Наша Вальпараіса!

- 15:41Суразмоўца

Сёння адзначае юбілей наша знаная паэтка, аўтар мноства бліскучых кніг, лаўрэат самых розных прэмій Раіса Андрэеўна Баравікова. На гэтай кароткай прэзентацыі можна было б і спыніцца, каб не сама Раіса Андрэеўна… Каб не ўсведамленне таго, што яна разам з Яўгеніяй Янішчыц, Ларысай Геніюш, Валянцінай Коўтун стварыла такі літаратурны феномен, як жаночая паэзія ў беларускай літаратуры. Заўважце: нават пра Ахматаву і Цвятаяву так не кажуць…

Кожны раз, як чытаю гэтыя яе словы, у мяне нацякае сляза. Нехта б’е мяне ў бок: “Ты ж не баба…” Але я ўсё адно чытаю: 

Прыйдзі, прыйдзі…

Я вольная ад спраў.

Спявае ноч, і больш такой не будзе.

Сляды твае прыкрыюць пікі траў,

а ў доме — спяць натомленыя людзі.

Што нам да іх,а ім — тым больш да нас?               

Я — добрая суседка,

Ты — прахожы.

Я ложак свой лілеямі ўпрыгожу —

Прыйдзі! Сплывае ў прорву ночы час.

Шукаюць рукі ласкі блізкіх рук,

Якую ж радасць дзень пры дні насіла,

Што ад тваіх —

                Усё даўжэй —

                               Разлук.

Гатова месяц

дзьмухануць я з небасхілу.

Каб стала цёмна, хоць ідзі наўгад

І бойся напароць на нешта вока,

Каб ты заплакаў горка між прысад,

Успомніўшы, як зараз я далёка.

Прыйдзі й тады… Я асвячу агнём,

Святлом вачэй, і людзі мне прабачаць.

Прачніцеся, пачуйце, як ён плача,

Дапамажыце адшукаць мой дом.

Адшукаўшы свой дом, я прыйшоў у дом да Раісы Андрэеўны і задаў ёй некалькі пытанняў.

— Раіса Андрэеўна, адкуль гэта ўсё — ваш талент, ваша летуценнасць, ваша  легкакрыласць?

— Адкуль? Гэта тыя першакрыніцы, якія далі мне жыццё і кірунак у жыцці. Гэта мая мама Ніна Уладзіміраўна, бабуля Галена… Гэта былі мае самыя блізкія жанчыны. У мамы было сваё выхаванне, у бабулі — сваё, свое­асаблівае. Я ж з Берасцейшчыны. Мая бабуля ведала вельмі шмат розных казак, паданняў, цікавых жыццёвых гісторый. Пераказвала мне іх бясконца…

— І тады ў нейкі момант вы, магчыма, упершыню прачнуліся паэтэсай?

— Помню, была зусім малая. А вы ж ведаеце: дзеці заўсёды смяюцца гучна, калі радуюцца… А бабуля мне аднойчы сказала: “Ты ж дзяўчынка! Не смейся так гучна! Гэта не па-шляхецку”.

— Файна ж вы адказалі на пытанне! Смяяцца гучна жанчынам у паэ­зіі забаронена — няхай вучацца паэткі-пачаткоўкі! Я, вядома, крыху жартую… Калі сур’ёзна, Раіса Андрэеўна, вы самі пацвярджаеце, што ёсць такі феномен — жаночая паэзія ў беларускай літаратуры — і што да яго стварэння вы таксама прыклалі руку…

— Я ў прынцыпе гэтага не адчуваю. Жаночая паэзія ёсць. У ёй прысутніча­юць жаночы характар, жаночыя пачуцці… Гэта самыя тонкія пачуцці.

Але, з іншага боку, успомнім Жорж Санд з яе “Кансуэлай”. Гэты яе раман нельга ж назваць плыняй французскай жаночай прозы. Або “Ганну Карэніну” Талстога нельга ж назваць жаночай літаратурай…

Усё адносна.

— І ўсё ж, Раіса Андрэеўна, дзякуючы вам, сённяшнія пяцікурсніцы філфакаў абараняюць свае дыпломныя работы па тэме “Беларуская жаночая паэзія ХХ стагоддзя”…

— Гэтая плынь узнікла дзякуючы таму, што ў нашу літаратуру ў мінулым стагоддзі прыйшло шмат таленавітых жанчын: Наталля Арсеннева, Еўдакія Лось, Вера Вярба, Эдзі Агняцвет… А потым ужо і мы — Жэня Янішчыц, Ніна Мацяш, Валя Коўтун, Галя Каржанеўская, Зіна Дудзюк, Люда Рублеўская, Таня Сапач, Валя Аксак… І кожная жанчына прый­шла са сваёй паэзіяй, са сваёй яркасцю, са сваёй адметнасцю… З нейкай духмянасцю, водарам, замілаванасцю — як прыходзіць жанчына ў жыццё.

Гэты ўваход жанчын у нашу паэзію нагадваў камету.

Але паралельна ёй неслася ў нашу літаратуру і іншая — мужчынская — камета: Барадулін, Гілевіч, Вярцінскі, Караткевіч, Макаль, Стральцоў, Сіпакоў, Зуёнак…

Гэта была зоркавая страла ў нашым паэтычным небе, якой, магчыма, больш ніколі ў ім і не з’явіцца.

— Скажыце, а жанчыны-паэткі ўмеюць сябраваць? Вы сябравалі ці сябруеце з імі?

— Паэзія — гэта вельмі элітная справа. І тут, па вялікім рахунку, не да блізкага сяброўства. Але, скажам, Еўдакія Лось у свой час вельмі цікавілася намі, маладымі паэткамі, апекавалася намі… Мы нават любілі абменьвацца падарункамі. У мяне да гэтага часу захаваўся настольнік жаўтаватага колеру ад Еўдакіі Якаўлеўны. Ёсць і збаночак ад Жэні Янішчыц, які яна купіла ў “Мастацкім салоне”.

Ведаеце, паэзія — гэта наогул не тэрыторыя ўсеагульнай радасці, тым больш паміж паэткамі. Але мы радаваліся выхаду нашых кніжак. І, напрыклад, калі выйшаў мой зборнік “Каханне”, ініцыятарам на вылучэнне яго на атрыманне літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова была Жэня Янішчыц. Адразу пасля галасавання яна прыехала да мяне дадому з чырвонымі гваздзікамі.

Я ўспамінаю сёння са слязамі радасці, што ў маім жыцці былі такія паэткі-сяброўкі.

— Раіса Андрэеўна, крыху прыватнае пытанне: чаму Анатоль Сыс называў вас Вальпараісай?

— Вальпараісай?

— Так, так! Не кажыце, што не ведаеце… Рыхтуючыся да гутаркі з вамі, не паленаваўся загугліць: Вальпараіса — гэта горад у Чылі, марскі порт. І ведаеце, што азначае гэтая назва? Райская даліна!

— Гэта ж выдатна! Адна з апошніх маіх паэтычных кніг называецца “Дрэва для райскай птушкі”. Гэта містыка! Ай, Толік! Я так любіла яго… Ён сапраўды магутны паэт, са сваёй філасофіяй, са сваім непаўторным ладам, са сваёй расшыфроўкай на многія часы. Ён жа і мне прысвяціў у адным з вершаў словы: “А ў нас, родныя, восень новая. // Зацяжарала на любоў // наша Раечка Баравіковая, // можа, Бог дасць Купалу зноў”. (Смяецца. —  М.Ч.)

— Раіса Андрэеўна, ваша сённяшняе захапленне дзіцячай літаратурай — гэта што? Спроба сказаць нешта нашым дзеткам? Спроба адысці ад паэзіі, якая, наколькі разумею, вас не пакідае? Або гэта проста ваша новае натхненне?

— Можаце і так называць.

Але тут такія моманты. Літаратуразнаўцы звычайна называюць паэзію вясной літаратуры. Нябёсы дыктуюць радкі паэтам…

Натхненне бывае розным.

У свой час я паспрабавала сябе ў дзіцячай літаратуры і да гэтага прыкіпела. Першая мая дзіцячая кніжка вый­шла тыражом 80 тысяч экзэмпляраў. Гэта быў невялікі тыраж для нас, улічваючы сітуацыю з нашай мовай, з нашай літаратурай. Але я гэта зрабіла.

А калі сёння паспрабаваць падсумаваць тыраж, напрыклад, маёй кніжкі “Касмічныя казкі астранаўта”, дык і ўжо больш за 20 тысяч. Я ведаю, што падлеткам цікавы мае кніжкі. Космас прыцягальны для іх. І для мяне таксама…

— Вялікі дзякуй, Раіса Андрэеўна. Натхнення і здароўя вам!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Кастуся ДРОБАВА.