“Насенне будучыні”

- 10:47Вышэйшая школа

6 мая ў гасцініцы “Пекін” адбылася ўрачыстая цырымонія накіравання студэнтаў з нашых УВА ў Кітайскую Народную Рэспубліку для праходжання навучання. У сустрэчы прынялі ўдзел Пан Юн, дырэктар ААТ “Бел Хуавэй Тэхноладжыс”, міністр сувязі і інфарматызацыі С.П.Папкоў, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, старшыня таварыства дружбы “Беларусь — Кітай” А.А.Тозік, кіраўнікі вышэйшых навучальных устаноў, студэнты.

У рамках міжнароднага адукацыйнага праекта для маладых спецыялістаў пад назвай “Насенне будучыні” карпарацыя Huawei Technologies Co., Ltd. ужо не першы год займаецца падрыхтоўкай таленавітай моладзі Беларусі ў Кітаі. Трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве падпісаны ў верасні мінулага года паміж ААТ “Бел Хуавэй Тэхноладжыс”, Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

У маі бягучага года карпарацыя плануе накіраваць чарговую групу студэнтаў з беларускіх УВА на стажыроўку ў КНР. Папярэдне сярод беларускай моладзі быў праведзены конкурсны адбор, у выніку якога лепшыя студэнты з трох вядучых УВА паедуць на 2 тыдні вучыцца ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Пашчасціла паехаць у гэтую краіну студэнтам БДУ, БДУІР, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.

У праграму навучання ўключана знаёмства нашых спецыялістаў са здабыткамі кітайскіх калег у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій на базе Huawei Technologies Co., Ltd. Яны будуць мець магчымасць павысіць кваліфікацыю ў сферы ІКТ і інфармацыйнай бяспекі, даведацца аб сучасных тэндэнцыях развіцця кітайскай карпарацыі, наведаць яе найбуйнейшыя IT-лабараторыі. Акрамя таго, паралельна з навучаннем наша моладзь зможа пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Кітая.

— Гэта ўжо трэцяя група маладых спецыялістаў, якія накіроўваюцца ў Кітай на навучанне ў рамках праекта “Насенне будучыні”, — адзначыў Пан Юн. — І за гэты час мы ні разу не пашкадавалі, што пачалі гэты праект з беларускімі калегамі. Мы сустрэлі вельмі таленавітых маладых людзей з Беларусі, якія імкнуцца ўдасканальваць свае прафесійныя веды, развівацца творча і рабіць новыя адкрыцці ў сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Мы даём ім выдатны шанс для гэтага і прадастаўляем магчымасць працаваць у навукова-тэхналагічных цэнтрах нашай карпарацыі, каб дасягнуць новых вяршынь у сваёй дзейнасці.

Кіраўнік карпарацыі прызнаў, што ў Беларусі выбудавана якасная сістэма падрыхтоўкі студэнтаў у сферы ІКТ. Гэтаму спрыяе агульны высокі ўзровень развіцця інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у краіне, стварэнне спрыяльных умоў для навучання моладзі па спецыяльнасцях гэтай сферы.

В.А.Богуш падкрэсліў, што адукацыйная галіна адыгрывае вялікую ролю ў мацаванні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Адукацыя з’яўляецца тым фундаментам, які дазваляе ствараць аснову для далейшага прадукцыйнага ўзаемадзеяння паміж краінамі не толькі ў ІКТ, але і ў іншых сферах. Выступленні С.П.Папкова, А.А.Тозіка і іншых былі скіраваны на прызнанне значнасці гэтага праекта. Выступоўцы выказалі пажаданні працягваць яго ў далейшым на карысць дзвюх краін.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.