Наша нацыянальнае права

- 9:00Насустрач рэферэндуму

У мінулую суботу ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Мінска адбылася дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагогі цэнтра.

Асноўнымі спікерамі выступілі загадчыца метадычнага кабінета цэнтра Алена Іванаўна Губар, галоўны ўрач 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў дэлегат Усебеларускага народнага сходу Ірына Мікалаеўна Жарыкава і старшыня Першамайскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Мінска Анатоль Мікалаевіч Глацёнак.

Алена Іванаўна Губар паведаміла педагагічнаму калектыву аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Асаблівы акцэнт быў зроблены на артыкулах, што тычацца аховы здароўя, захавання гістарычнай праўды і памяці, развіцця патэнцыялу моладзі, інстытута шлюбу.

— На жаль, пакуль няма праўкі аб тым, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні свайго здароўя. Я думаю, што такі артыкул будзе дапрацоўвацца ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Працуючы з пацыентамі, я заўважыла тэндэнцыю, што чалавек несур’ёзна ставіцца да рэкамендацый тэрапеўта. Пакуль не прыйдзе ўнутранае ўсведамленне таго, што ён сам абавязаны клапаціцца пра сваё здароўе, выніку не будзе, — падняла пытанне аб ахове здароўя Ірына Мікалаеўна Жарыкава. Галоўны ўрач 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў актуалізавала тэму правоў інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі.

Анатоль Мікалаевіч Глацёнак расказаў аб дзяржаўнай бяспецы і рабоце прафсаюзаў, а таксама закрануў тэму інстытута шлюбу.

Напрыканцы мерапрыемства педагогі мелі магчымасць задаць пытанні запрошаным спікерам. Актуальным стала пытанне аб прыярытэце нацыянальнага права над міжнародным. Педагагічны калектыў ЦДАДіМ “АРТ” Мінска агучыў просьбу абазначыць прыярытэт нацыянальнага над міжнародным правам.

Размова атрымалася прадметнай і шматбаковай. Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі сістэмы сталічнай адукацыі выказалі задавальненне дыялогам, адзна­чылі пачуццё гордасці за сваю дзяржаву, гісторыю і культуру беларускага народа.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.

Ірына СТАРАВОЙТАВА,
першы намеснік міністра адукацыі:

— Трывалая канстытуцыйна-прававая аснова грамадства дазволіць забяспечыць яго стабільнае развіццё. Пры гэтым Асноўны закон захоўвае найважнейшыя складнікі беларускай мадэлі грамадскага развіцця: сацыяльна арыентаваную эканоміку, агульначалавечыя, хрысціянскія прынцыпы. Грамадства прыйшло да разумення неабходнасці захавання каштоўнасцей нацыянальнага суверэнітэту. Асноватворнае рашэнне ў гэтай частцы — дакладнае вызначэнне прыярытэтаў Беларусі і выбудоўванне такой сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая дазволіла б нам захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, дзяржаў­насць, мір і згоду.

Замацаванне ў Асноўным законе такіх найважнейшых пастулатаў, як культурныя і духоўныя традыцыі, сацыяльна справядлівае грамадства, гістарычная памяць і праўда, — гэта яшчэ і найважнейшая ўмова захавання міру.

Асаблівую значнасць набылі пытанні забеспячэння паспяховай сацыялізацыі маладых людзей у грамадстве, падрыхтоўкі падрастаючага пакалення да самастойнага жыцця, прадукцыйнай працоўнай і прафесійнай дзейнасці, садзейнічання самаразвіццю, самавыхаванню, самаадукацыі, гатоўнасці да прыняцця адказных рашэнняў. У абноўленай Канстытуцыі вызначаецца, што дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, што зъяўляецца замацаваннем гарантый стварэння ўмоў, якія забяспечваюць рознабаковае развіццё маладога пакалення.

Немалаважны і актыўны ўдзел мола­дзі ў грамадскім жыцці краіны. Падтрымка на дзяржаўным узроўні маладзёжных ініцыятыў, вучнёўскага самакіравання, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў садзейнічае рэалізацыі патэнцыялу маладых людзей у інтарэсах грамадства. Далейшае ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі будзе заснавана на гарантыях даступнасці і бясплатнасці агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і магчымасці на конкурснай аснове бясплатна атрымаць вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі. Максімальна шырокае абмеркаванне змяненняў Канстытуцыі, у якім актыўны ўдзел прымаюць у тым ліку студэнцкая мо­ладзь і выкладчыцкая грамадскасць, гаворыць пра разуменне значнасці прапанаваных змяненняў, адкры­тасць і дэмакратычнасць рашэнняў, якія прымаюцца.

Падрабязней на pravo.by