“Наша сонейка”

- 10:00Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Так гаворыць пра свайго вучня Арцёма настаўнік­дэфектолаг Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Ларыса Яўгенаўна Мароз. 

І сапраўды, гледзячы на хлопчыка, інакш і не скажаш. Такое своеасаблівае абаянне маюць дзеці з сіндромам Даўна.

Арцём Даражэй вучыцца ў 5 класе, па стане здароўя яму прапісана надомнае навучанне. Ларыса Яўгенаўна наведвае хлопчыка тры разы на тыдзень і займаецца з ім па спецыяльнай праграме. 

— Арцём чакае мяне з задавальненнем, — гаворыць педагог. — Заняткі часцей за ўсё праходзяць у гульнявой форме, што асабліва яму падабаецца. Для таго каб захоўвалася цікавасць да заняткаў, задавальненне павінен прыносіць сам працэс. Заўсёды стараюся прыдумаць нешта новенькае. І абавязкова шмат усміхаюся, жартую, з лёгкасцю адгукаюся на прапановы свайго вучня, нават самыя дзіўныя і дзіцячыя. Так у агульных кампрамісах развіваюцца навыкі сумеснай дзейнасці, камунікатыўныя ўменні. Вучу Арцёма элементам арыфметыкі, граматы і маўлення, санітарна-гігіенічным уменням, прадметна-практычнай дзейнасці, маляванню. Школа ў нас беларускамоўная, таму размаўляю з хлопчыкам пераважна па-беларуску. Не заўсёды хапае адпаведных метадычных дапаможнікаў і нагляднасці, таму адаптуем тыя, што ёсць, або разам з мамай робім сваімі рукамі ці набываем у магазіне. Асаблівае месца ў развіцці хлопчыка займаюць пастаноўкі папяровага тэатра. Нядаўна мы з Арцёмам і яго мамай у рамках раённага праекта “Нам важны кожны” арганізавалі пастаноўку казкі “Рэпка”. Сумесны выраб папяровых герояў і рэпетыцыі аказаліся не менш займальнымі і пазнавальнымі, чым сама пастаноўка. 

Што першаснае — вучыць Арцёма літарам і лічбам ці больш увагі ўдзяляць стварэнню пазітыўнага настрою? Побач з авалодваннем вучэбнай праграмай не менш важна вучыць хлопчыка ўзаемадзеянню з навакольнымі, выхоўваць у яго культуру звычак. Таму ніякае надомнае навучанне не заменіць для яго зносін з равеснікамі. Арцём не любіць адзіноты, хутка ўліваецца ў дзіцячыя кампаніі і забавы. Амаль штодня з вялікай радасцю і нецярплівасцю спяшаецца ў школу, каб сустрэцца з аднакласнікамі і настаўнікамі, наведаць спартзалу ці бібліятэку, паназіраць за рэпетыцыяй канцэрта ці папрысутнічаць на ўрачыстай лінейцы. Усюды сонечнага вучня суправаджае Ларыса Яўгенаўна.

Арцём вельмі дабрадушны, часам дзіўны: “Прывітанне, я Цём”, — гаворыць хлопчык і падае руку таму, хто побач. На яго дружалюбныя і адкрытыя паводзіны вучні адказваюць узаемнасцю, запрашаюць разам пагуляць, пабегаць. Яго любяць і не крыўдзяць нават самыя вялікія забіякі ў школе. Тое, што Арцёма добразычліва прынялі ў дзіцячым калектыве, паставіліся як да роўнага, у многім заслуга яго класнага кіраўніка ў пачатковых класах Алены Генадзьеўны Першукевіч. 

У Арцёма адно з любімых месцаў у школе — спартыўная зала, дзе ён дае выхад сваёй гіперактыўнасці. Ён удзельнічае ў эстафетах з мячом, што дазваляе адчуваць сябе членам каманды, скача на скакалцы, гуляе ў футбол. Дзеці, зноў-такі, яму падыгрываюць, не крыўдзяць. Разам з аднакласнікамі сонечны школьнік час ад часу прыходзіць у кабінет да Ларысы Яўгенаўны, дзе ўсе разам вучні весела малююць, чытаюць казкі, складаюць пазлы. Такія дні сустрэч прыносяць хлопчыку неймаверную радасць.   

— Знаёмства з Арцёмам моцна паўплывала і на мяне, прывяло да пераасэнсавання навакольнага свету, — гаворыць педагог. — Для тых, хто хоча лепш зразумець такіх людзей, магу параіць пачытаць навукова-фантастычнае апавяданне Дэніэла Кіза “Кветкі для Элджэрнона”. Для мяне ж галоўнае, каб, дзякуючы нашым сустрэчам і заняткам, і ў Арцёма, і ў яго мамы не знікала ўпэўненасць, што ў нашым вялікім свеце ёсць месца дабрыні і разуменню.

Надзея ЦЕРАХАВА.