Нам засталася спадчына

- 11:36Якасць адукацыі

Рэканструкцыя старажытных абрадаў, узнаўленне забытых старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вывучэнне тэм інклюзіі, кібербулінгу і намафобіі — усё гэта кірункі даследчых работ вучняў Анжэлы Пепік, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 109 Мінска. Больш за 16 гадоў педагог рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў навукова­-практычных канферэнцый.

Этапы даследавання

— Займацца падрыхтоўкай вучняў да конкурсаў работ даследчага характару я пачала з 2005 года, — расказвае Анжэла Іванаўна. — Гэты занятак нялёгкі, але вельмі займальны. Мая работа дае свой плён. За 16 гадоў мае вучні 16 разоў станавіліся пераможцамі раённых этапаў і 15 разоў перамагалі на гарадскіх этапах конкурсаў работ даследчага характару, тройчы атрымлівалі дыпломы на ўзроўні рэспублікі. Амаль кожная наша работа знаходзіць свой працяг, перарастае ў вялікі праект. Падрыхтоўка да чарговай канферэнцыі пачынаецца адразу пасля завяршэння папярэдняй, а часам паралельна рыхтуюцца два даследаванні. Каб знайсці цікавую тэму, я чытаю шмат публіцыстычных матэрыялаў: газетныя і часопісныя публікацыі, навінавыя стужкі, навуковыя часопісы. Прыцягваюць увагу новыя словы, невядомыя факты, вострыя навіны.

Выбраць правільную тэму, прадмет і аб’ект даследавання — аснова будучага поспеху. Тэма павінна быць новай, актуальнай, глыбокай і грунтоўнай. Запланаваны вынік даследавання фармулюецца ў задачы, выбіраюцца шляхі і сродкі для дасягнення мэты. У якасці крыніц інфармацыі выкарыстоўваюцца вучэбныя дапаможнікі, навуковыя публікацыі, электронныя рэсурсы. Складаецца план даследчай дзейнасці, вывучаецца тэарэтычны матэрыял, асноўныя тэрміны, неабходныя для напісання работы. Вучні наведваюць бібліятэкі, архівы, вывучаюць статыстычныя матэрыялы, нарматыўныя прававыя акты, навінавыя сайты, право­дзяць інтэрв’ю і аналізуюць сабраную інфармацыю. Часам гэты этап доўжыцца 6—9 месяцаў. І, нарэшце, пачынаецца падрыхтоўка работы згодна з патрабаваннямі да яе афармлення для канкрэтнай канферэнцыі, тэксту выступлення, прэзентацыі, тэзісаў. Папярэдне вучні прадстаўляюць работу на школьнай канферэнцыі.

Беларусь турыстычная

Некалькі гадоў назад разам з вучаніцамі 10 класа Вольгай Пепік і Юліяй Чаркас Анжэла Іванаўна адправілася на экскурсіі па асноўных палацава-паркавых комплексах Беларусі — Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Тызенгаўза ў Паставах, Сапегаў у Ружанах, Булгакаў у Магілёўскай вобласці, Радзівілаў у Нясвіжы. У выніку былі распрацаваны крытэрыі для вызначэння перспектыўнасці выкарыстання гэтых аб’ектаў і віртуальныя экскурсіі па іх. Вучаніцы атрымалі дыплом на гарадской канферэнцыі работ даследчага характару.

— Ці чулі вы пра абрад “Ката печ”? Аказваецца, гэта старажытны беларускі абрад, які зарадзіўся ў мястэчку Скірмантава і з 2017 года з’яўляецца афіцыйнай нема­тэ­­рыяльнай спадчынай ЮНЕСКА.
Ра­зам з дзесяцікласніцамі Настассяй Сало і Вікторыяй Падмостка мы адправіліся ў Скірмантава Дзяржынскага раёна. Мы вывучылі гісторыю вёскі, вядомую з 1588 года, пазнаёміліся з дырэктарам мясцовага клуба Наталляй Радзько, якая расказала, як праводзіўся незвычайны абрад-ігрышча напярэдадні каляднага посту. Аказваецца, “кот” — гэта мучны ласунак, які трэба было спячы па спецыяльным рэцэпце і з’есці маладой пары падчас арганізаваных гульняў. Гэты абрад звычайна дазваляў яшчэ не жанатым парам стварыць сям’ю, а мужу і жонцы ўмаца­ваць сямейныя традыцыі і разнастаіць штодзённае жыццё. Дзяўчынкі выступілі з гэтым даследаваннем у 2020 годзе на гарадскім этапе міжнародных краязнаўчых чытанняў, а ў школе была праведзена рэканструкцыя абраду з удзелам старшакласнікаў.

Выбраць правільную тэму, прадмет і аб’ект даследавання — аснова будучага поспеху.

Летась дзевяцікласніцы Ганна Жукавец і Марыя Гарэлік удзельнічалі ў адкрытых міжнародных краязнаўчых чытаннях з работай “Беларуская каляндарная абрадавая лялька”. Шылі лялек, напаўнялі іх рознымі травамі. А цяпер з Аляксандрай Анціпавай і Вікторыяй Война вывучаем дасягненні чалавека, імя якога было незаслужана забыта. Гэта беларус Сямён Сідарчук, чые карані на Кобрыншчыне. У свой час ён быў архітэктарам Мікалая ІІ і галоўным архітэктарам Брэста. Сваю спадчыну пакінуў і на тэрыторыі Украіны. Мы стварылі віртуальную экскурсію па яго архітэктурных аб’ектах, аформілі альбом яго твораў. Днямі на гарадской канферэнцыі атрымалі дыплом ІІІ ступені.

Была вайна…

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны праходзіць чырвонай лініяй у маёй рабоце з дзецьмі, — адзначае педагог. — Так, мы вывучалі гісторыю адной з самых страшных і крывавых трагедый фашысцкага акупацыйнага рэжыму і разам з тым малавядомую старонку мінулай вайны — карную аперацыю “Зімовае чараўніцтва”, якая право­дзілася на тэрыторыі Беларусі. Мы з навучэнцамі наведалі гістарычны архіў, працавалі з дакументамі, бралі інтэрв’ю ў сведак той трагедыі. Вучаніцы 9 класа Ірына Маўрына і Ілона Турсунава паспяхова ўдзельнічалі з гэтай работай у міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.

“Забытая флатылія, або По­дзвіг “чорных д’яблаў” — яшчэ адна тэма, якая зацікавіла дзесяцікласнікаў Аляксея Галушка і Інакенція Міхлюка. Іх работа, якая атрымала дыплом на гарадской канферэнцыі, была прысвечана працэсу стварэння, структуры і баявой дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі і яе ролі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі падчас вайны. Вучні самі стварылі макеты ваенных караблёў, пазнаёміліся з членамі клуба Беларускага саюза ваенных маракоў, вывучылі гістарычныя архіўныя матэрыялы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Пінскай ваеннай флатыліі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны і клубе-музеі “32 румба”. Пасля маладыя людзі сталі курсантамі Беларускай ваеннай акадэміі.

З даследаваннем “Подзвіг растокінцаў”, прысвечаным тэме народнага апалчэння ў гады вайны, вучаніца 10 класа Паліна Шкарубава перамагла (дыплом І ступені) на маладзёжнай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Мы наладзілі сувязі з маскоўскай школай, у якой знахо­дзіцца музей баявой славы апалчэнцаў-растокінцаў.

Сучасныя выклікі

У 2017 годзе, калі Дар’я Торчык і Аляксандра Аніськовіч узяліся за тэму кібербулінгу, яна яшчэ так востра не абмяркоўвалася ў нашай краіне. Што ж гэта такое — міфічная небяспека або небяспечная рэальнасць? Дзяўчынкі падрабязна прааналізавалі праблему, правёўшы анкетаванне сярод вучняў і бацькоў. Дар’я і Аляксандра прапанавалі метады і формы прафілактыкі кібербулінгу сярод падлеткаў, пра якія расказалі на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах, а таксама стварылі буклеты з парадамі па бяспецы ў інтэрнэце. Работа перамагла на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, вучаніцы сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Тэма кібербулінгу атрымала развіццё, абмяркоўвалася падчас гарадской сацыяльна-праблемнай канферэнцыі, якая прайшла ў школе, і стала асновай вучнёўскага праекта, які ўдзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.

Наступная работа прайшла апрабацыю і ўкаранёна ў вучэбны працэс факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка пры правядзенні семінарскіх заняткаў. Яна выканана Дар’яй Торчык у 10 класе і перамагла на рэспубліканскай канферэнцыі. Дзяўчына задумалася аб сваёй будучай прафесіі і вырашыла даведацца, якія кампетэнцыі спатрэбяцца выпускнікам школы, каб стаць паспяховымі спецыялістамі ў ХХІ стагоддзі, прааналізавала выбар прафесій выпускнікоў сярэдняй школы № 109 за апошнія 18 гадоў і вызначыла іх перавагі.

 — На працягу больш як 20 гадоў у нашай школе вучацца дзеці з АПФР у інтэграваных класах, — расказала Анжэла Іванаўна. — Мы не маглі пакінуць без увагі тэму інклюзіі, пераадолення дыскрымінацыі ў адносінах да такіх дзяцей. Праблему стыгматызацыі людзей з інваліднасцю, або з’яву эйблізму, даследавала адзі­наццацікласніца Паліна Шкарубава і перамагла на гарадской і рэспубліканскай канферэнцыях (дыплом I ступені). Яна разгледзела прававы аспект міжнароднай і дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, правяла анкетаванне сярод бацькоў і навучэнцаў, а таксама прапанавала спосабы пераадолення праблем, сярод якіх — правядзенне дабрачынных і забаўляльных мерапрыемстваў, інклюзіўных канцэртаў і спектакляў. Работа перарасла ў валанцёрскі рух у нашай школе з удзелам настаўнікаў, вучняў і бацькоў. 

Што такое намафобія? Гэта залежнасць ад мабільнага тэлефона з выхадам у інтэрнэт. Гэта хвароба або сацыяльны феномен? У 2021 годзе вучаніцы 11 класа Настасся Сало і Вікторыя Падмостка сталі ўладальніцамі дыплома гарадской навукова-практычнай канферэнцыі. Дзяўчынкі даказалі небяспеку намафобіі і распрацавалі план мерапрыемстваў па барацьбе з гэтай праблемай, якія былі рэалізаваны на працягу навучальнага года. Так, падчас круглага стала з вучнямі нашага мікрараёна Паўночны аб уплыве гаджэтаў і мабільнага тэлефона на здароўе дзяцей расказала ўрач 23-й дзіцячай паліклінікі Мінска. Насцю і Віку запрасілі ў гімназію № 14 Мінска для правядзеннятэматычных мерапрыемстваў. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.