а ва ўстанове вучыцца 467 навучэнцаў, больш за 90 школьнікаў падвозіцца з суседніх вёсак раёна) стала тэрыторыяй поспеху і самарэалізацыі. Штогод каля 50 працэнтаў выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі рэспублікі. Асаблівасць нашай школы ў тым, што да нас вяртаюцца былыя вучні ў якасці маладых спецыялістаў. На сёння больш за 30 працэнтаў педагогаў — выпускнікі нашай школы. Так што кадры сабе мы рыхтуем самі. Прызнаюся, што са сваімі заўсёды працаваць лягчэй, бо яны адчуваюць гіперадказнасць, імкнуцца не ўпасці тварам у гразь перад педагогамі, якія іх вучылі.

На старшай ступені ў нашай установе арганізавана профільнае навучанне па трэцяй мадэлі (дзеці вучацца ў складзе груп): у 11 класе на павышаным узроўні вывучаецца англійская і руская мова, а ў 10 класе — беларуская мова і гісторыя. Профільнае навучанне дае свой плён. Дзякуючы якасна арганізаванай дапрофільнай падрыхтоўцы, у 10 клас дзеці прыходзяць усвядомлена і маюць уяўленне, куды яны жадаюць паступаць і якія прадметы ім патрэбны.

Навучэнцы маюць магчымасць усебакова развіваць свае здольнасці. У нас працуюць шматлікія спартыўныя секцыі (установа паспяхова спаборнічае з вялікімі гарадскімі школамі і гімназіямі, вучні радуюць сваімі спартыўнымі дасягненнямі). У школе актыўна развіваецца робататэхніка — створаны гурток і праводзяцца факультатыўныя заняткі. На базе ўстановы працуе студыя выяўленчага мастацтва “Прастора”. Работы дзяцей, якія наведваюць яе, вядомы далёка за межамі рэспублікі.

— Своеасаблівай перадумовай якаснай адукацыі з’яўляюцца адукацыйныя праекты, якія рэалізоўваюцца ў школе. Раскажыце, калі ласка, пра найбольш значныя з іх.

— На працягу шэрага гадоў школа з’яўляецца пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйных і педагагічных праектаў. Працягваецца работа па праекце “Арганізацыя дыстанцыйнага навучання па інфарматыцы” (адкрыты адукацыйны рэсурс “Апрацоўка інфармацыі ў электронных табліцах” настаўніцы інфарматыкі Людмілы Міхайлаўны Рыбчынскай размешчаны на дыстанцыйнай платформе АПА).

З верасня 2016 года мы працуем над педагагічным праектам “Цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў як спосаб пабудовы індывідуальнай траекторыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”. Адной з галоўных задач цьютарскага суправаджэння з’яўляецца не толькі аказанне своечасовай дапамогі і падтрымкі асобы вучня, але і навучанне яго самастойна пераадольваць перашкоды. У межах праекта для вучняў 8—9 класаў арганізуецца дапрофільная падрыхтоўка, ім даецца магчымасць паспрабаваць сябе на розных факультатывах, дадатковых занятках, каб знайсці сябе, вызначыцца, што неабходна ў будучыні. Вучням дазваляецца пераходзіць з аднаго факультатыву на іншы. Педагогі, якія задзейнічаны ў праекце, складаюць індывідуальную праграму развіцця кожнага дзіцяці. Тут, безумоўна, вялікая работа педагога-псіхолага школы Мікалая Мікалаевіча Валахановіча. Ён адсочвае схільнасці дзяцей і на аснове гэтага вядзе прафкарты, дае пэўныя рэкамендацыі бацькам і педагогам. Гэты праект разлічаны на тры гады. Яго кіраўнік — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Іванаўна Беланожка.

Сёлета ў школе будзе рэалізоўвацца і праект “Укараненне мадэлі рэалізацыі інтэгратыўнага патэнцыялу прадмета “Грамадазнаўства” ў фарміраванні глабальных кампетэнцый навучэнцаў”. Яго сутнасць — інтэграцыя грамадазнаўства з іншымі вучэбнымі прадметамі: з літаратурай, гісторыяй, геаграфіяй.

— Таццяна Сцяпанаўна, якія, на ваш погляд, якасці трэба выхоўваць у сабе вучням, каб стаць паспяховымі ў жыцці?

— Па-першае, ім неабходна паўнацэнна пражываць школьныя гады, бо няма сэнсу ў тым, каб падманваць сябе, раўнадушна і пасіўна назіраючы за тым, што адбываецца ў класе, школе, дома. Быць актыўнымі, удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, праяўляць свае творчыя здольнасці. Па-другое, вучыцца для сябе і з задавальненнем. Максімальна выкарыстоўваць магчымасці ўзаемадзеяння з настаўнікамі як на ўроках, так і на перапынках. Па-трэцяе, навучыцца камунікацыі. Паважаць бацькоў, настаўнікаў, аднакласнікаў. Акрамя таго, адказаць на тры галоўныя пытанні: якім быць, кім быць, з кім быць?

— Бацькі часта бываюць незадаволены паспяховасцю сваіх дзяцей і, мабыць, перакладаюць усю адказнасць на якасць навучання, дысцыпліну ў школе? Як вы спраўляецеся з падобнымі выпадкамі? Як можна зрабіць адносіны паміж педагогамі і бацькамі больш плённымі?

— Змяненні сацыяльна-эканамічных умоў прад’яўляюць новыя патрабаванні і да стылю кіраўніцтва школай. Мяняюцца ўзаемаадносіны з бацькамі і грамадскасцю. Многія праблемы, звязаныя з дысцыплінай навучэнцаў, якасцю навучання, вырашаюцца шляхам наладжвання давяральных адносін з бацькамі, якіх варта прыцягваць не толькі да падрыхтоўкі і правядзення традыцыйных школьных мерапрыемстваў, але і да кіравання школай, да сумеснага вырашэння фінансава-гаспадарчых пытанняў праз папячыцельскі савет. Усе павінны дакладна разумець, што школа для дзяцей і дзеля дзяцей. А хто больш за ўсіх зацікаўлены ў стварэнні спрыяльных умоў для навучэнцаў, прыцягненні лепшых настаўнікаў? Бацькі!

— Наколькі патрабавальныя сталі бацькі да педагогаў па задавальненні адукацыйных запытаў сваіх дзяцей?

— Так, сапраўды, бацькі сталі больш патрабавальнымі. Ды і значны ўплыў аказвае тое, што мы размяшчаемся ў маленькім пасёлку, дзе ўсё навідавоку, усе адно аднаго ведаюць. Працаваць дрэнна проста не дазваляе сумленне. Увогуле, думаю, што ў калектыве павінна існаваць атмасфера, якая садзейнічае творчай рабоце, павінна ўладарыць добразычлівая патрабавальнасць. Акрамя таго, варта ствараць умовы для павышэння метадычнага майстэрства настаўнікаў, іх прафесійнага росту, што, дарэчы, мы і робім.

У школе працуе калектыў аднадумцаў, стабільны, працаздольны, кваліфікаваны. Большасць педагогаў выкладае ва ўстанове ўжо многа гадоў. І ў рабоце, і ў цяжкай жыццёвай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу. Сярод таленавітых педагогаў — настаўнік геаграфіі Часлаў Антонавіч Сабалеўскі (у мінулым — стыпендыят фонду прэзідэнта па рабоце з адоранымі дзецьмі), настаўнік фізічнай культуры Юрый Антонавіч Банькоўскі (рыхтуе пераможцаў рэспубліканскіх спартыўных конкурсаў).

Педагогі ў сваёй рабоце выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі навучання. Так, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення прымяняюць настаўнікі гісторыі і настаўнікі-філолагі, праектную тэхналогію — настаўнікі замежнай мовы. Мнагамерная дыдактычная тэхналогія арганічна ўвайшла ў сістэму работы настаўніцы матэматыкі Алены Васільеўны Жук, настаўніцы хіміі Алены Іванаўны Беланожка, настаўніцы гісторыі Кацярыны Афанасьеўны Траццяковай, кейс-тэхналогія — настаўніцы гісторыі Тамары Мікалаеўны Непагоды. Усе педагогі выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі.

Нашы настаўнікі актыўна дзеляцца сваім вопытам з калегамі раёна, вобласці, рэспублікі. Так, зусім нядаўна на раённым педагагічным кірмашы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Мікалаеўна Чабан прадстаўляла сваю распрацоўку па шостым школьным дні, а настаўніцы гісторыі Кацярына Афанасьеўна Траццякова і Тамара Мікалаеўна Непагода — праект па краязнаўстве.

— Таццяна Сцяпанаўна, якой вам бачыцца школа ў будучыні?

— Перш за ўсё школай радасці, школай супрацоўніцтва. Хачу, каб школа вучыла дабру, каб выхоўвала чалавечае ў чалавеку, каб у ёй было камфортна і ўтульна і навучэнцам, і педагогам, і бацькам. Школа будучыні — школа з магутнай матэрыяльнай базай (першачарговая задача — рамонт музея “Вяртанне да вытокаў” і замена надворных спартыўных канструкцый), з шырокім выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама з настаўнікамі-прафесіяналамі, якія здольны пралічваць вынікі сваёй працы, ствараць уласную педагагічную канцэпцыю, у аснове якой ляжыць вера і ў сябе, і ў рэальную магчымасць развіцця асобы школьніка.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.