Напярэдадні Новага года героямі нашага праекта сталі ўладальнік звання “Настаўнік года — 2023” настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргей Шамінскі і начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова. Яны падвялі вынікі адыходзячага года, абмеркавалі складнікі поспеху на галоўным педагагічным конкурсе і важнасць фарміравання ў школе чалавека не толькі дасведчанага, але і культурнага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Трэцім разам — добрым часам
— Сяргей Міхайлавіч, як змянілася ваша жыццё пасля перамогі ў конкурсе?
Сяргей Шамінскі:
— Перш за ўсё, стала значна больш адказнасці і абавязкаў. Мне і да гэтага не заўсёды хапала часу, каб паспець усё, што запланаваў. Бо кірункаў работы шмат: я выкладаю ў Доўскай школе выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, айчынную і сусветную мастацкую культуру, чарчэнне, вяду аб’яднанне па інтарэсах “Юны мастак”, да таго ж адказваю за працоўнае выхаванне дзяцей у суседняй Серабранскай базавай школе. А зараз дабавілася шмат новых вельмі важных спраў — сустрэчы з калегамі, з навучэнскай моладдзю, выступленні, майстар-класы… А паколькі ў мяне павышанае пачуццё адказнасці, да кожнага мерапрыемства я грунтоўна рыхтуюся, імкнуся данесці да людзей нешта новае, цікавае і карыснае.
Разам з іншымі фіналістамі конкурсу “Настаўнік года” сустрэўся з міністрам адукацыі Андрэем Іванавічам Іванцом, губернатарам Гомельскай вобласці Іванам Іванавічам Крупко, старшынёй Рагачоўскага райвыканкама Віталем Аляксандравічам Сушко. Шмат даводзіцца гутарыць з журналістамі газет, часопісаў, радыё і тэлебачання. Шчыра прызнацца, да перамогі ў конкурсе я даў грунтоўнае інтэрв’ю толькі аднойчы — “Настаўніцкай газеце”. Так што для мяне такая ўвага прэсы ў навіну.
Прыемна бачыць, што пэўны эмацыянальны пад’ём адчуваюць мае вучні. Маці аднаго з іх з усмешкай расказала, што сын, прыйшоўшы са школы, горда паведаміў: ”Сёння ў нас праводзіў урок лепшы настаўнік краіны!”
Думаю, мой прыклад даў дзецям вельмі важны пасыл: тое, што ты працуеш у вёсцы, ні ў якім разе не перашкодзіць табе рэалізавацца ў жыцці.
— Рагачоўскі раён не першы год паспяхова ўдзельнічае ў конкурсе “Настаўнік года”. У чым сакрэт? Без каго ці без чаго гэтай перамогі не было б?
Алена Клачкова:
— Даволі доўга ў Рагачоўшчыны не было на конкурсе асаблівых поспехаў, нават на абласным этапе. Але мы аналізавалі падыходы да справы больш паспяховых удзельнікаў, рабілі высновы і паступова выпраўлялі свае памылкі. Дзякуючы гэтаму, у 2017 годзе ў фінал выйшла настаўніца біялогіі рагачоўскай сярэдняй школы № 5 Алеся Кулікова, у 2020-м — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Рагачова Наталля Лізунова і настаўнік працоўнага навучання Стаўпнянскай сярэдняй школы Аляксандр Атрохаў, які стаў лаўрэатам конкурсу. У 2023 годзе да рэспубліканскага этапу дайшлі ўжо тры нашы педагогі: Таццяна Лашакова, якая выкладае ў сярэдняй школе № 4 Рагачова хімію, Іна Беразюк, якая вучыць дзяцей матэматыцы у рагачоўскай школе № 5, і настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргей Шамінскі, якога журы прызнала абсалютным пераможцам.
Я ўпэўнена, што давесці да сапраўднай перамогі можна толькі асобу, не важна, у дзіцячым конкурсе ці ў дарослым. Без усялякага сумнення, Сяргей Міхайлавіч — гэта яркі, таленавіты чалавек. Увогуле, у яго выпадку ўсё склалася адно да аднаго. Я фізік па адукацыі, многія рэчы ў жыцці заўсёды імкнулася тлумачыць канкрэтнымі законамі, заканамернасцямі. Але з гадамі ўсё больш разумею, што ёсць лёс, Божая воля. Сяргея Міхайлавіча мы накіроўвалі на конкурс яшчэ з 2017 года, але кожны раз былі нейкія перашкоды. І менавіта 2023-і павінен быў стаць яго годам. Усё ў нашым жыцці адбываецца ў свой час, не раней і не пазней.
Зразумела, што перамога ў конкурсе — гэта перш за ўсё заслуга асабіста Сяргея Міхайлавіча, ён змог сабрацца і паказаць сябе. Разам з тым за яго плячыма стаяла каманда калег і аднадумцаў, неабыякавых, матываваных. Многае можна расказаць пра ночы без сну напярэдадні конкурсных выпрабаванняў, пра крэатыўныя рашэнні і шчырую падтрымку. Людзі праявілі сябе з лепшага боку і ў прафесійным, і ў чалавечым плане.
Сяргей Шамінскі:
— Абсалютна згодны з Аленай Вітальеўнай: для ўсяго павінен наступіць той самы момант. У народзе нездарма гавораць: “Трэцім разам — добрым часам” ці “Бог тройцу любіць”. Менавіта так ў мяне і атрымалася. У 2017 годзе я паламаўся ў літаральным сэнсе гэтага слова на раённым этапе — зламаў рэбры, прыйшлося выйсці з конкурсу. У 2020 годзе прайшоў праз яго ў складзе каманды нашага канкурсанта з Рагачоўшчыны Аляксандра Атрохава. І нарэшце ў 2023-м паспяхова паўдзельнічаў сам.
Для мяне гэта быў конкурс на супраціўленне: я супраціўляўся самому сабе і змагаўся з самім сабой. Паверце, ніколі не ставіў мэты перамагчы. Галоўным было якасна і добрасумленна выступіць у кожным конкурсным выпрабаванні, каб і самога не грызла сумленне, і не было сорамна перад людзьмі, якія на мяне спадзяваліся. Перад калегамі з Рагачоўшчыны і спецыялістамі сістэмы адукацыі абласнога ўзроўню, якія шмат у чым мне дапамаглі, за што ім шчыры дзякуй. Перад жонкай, дочкамі, маці і іншымі членамі сям’і, якія вельмі падтрымлівалі мяне. І не толькі перад імі. Як я даведаўся пасля конкурсу, за мяне хварэла шмат людзей, якіх я нават не ведаў. Столькі добрых, шчырых слоў ад іх пачуў, столькі цёплых віншаванняў!..
Раскажу адну невялікую гісторыю. У інтэрнаце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе мы жылі падчас фінальнага этапу конкурсу, была вахцёрка, якая заўсёды мне казала: “Ты пераможаш!” Я казаў у адказ, што ёсць больш дастойныя ўдзельнікі. Але яна стаяла на сваім. Калі мяне аб’явілі пераможцам, наступны дзень быў вельмі насычаны, мы ездзілі з аднаго тэлеканала на другі. Аднак я сказаў, што трэба знайсці хаця б пяць мінут, каб заехаць у інтэрнат, бо там у гэты дзень дзяжурыла вахцёрка, якой я павінен падзякаваць асабіста за яе безумоўную веру ў мяне. Пры сустрэчы з гэтай цудоўнай жанчынай мы абодва расчуліліся да слёз.
Увогуле з конкурсам звязана шмат цікавых гісторый. Пасля майго выступлення ў БДПУ падышла студэнтка, паказала фотаздымак і спытала: “А ці ведаеце вы гэтую дзяўчыну?” Аказалася, на фота мая былая аднакурсніца, з якой мы не бачыліся пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, а побач са мной стаяла яе дачка. Наша знаёмства мела добры працяг. Была створана група ў Viber, дзе многія былыя аднакурснікі праз 33 гады зноў пачалі кантактаваць, расказваць пра сябе, выкладваць фота. Гэтая гісторыя дапамагла блізкім мне людзям з мінулага зноў аб’яднацца ў адну вялікую студэнцкую сям’ю.
Наша пераднавагодняя сустрэча з Сяргеем Міхайлавічам Шамінскім і Аленай Вітальеўнай Клачковай пачалася ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” і была працягнута ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і Доме міласэрнасці. Пагаварылі з настаяцелем Усіхсвяцкага прыхода Мінска протаіерэем Фёдарам Поўным аб духоўна-маральным выхаванні дзяцей, актуальных пытаннях адукацыі і, вядома, аб мастацтве. Па першай адукацыі айцец Фёдар, як і Сяргей Шамінскі, мастак, скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Так што ў іх знайшлося шмат агульных тэм для размовы. А экскурсія па адным з самых знакавых і прыгожых храмаў сталіцы падарыла нашым гасцям шмат яркіх уражанняў.
Шчасце быць настаўнікам
— Тое, што ў конкурсе перамог настаўнік не фізікі, хіміі ці іншай дакладнай навукі, а выяўленчага мастацтва, у нечым нечакана, але вельмі правільна. Выхаваць чалавека культурнага, здольнага бачыць прыгажосць гэтага свету, не менш важна, чым даць яму прыкладныя веды. Як увасабляеце гэты пасыл у сваёй рабоце?
Сяргей Шамінскі:
— На жаль, так склалася, што прадмет “Выяўленчае мастацтва” лічыцца не першарадным. Але ён нічым не лягчэйшы за іншыя. Па-першае, мы сустракаемся з дзецьмі на ўроках малявання адзін раз у тыдзень. І за адну гадзіну я павінен вырашыць тыя ж задачы, якія вырашаюць іншыя настаўнікі, выкладаючы свой прадмет 2, 3, а то і 5 разоў на тыдзень. Па-другое, усе ўмеюць чытаць, пісаць і лічыць, але маляваць, а дакладней — тварыць, здольны адзінкі. Дык чым гэты прадмет лягчэйшы за іншыя?
Вы маеце рацыю, у многім менавіта наш прадмет адказны за культурнае выхаванне чалавека. І я імкнуся па меры магчымасцей адкрыць дзецям дзіўны свет мастацтва, зацікавіць і заахвоціць іх спазнаваць яго ўсё жыццё, якую б прафесію яны для сябе ні выбралі. Вучу бачыць прыгажосць у кожнай жывой істоце — ці то чалавек, ці то жывёла, насякомае, а таксама ў звычайных на першы погляд рэчах. Так, больш як 10 гадоў распісваю птушынае пер’е і вучу гэтаму мастацтву дзяцей. Першым чынам даношу да іх, што гэта пяро жывой істоты, яно ўжо само па сабе ідэальнае і філіграннае. А калі яго яшчэ дапоўніць малюнкамі, атрымліваецца асабліва прыгожа.
Калі дзіця навучыцца бачыць і цаніць прыгажосць, яно не зламае галінку, не затопча кветку, не пакрыўдзіць жывёлу.
Напярэдадні Новага года разам з дзецьмі распісваем электрычныя лямпачкі, якія адпрацавалі сваё, ператвараючы іх у ёлачныя цацкі. Стварылі ўжо некалькі серый — “Вясёлыя твары”, “Снегавікі”, “Пінгвіны”, “Хахламскі роспіс”. Пакрыху асвойваем кітайскі жывапіс і многія іншыя кірункі. У холе нашай школы ладзім выставы дзіцячых работ, каб як мага больш людзей далучалася да прыгажосці. Я малюю яркія афішы, імкнуся цікава аформіць экспазіцыі. Для навагодніх цацак з лямпачак зрабіў вялікую ёлку з пенапласту. А атмасферу для кітайскіх малюнкаў ствараю з дапамогай бамбуку. На самай справе гэта вычышчаныя і высушаныя сцёблы кукурузы. Мой “бамбук” не вельмі трывалы, але выглядае як натуральны, не адрозніш!..
— Напэўна, вам не раз даводзілася чуць, маўляў, што вы са сваімі шматграннымі талентамі робіце ў вясковай школе? Што адказваеце на гэта?
Сяргей Шамінскі:
— У Доўску я нарадзіўся і вырас, гэта мой родны куток. Хтосьці павінен быць звычайным настаўнікам і вучыць дзяцей у вёсцы. Яшчэ шмат гадоў назад вырашыў для сябе, што гэта буду я. Атрымліваю асалоду ад сваёй работы, дзякуючы вучням маё жыццё цікавае, адзін дзень не падобны на другі. Ёсць такое выказванне, што прафесія — гэта лад жыцця. Я скажу больш: для некаторых гэта дыягназ!..
У мяне былі магчымасці пабудаваць сваё жыццё інакш. Калі праходзіў тэрміновую службу ў войсках супрацьпаветранай абароны пад Масквой, мне прапаноўвалі пасля арміі паступіць у Вышэйшую партыйную школу пры ЦК УЛКСМ. Адзін мой аднакласнік згадзіўся на такую прапанову і ўжо шмат гадоў жыве ў Маскве. Я не захацеў гэтага і не шкадую. Пасля Віцебскага педуніверсітэта была магчымасць застацца працаваць на кафедры выкладчыкам, я не згадзіўся, аб чым зноў жа не шкадую. Тады я думаў, што адпрацую ў Доўскай школе два гады, а далей, можа, вярнуся ў Віцебск, гэта ж калыска мастацтва. Але даволі хутка перадумаў, і больш такога жадання не ўзнікала. Адпрацаваўшы ў Доўску 33 гады, з поўнай адказнасцю заяўляю, што нікуды з’язджаць не збіраюся і нікуды мяне не цягне. Тут усё роднае — дом, школа, людзі, прырода… І лепшага месца на зямлі няма!
Хтосьці павінен быць звычайным настаўнікам і вучыць дзяцей у вёсцы. Яшчэ шмат гадоў назад вырашыў для сябе, што гэта буду я.
Са знакам якасці
— Чым яшчэ, акрамя перамогі на конкурсе, запомніўся адыходзячы год?
Сяргей Шамінскі:
— Ён быў надзвычай насычаны. Яшчэ адной адметнай падзеяй стала адкрыццё ў маі музея сістэмы адукацыі Рагачоўскага раёна. Я быў у складзе ініцыятыўнай групы, члены якой прыязджалі ў Рагачоў і разам з ідэйным натхняльнікам музея дырэктарам рагачоўскай школы № 4 Аляксандрам Самуілавічам Лейкіным стваралі экспазіцыю. Прыемна было мець дачыненне да справы, якая ўвекавечвае працу многіх пакаленняў педагогаў, што былі да нас.
Акрамя таго, я ўдзельнічаў у рэцэнзаванні будучага падручніка па чарчэнні. З галавой пагрузіўся ў гэтую работу, вечарамі заседжваўся дапазна і літаральна сканіраваў вачыма кожную старонку. У рэшце рэшт знайшоў памылкі ў чарцяжах, якія цяпер будуць выпраўлены. Так што год дакладна пражыты не дарма.
Алена Клачкова:
— Сяргей Міхайлавіч валодае рэдкай якасцю — ён не ставіць адно вышэй за другое і адказна выконвае кожную справу. Што тычыцца стварэння музея, то гэта была важная работа для ўсёй сістэмы адукацыі Рагачоўшчыны. Вялікі дзякуй за гэта і ветэранам педагагічнай працы, і сённяшняму дырэктарскаму корпусу, і настаўнікам, якія не шкадавалі свайго вольнага часу. Сяргею Міхайлавічу хачу асабіста падзякаваць за яго ўдумлівае, творчае ўвасабленне ідэй. Нам з Аляксандрам Самуілавічам дастаткова было сказаць яму, які сэнсавы пасыл трэба закласці ў афармленне той ці іншай часткі экспазіцыі, і ён адразу прапаноўваў выдатныя варыянты.
— 2024 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. На вашу думку, што ўключае ў сябе паняцце якаснай адукацыі?
Сяргей Шамінскі:
— Многія спасылаюцца перш за ўсё на матэрыяльную базу. Маўляў, дайце нам матэрыяльную базу, і мы адразу дадзім вам высокую якасць адукацыі! Вядома ж, гэты аспект важны і вельмі дапамагае прасоўвацца ў выкладанні і вывучэнні прадмета. Але галоўнае ўсё ж у іншым — у асабістай адказнасці і добрасумленнасці выкладчыка. Можна, і не маючы выдатнай матэрыяльнай базы, а валодаючы гэтымі чалавечымі якасцямі і прафесіяналізмам, даваць дзецям сапраўды якасныя веды.
Алена Клачкова:
— У сістэме адукацыі Рагачоўшчыны яшчэ некалькі гадоў назад была створана Праграма кантролю якасці адукацыі. Мы закладваем у яе метадалагічную аснову, згодна з якой, каб атрымаць якасць у цэлым, трэба мець якасць умоў, якасць працэсу і якасць вынікаў адукацыі. Абапіраючыся на гэта, і будуем работу — у аддзеле, метадычным кабінеце, ва ўстановах адукацыі. Гатовы падзяліцца сваім вопытам з калегамі праз “Настаўніцкую газету”.
— Чаго хацелі б пажадаць у новым годзе беларускім педагогам?
Сяргей Шамінскі:
— Здароўя. На першы погляд, банальна, але, калі яно будзе, усё стане запатрабаваным і жаданым, усё дасць свой вынік. Любіце свой прадмет, сваю прафесію, і тады прафесія палюбіць вас.
Алена Клачкова:
— У Новым годзе хачу пажадаць выключна глабальных поспехаў, каб былі пройдзены нязведаныя жыццёвыя маршруты. Лёгкай дарогі да вызначаных мэт. Новых планаў і іх выканання!
Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА