У сярэдняй школе № 3 імя В.М.Усава Гродна адкрыўся этнаграфічны музей “Скарбонка”. У свяце прынялі ўдзел вучні, іх бацькі, настаўнікі.
Сярод гасцей — ганаровы член грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Б.І.Ермашкевіч, народны вакальны ансамбль “Зарачанскія крынічкі”.
Мэта нашага музея — знаёміць дзяцей з культурай беларускага народа, прабуджаць цікавасць да свайго радаводу, да сям’і, да гісторыі роднага краю, выхоўваць пачуццё гордасці за працоўныя, творчыя справы старэйшых пакаленняў, фарміраваць пачуццё павагі і любові да роднай хаты, да свайго роду, да сваёй Радзімы.
Галоўнай умовай адраджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў з’яўляецца зварот да роднай мовы, народных традыцый, культуры, вуснай паэтычнай творчасці: песні, абрады, гульні, рамёствы, звычаі. Калі ўсё добрае, назапашанае нашымі продкамі закласці ў малодшым узросце, гэта і застанецца, гэта будзе з кожным усё жыццё.
Галоўнымі напрамкамі работы музея “Скарбонка” стануць даследчы, дэкаратыўна-прыкладны і экскурсійны.
Удзельнікі свята змаглі пачаставацца нацыянальнымі беларускімі стравамі, якія згатавалі ўдзельнікі праекта “Госці ў хату” — калектывы 1—7 класаў разам з бацькамі.
Алена ЕРМАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна.