Настаўнік — гэта ўсё

- 11:03Навіны рэгіёнаў

Такія словы сказаў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын, вітаючы пераможцаў і ўдзельнікаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

У гэтай думцы, згадзіцеся, няма ніякіх перабольшанняў. Роля настаўніка ў жыцці дзіцяці, яго дасягненнях, упэўненасці ў сваіх сілах і самавызначэнні такая ж вялікая, як і роля бацькоў, а іншы раз нават большая. Калі педагог усвядомлена выбраў сваю прафесію, калі ён любіць сваю справу і падыходзіць да яе творча, калі ён любіць дзяцей і мае намер пасеяць зярнятка ведаў у кожным са сваіх вучняў, то і яму самому, і яго дзецям наканавана быць паспяховымі. Конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” менавіта для такіх. Каб стаць удзельнікам прафесійных спаборніцтваў, неабходна быць гатовым да многіх сур’ёзных выпрабаванняў, а каб дайсці да перамогі, мабыць, трэба мець асаблівы талент.

Сёлета ў першым, завочным, туры абласнога этапу ў 8 намінацыях удзел прынялі 114 настаўнікаў. З іх у другі тур выйшлі толькі 32, а ў трэцім туры прафесійнае майстэрства дэманстравалі 24 педагогі.

Кожнаму туру абласнога этапу конкурсу адпавядалі пэўныя мерапрыемствы. Настаўнікі, якія выйшлі ў фінал, правялі майстар-класы для навучэнцаў Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага і студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, урокі для вучняў, з якімі пазнаёміліся за пяць хвілін да званка. Прамоўніцкага таленту і артыстычнасці патрабавала ад канкурсантаў публічнае прадстаўленне вопыту сваёй педагагічнай дзейнасці, а таксама правядзенне міні-ўрокаў на сцэне, тэмы якіх сталі вядомы толькі напярэдадні ўвечары.

— Я перакананы, што канкурсанты, якім давялося прайсці ўсе этапы гэтага прафесійнага спаборніцтва, не толькі набылі дадатковы вопыт, пазнаёміліся з таленавітымі педагогамі рэгіёна, але і ў чарговы раз упэўніліся ў тым, што правільна выбралі сваю прафесію, — лічыць начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — Няма сумненняў, што гэтыя настаўнікі любяць сваю справу, любяць настолькі, што гатовы паказаць сваё майстэрства на маленькай і вялікай сцэне.

Мяркую, пад “вялікай сцэнай” Сяргей Іванавіч меў на ўвазе ўдзел у фінальным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які пройдзе ў сталіцы ў верасні.

Права абараняць гонар Гомельскай вобласці на рэспубліканскім узроўні заслужылі 8 лепшых прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі ў рэгіёне. Сярод іх — выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска Аксана Запатылак і настаўніца пачатковых класаў Крупецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Добрушскага раёна Святлана Андрыянава. Для Святланы Васільеўны, здаецца, гэта быў прыемна-нечаканы момант, бо, калі яе імя назвалі ў ліку пераможцаў, на сцэну яна ішла са слязамі радасці на вачах. Сярод лепшых таксама настаўніца сярэдняй школы № 1 Калінкавіч Эмілія Хазановіч (у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”), настаўнік Урыцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна Аляксандр Мінаў (“Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”), настаўнік сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Доўнар (“Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”), настаўніца сярэдняй школы № 5 Рагачова Алеся Кулікова (“Хімія, біялогія”). Прыемна, што ў ліку лепшых педагогаў Гомельшчыны апынуліся і ўжо знаёмыя нашым чытачам педагогі: настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс і настаўнік французскай мовы гомельскай гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля Віктар Смольскі.

Дарэчы, Яўген Валер’евіч і Віктар Канстанцінавіч атрымалі падарункі і дыпломы ад “Настаўніцкай газеты”, якая заснавала намінацыю “Медыяперсона”, прычым Яўген Есіс атрымаў гран-пры ад нашага выдання. Узнагароды ад выдання асветнікаў атрымалі таксама іх калегі: настаўніца матэматыкі Калінкавіцкай гімназіі Вольга Веко, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 13 Жлобіна Вольга Дубіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Жлобіна Таццяна Котава, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 9 Светлагорска Святлана Міцкевіч, настаўнік фізікі Урыцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна Аляксандр Мінаў, настаўнікі працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Доўнар і сярэдняй школы № 1 Ельска Яўген Козел. Гэта тыя дзевяць педагогаў — удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу 2017 года, якія не толькі плённа працуюць, але і знаходзяць час дзяліцца сваім вопытам на старонках як нашай газеты, так і іншых друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў падтрымалі многія прадпрыемствы, арганізацыі горада і вобласці. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны прызамі і падарункамі. Акрамя таго, у кожнага настаўніка, які трапіў у фінальныя мерапрыемствы, на памяць застаўся памятны імянны знак — узнагарода, заснаваная Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Наталля ЛУТЧАНКА.