Наладжваюць міжнародныя сувязі

- 12:09Нам пішуць

Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці наладжвае міжнародныя сувязі. Асабліва выніковымі яны з’яўляюцца са спартыўным аб’яднаннем імя Етвыша з Дэбрэцэна (Венгрыя).

Летась каманда юных спартсменаў з ліцэя ўдзельнічала ў ХХ Міжнародных юнацкіх спаборніцтвах на прызы кубка імя Етвыша па пляжным валейболе, якія праходзілі ў венгерскім горадзе. Менавіта тады і была заключана дамова аб супрацоўніцтве паміж ліцэем і спартыўным аб’яднаннем імя Етвыша на 2016—2019 гады. Нядаўна ў рамках дамовы юныя валейбалісткі з Венгрыі пабывалі на Маларытчыне, дзе прынялі ўдзел у І Адкрытым міжнародным жаночым турніры па валейболе.

Ініцыятарам і арганізатарам спаборніцтва стаў дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук. На базе гэтай установы адукацыі і праходзіў турнір, у якім удзельнічалі 6 каманд. Брэстчыну прадстаўлялі каманды юных валейбалістак з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту, Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці, Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання, Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці і Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхналагічнага каледжа. За Венгрыю выступалі дзяўчаты са спартыўнага аб’яднання імя Етвыша.


У выніковай турнірнай табліцы першую прыступку заняла каманда Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці, другую — Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхналагічнага каледжа, трэцую — каманда юных валейбалістак з Венгрыі.

Пераможцаў і ўдзельнікаў турніру падчас святочнай цырымоніі ўзнагароджваў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук, які адзначыў важнасць наладжвання міжнародных сувязей не толькі ў спорце, але і ў адукацыйнай сферы ўвогуле.

— На Маларытчыне мы ўпершыню, але, спадзяюся, не апошні раз, — расказаў кіраўнік венгерскай каманды Самбаці Андраш. — Маларыта нам спадабалася. Гэта чысты, утульны і прыгожы сучасны еўрапейскі горад. Мы наведалі шмат культурных і спартыўных аб’ектаў. Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць кіраўніцтву ліцэя за гасцінны прыём.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.