Наша грамадзянская адказнасць

- 10:25Навіны рэгіёнаў, Рознае

Выбары — гэта механізм удзелу грамадзян у лёсе сваёй Радзімы. Менавіта такую важную падзею мы перажылі 11 верасня, калі адбывалася абранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

З гэтай нагоды ў школе № 8 Гродна пры ўдзеле аркестра дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Ю.У.Семянякі прайшоў канцэрт, арганізаваны школьнікамі для выбаршчыкаў. Галоўнай падчас яго была думка, што выбары — гэта наша грамадзянская адказнасць за будучыню Бацькаўшчыны. Дзеці танцавалі, спявалі патрыятычныя песні, чыталі вершы:

Мы — дзеці нашай роднай Беларусі,

За намі будучыня — уся зямля — наш дом.

Каб не застыла сэрца ў вечнай скрусе,

Мы вучымся, ствараем, мы жывём!

Праз удзел у святочных мерапрыемствах дзеці засвойвалі важнасць галасавання ў фарміраванні палітычных органаў улады, іх значэнне для выяўлення палітычнай волі грамадзян. Імкнуліся ўсвядоміць, што свой голас варта аддаваць за таго, хто інтарэсы народа ставіць вышэй за ўласныя. Менавіта ад далейшай работы дэпутатаў залежаць законы, якія будуць прыняты ў нашай краіне.

Выбары з’яўляюцца важным выхаваўчым рэсурсам, праз які школьнікі засвойваюць павагу да сваёй краіны, назіраюць удзел у вызначэнні напрамку яе развіцця самых звычайных людзей і фарміруюць уласную грамадзянскую пазіцыю.

Васіль ГЕРАСІМЧЫК.