У мінулым годзе Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання па выніках абласнога конкурсу быў прызнаны лепшай установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны. Быць лепшым ганарова, пачэсна, але і вельмі адказна, бо лепшыя навідавоку. Разумеючы гэта, калектыў установы пасля заваявання дыплома І ступені працуе не проста на выдатна, а на выдатна з плюсам, у прынцыпе, як і заўсёды.
Калі ўстанова лепшая, значыць спецыялісты, якіх яна рыхтуе, таксама лепшыя. Повар, афіцыянт, повар дзіцячага харчавання, аператар ЭВМ, прадавец, швачка, кравец, цырульнік, камплектоўшчык дэталей цацак… Кожны выпускнік ліцэя — высокакваліфікаваны спецыяліст. Па словах дырэктара ліцэя Віктара Сцяпанавіча Нічыпарука, мінулагодняя перамога з’яўляецца дасягненнем усяго калектыву, які кожны дзень плённа працуе над падрыхтоўкай майстроў сваёй справы. “Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо ліцэй — прыгожая, утульная, сучасная навучальная ўстанова. Гэта інавацыйны вучэбны комплекс, які дае навучэнцам прафесійна-тэхнічную і сярэднюю адукацыю, з’яўляецца месцам прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў старшых класаў”, — адзначыў дырэктар.
Адным з галоўных паказчыкаў паспяховай работы ліцэя з’яўляецца сацыялізацыя навучэнцаў, іх размеркаванне і працаўладкаванне. Больш высокую кваліфікацыйную катэгорыю юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць падчас наведвання факультатыўных заняткаў і творчых аб’яднанняў. Акрамя таго, падчас навучання ўсе жадаючыя разам з асноўнай спецыяльнасцю могуць набыць і іншую прафесію за кошт уласных сродкаў падчас вячэрняга навучання на базе прадпрыемстваў горада — даўніх партнёраў ліцэя. Напрыклад, повар можа вывучыцца на бармена, аператар ЭВМ — на цырульніка.
— У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствам па вырабе пластмасавых цацак “Палессе”, таму мы вырашылі інтэграваць дзейнасць швачак, краўцоў з камплектоўшчыкам дэталей цацак. Не кожны зможа займацца камплектаваннем цацак, для гэтага патрэбна добрая маторыка рук. Якраз гэта выдатна атрымліваецца ў швачак. Нашы навучэнцы рэгулярна праходзяць на “Палессі” вытворчую практыку. Гэтая спецыяльнасць, дарэчы, дапамагае нам выканаць план пазабюджэтнай дзейнасці. У мінулым годзе мы зарабілі 118 тысяч рублёў. Інтэграванасць спецыяльнасцей — гэта вельмі зручна. У выпускнікоў больш магчымасцей атрымаць работу пасля заканчэння ліцэя, зацвердзіць сябе на рынку працы, — падзяліўся Віктар Сцяпанавіч.
У тым, наколькі каплектоўшчыкам цацак дапамагаюць навыкі швачкі і краўца, мы з калегамі пераканаліся падчас наведвання сусветна вядомага прадпрыемства “Палессе”, у прыватнасці, цэха па зборцы цацак. Спрытныя рукі, уважлівасць да дробязей — менавіта такія якасці патрэбны для хуткай і якаснай зборкі цацак, любімых дзецьмі і бацькамі не толькі ў Беларусі. Акрамя наведвання зборачнага цэха, удзельнікі прэс-туру даведаліся пра ўвесь працэс выпуску прадукцыі, гісторыю і асаблівасці сённяшняй работы прадпрыемства. Цікавую экскурсію правёў Міхаіл Львовіч Гольцман. Асабліва ўразіла выставачная зала з сотнямі яркіх мадэлей аўтамабільнай, будаўнічай, ваеннай тэхнікі, караблёў, настольных гульняў. Для дзяцей дашкольнага ўзросту тут сапраўдны рай.
Высокакваліфікаваныя спецыялісты — гэта не толькі камплектоўшчыкі цацак. Сваё майстэрства падчас наведвання будынка ліцэя журналістам прадэманстравалі швачкі.
Цяпер ва ўстанове гарачая пара — уступная кампанія. Праблемы з наборам навучэнцаў тут не існуе. Багатыя традыцыі, якасная адукацыя, прафесійныя педагогі і майстры вытворчага навучання — вось сакрэт поспеху. Вялікая роля належыць і зладжанай сістэме прафарыентацыйнай работы. Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Людмілы Паўлаўны Мамайка, акрамя традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй, рэгулярна праводзяцца тыдні прафесій, у школах актыўна выступаюць агітбрыгады ліцэя з рэкламнымі пастаноўкамі. Падчас такіх сустрэч вызначаюцца схільнасці, здольнасці школьнікаў, патэнцыяльныя будучыя навучэнцы ліцэя знаёмяцца з умовамі вучобы ва ўстанове і перспектывамі працаўладкавання. Прываблівае хлопцаў і дзяўчат і актыўнае жыццё ліцэя ў пазавучэбны час.
І яшчэ адзін факт: за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ліцэй быў занесены на абласную Дошку гонару, а яго кіраўнік па выніках конкурсу “Лепшы дырэктар прафесійна-тэхнічнай адукацыі” атрымаў у мінулым годзе званне “залаты дырэктар”.
Залаты дырэктар, залатыя педагогі, залатыя рукі майстроў вытворчага навучання, залатыя рукі выпускнікоў… Быць лепшым пачэсна і вельмі адказна. Калектыў Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання спраўляецца з гэтай задачай на выдатна з плюсам.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.











