Наша галоўная мэта — якасць адукацыі

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

У канцы мінулага тыдня з удзелам міністра адукацыі Ігара Карпенкі на базе сталічнай гімназіі № 25 працавала дыялогавая пляцоўка дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Заводскага раёна Мінска. У цэнтры ўвагі былі актуальныя пытанні далейшага развіцця сістэмы адукацыі, разгледжаныя на Рэспубліканскім педагагічным савеце, што прайшоў у жніўні з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Міністр адзначыў, што час ставіць перад сістэмай адукацыі новыя задачы. Апошні год быў няпростым і для краіны, і для сістэмы адукацыі: “Нам трэба будзе правесці вельмі сур’ёзную работу, звязаную з трансфармацыяй сістэмы адукацыі, пераходам на новы якасны ўзровень. Вядома, наша галоўная мэта — якас ць адукацыі. Яна павінна быць забяспечана паўсюдна, незалежна ад таго, які гэта населены пункт — горад Мінск, абласны цэнтр або маленькая вёска, дзе школа разлічана на невялікую колькасць дзяцей”.

Ігар Карпенка падрабязна спыніўся на прапановах, якія ведамства ініцыіруе ўнесці ў новы Закон аб ліцэнзаванні ўстаноў адукацыі. “Павышэнню якасці адукацыі будзе спрыяць распаўсюджванне ліцэнзавання на большую колькасць відаў устаноў адукацыі. Зараз з-за адсутнасці гэтай працэдуры любы жадаючы можа зарэгістраваць дзіцячы сад або школу, прычым без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і нават без педагогаў. Таму рэальнае і самае аптымальнае вырашэнне пытання бачыцца ў замацаванні ў Законе “Аб ліцэнзаванні” адпаведных патрабаванняў. Тое, што павінны быць адзіныя падыходы і патрабаванні, асабліва ў змесце адукацыі, выкарыстанні матэрыялаў метадычнага забеспячэння, — гэта адназначна”, — перакананы кіраўнік галіновага ведамства.

У сістэму агульнай сярэдняй адукацыі вернецца акрэдытацыя і ліцэнзаванне. Будзе працягнута практыка міністэрскіх кантрольных і зрэзаў, а таксама ўдзел у міжнародным даследаванні PISA. Іх вынікі будуць улічвацца пры акрэдытацыі школ. Міністр нагадаў, што распрацаваны адзіныя падыходы да фарміравання профільных класаў, узмоцнены патрабаванні да залічэння ў іх. Прапрацоўваецца пытанне стварэння ў кожным раёне краіны STEM-цэнтра.

Падчас сустрэчы І.В.Карпенка таксама выказаўся пра змены ў адукацыйным працэсе і ў правілах атэстацыі. Сёння мы ўсё больш гаворым аб выхаваўчым патэнцыяле адзнакі, урока ў цэлым, узмацненні адказнасці вучняў і бацькоў за канчатковы вынік навучання. І тыя змены ў выстаўленні за чвэрць і гадавых адзнак, якія прыняты Міністэрствам адукацыі, накіраваны на павышэнне адказнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Гаворка пра тое, што для выстаўлення адзнакі за чвэрць павінна быць не менш за тры бягучыя адзнакі. Пры гэтым адна з іх — за пісьмовую работу (па прадметах, па якіх прадугледжаны пісьмовыя работы). Вучань і яго бацькі павінны разумець, што ў школу дзіця прыйшло па веды і адзнаку трэба зарабіць.

“Вучоба — гэта сур’ёзная праца. Неабходна прыкласці пэўныя намаганні, каб засвоіць патрэбны аб’ём ведаў, кампетэнцый і навыкаў. І гэта трэба тлумачыць навучэнцам з першага класа. У сувязі з гэтым асаблівая місія ўскладаецца на педагога, на яго ўменні, веды і навыкі. А каб настаўнікі адпавядалі патрабаванням часу, трэба ўвесь час займацца павышэннем кваліфікацыі. Неабходна працаваць з кадрамі, рацыянальна іх падбіраць, адпраўляць на павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку. Гэты працэс павінен быць выбудаваны згодна з патрэбамі і магчымасцямі, быць выразным і зразумелым”, — сказаў міністр.

У працяг размовы пра кадры было заўважана, што сталічным агульнаадукацыйным установам неабходна пашыраць сетку педагагічных кадраў. Сёння гэты профільны напрамак даказаў сваю эфектыўнасць. Матываваныя на педагагічную дзейнасць школьнікі становяцца паспяховымі студэнтамі, а пасля і паспяховымі настаўнікамі.

У дапамогу педагогам будзе працягвацца ўдасканальванне работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, дзейнасць якіх накіравана на выяўленне дэвіяцый (нарказалежнасць, суіцыдальныя і супрацьпраўныя паводзіны, булінг, у тым ліку ў інтэрнэт-асяроддзі), папярэджванне іх негатыўных праяў на аснове дыягностыкі і сістэмнага аналізу праблем. Добрым арыенцірам тут стануць Правілы педагагічнай этыкі, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі.

Далей Ігар Карпенка адзначыў, што ў новым навучальным годзе школе трэба будзе працягнуць вырашаць важныя задачы па фарміраванні грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і навучэнскай моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. У дапамогу настаўнікам створаны праграмы факультатыўных заняткаў з адпаведным метадычным суправаджэннем. Акрамя таго, у многіх школах створаны музеі, наладжана эксурсійная дзейнасць. Прапануецца пашыраць магчымасці шостага школьнага дня.

Адказваючы на пытанне аб навучанні і выхаванні дзяцей з аўтызмам, міністр зазначыў, што паўнавартаснае вырашэнне гэтай праблемы патрабуе стварэння нацыянальнай навукова-педагагічнай школы. Дзяцей з аўтызмам, на жаль, менш не становіцца. Акрамя таго, праявы аўтызму вельмі розныя, таму, каб інтэграваць іх у вучэбна-выхаваўчы працэс, патрэбны індывідуальны падыход і адпаведная падрыхтоўка спецыялістаў. Сёння такой падрыхтоўкай займаюцца ў БДПУ імя Максіма Танка, дзе створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі.

Падчас размовы былі ўзняты пытанні наяўнасці медработніка ў навучальнай установе, арэнды школьных памяшканняў, агучваліся праблемныя нюансы школьнага харчавання. Акрамя таго, абмяркоўвалася праблема падтрымкі маладых настаўнікаў-мужчын, значнасць увядзення пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дыялогавая пляцоўка працавала на працягу трох гадзін, што дало магчымасць прагаварыць многія пытанні, пазначаныя ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і канцэпцыі развіцця адукацыі да 2030 года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.