Настаўнік і педагагічнае выданне: перазагрузка ўзаемаадносін

- 5:55Сацыяльны ракурс

Круглы стол па тэме “Роля і месца педагагічных СМІ ў рабоце педагога” быў арганізаваны на мінулым тыдні ў канферэнц-зале “Настаўніцкай газеты”. Кіраўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі сістэмы адукацыі сабраліся, каб абмеркаваць праблемы, з якімі сутыкаюцца педагагічныя СМІ на сучасным этапе, а таксама вызначыцца з перспектывамі развіцця сваіх выданняў. Сустрэча за круглым сталом стала сустрэчай калег, дзе кожны ўдзельнік змог прадставіць свой погляд на пытанні заяўленай тэматыкі, паказаць набыты вопыт і пазнаёміцца з вопытам іншых выданняў. Узначаліў сустрэчу намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч ЯКЖЫК.

Таксама на пасяджэнні прысутнічалі:

  • Кнышаў Вадзім Аляксандравіч, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”,
  • Ваніна Юлія Аляксандраўна, прэс-сакратар міністра адукацыі Беларусі,
  • Супрановіч Мікалай Аляксандравіч, дырэктар РУП “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”,
  • Ваніна Наталля Генадзьеўна, дырэктар РУП “Выдавецтва “Пачатковая школа”,
  • Сачанка Аляксандр Іванавіч, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя часопіса“Пралеска”,
  • Кныш Марыя Антонаўна, намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”,
  • Кісялёва Ларыса Мікалаеўна, намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Знамя юности”,
  • Дзейко Святлана Аляксандраўна, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі”,
  • Сугака Алена Генрыхаўна, загадчыца рэдакцыі навукова-метадычнага часопіса “Пачатковая школа”.

Сіла ведаў рухае прагрэс

Сёння хуткімі тэмпамі развіваюцца электронныя рэсурсы. Як адчуваюць сябе педагагічныя СМІ ў сетцы інтэрнэт? Якія тут перспектывы развіцця? Як павінны працаваць інфармацыйныя педагагічныя парталы і як гэтыя парталы павінны ўзаемадзейнічаць з парталам Міністэрства адукацыі? На гэтыя і шмат іншых пытанняў шукалі адказы ўдзельнікі сустрэчы за круглым сталом. Пачаў пасяджэнне намеснік міністра адукацыі.

В.В.Якжык: “Сённяшняя сустрэча — гэта магчымасць для шчырай размовы аб перспектывах, стратэгіі і тактыцы развіцця педагагічных СМІ, дыялог прафесіяналаў. Нам важна памятаць і аб студэнцкіх, школьных і іншых СМІ, звязаных з адукацыяй, бо кожная газета і кожны часопіс — гэта значны ідэалагічны механізм у сі­стэме кіравання адукацыяй. Сёння можна гаварыць пра тое, што СМІ напрамую ўзаемадзейнічаюць з педагогам і маюць паўнацэнную зваротную сувязь. У Кодэксе аб адукацыі ёсць нормы, якія тычацца дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, узаема­дзеяння органаў кіравання адукацыяй са СМІ. Прычым гэтыя нормы прадугле­джваюць, што педагогі павінны разглядаць прафесійныя выданні як эфектыўны сродак для самаадукацыі.

Нам важна разгледзець узаемасувязь прафесійных педагагічных выданняў як ідэалагічнага стрыжня з эканомікай пытання. Ці могуць педагагічныя СМІ быць эфектыўнымі і самаакупнымі? Ці не страцім мы, гонячыся за прыбыткам, ідэалагічны складнік? У той жа час нам зразумела, што незапатрабаванасць выданняў педагагічнай аўдыторыяй — той факт, з якім мы не можам пагаджацца. На што трэба звярнуць увагу Міністэрству адукацыі як заснавальніку педагагічных СМІ?

Нам усім важна разумець, што праца­ваць па-даўнейшаму педагагічным СМІ ўжо не атрымаецца, улічваючы знешнія эканамічныя фактары, а таксама Кодэкс аб адукацыі. На рынку СМІ Беларусі існуюць тэндэнцыі іх узбуйнення, стварэння інфармацыйных холдынгаў”.

В.А.Кнышаў: “Мы прааналізавалі даныя падпісных тыражоў вядучых выданняў краіны. Хачу заўважыць, што Міністэрства адукацыі валодае глабальным і вельмі моцным інфармацыйным рэсурсам. Сукупны тыраж адукацыйных СМІ, без тыражоў прадметных часопісаў і без прадукцыі, якую прапаноўвае выдавецтва “Пачатковая школа”, на 1 сту­дзеня 2012 года складаў 99 389 экзэмпляраў. Падкрэслю, што амаль 100 тысяч экзэмпляраў — гэта падпісны тыраж, а зна­чыць, стабільна вядомы чытач. Гэта каласальны рэсурс уздзеяння на педагагічную грамадскасць. Для параўнання: падпісны тыраж “Звя­зды” — 27 650 экзэмпляраў, “Народнай газеты” — 28 256, “Рэспублікі” — 41 тысяча экзэмпляраў. Сукупны ж падпісны тыраж галіновых холдынгаў наступны: сістэмы МУС — каля 60 тысяч, Міністэрства абароны — крыху больш за 32 тысячы. І нам, журналі­стам педагагічных СМІ, хацелася б, каб Міністэрства адукацыі, разумеючы, якім каласальным рэсурсам яно валодае, выкары­стоўвала яго па максімуме.

Мы мяркуем, што наспела неабходнасць стварэння Савета галоўных рэдактараў педагагічных СМІ пры міністры адукацыі.
Гэты савет можа стаць дарадчым органам, які Міністэрства адукацыі зможа выкарыстоўваць тактычна. Мы ўпэўнены, што такі велізарны рэсурс немагчыма выкарыстоўваць толькі для асвятлення мерапрыемстваў (хаця і гэта знакавы складнік). Упэўнены, мы павінны быць у палітыцы пытання. Мы вашы памочнікі і гатовы праца­ваць на інтарэсы заснавальніка”.

Н.Г.Ваніна: “Мы ўсе выраслі з “Настаўніцкай газеты”, таму вельмі рады, што наша прафесійная педагагічная газета працягвае весці ўсіх за сабой. Выдавецтва “Пачатковая школа”  вырасла з аднайменнага часопіса, ды і адбылося гэта толькі таму, што з 1991 года, калі мы пачалі працаваць, мы зрабілі стаўку на сувязь з педагогам і на індывідуальную падпіску, на інтарэс чытача, на змястоўны ідэалагічны кампанент. Мы раслі разам з нашай маладой незалежнай дзяржавай і нядаўна, падводзячы вынікі 20-гадовай дзейнасці, канстатавалі, што ад нуля выйшлі на больш чым 9 млрд абароту. Гэта наш сумесны з педагогамі поспех.

Кіраўнік дзяржавы, выступаючы перад парламентам, сказаў, што “беларускі шлях развіцця — гэта патрыятызм, інтэ­лект і прагрэс”. Лічу, што нам варта пра гэта памятаць заўсёды, бо менавіта сіла ведаў рухае прагрэс і развіццё. На гэтых прынцыпах базіруецца канцэпцыя развіцця выдавецтва і часопіса. Свае лепшыя праекты мы прысвяцілі выхаваўчай праблематыцы, і гэта натуральна. У гэтым нас падтрымлівае педагагічная і бацькоўская грамадскасць, бо ўсе мы жадаем, каб нашы дзеці выраслі пісьменнымі, выхаванымі, адукаванымі людзьмі, каб у баць­коў была магчымасць набываць не сумніўную па змесце дзіцячую літаратуру расійскай вытворчасці, а добрыя айчынныя кніжкі (так мы пачалі выпуск літаратуры для дзіцячай аўдыторыі). Лічу, што сумяшчэнне ідэалагічнай і камерцыйнай асноў дае выдатны вынік: нам пішуць не толькі педагогі і бацькі, але і дзеці — дзякуюць за кніжкі і часопісы, за конкурсы, якія мы для іх ладзім. Гэта прыносіць вялікае маральнае задавальненне. Наша прадукцыя карыстаецца попытам. Праўда, да выдавецкай дзейнасці важна правільна падыходзіць: неабходна рэклама, асветніцкая работа з педагогамі і бацькамі”.

В.В.Якжык: “А што, на ваш погляд, павінны рабіць органы кіравання адукацыяй? Якой падтрымкі чакаюць ад нас педагагічныя СМІ?”.

В.А.Кнышаў: “Хоць ад нашай дзейнасці ёсць добры фінансавы вынік, гэта не азначае, што нам не патрэбна садзейнічанне заснавальніка. Нам не варта марыць пра фінансаванне з боку заснавальніка, аднак арганізацыйная падтрымка Міністэрства адукацыі нам неабходна: у прыватнасці дапамога ў прасоўванні прадукцыі. Падкрэслю, што мы не прыхільнікі ўвядзення нейкіх абавязковых падпісных квот, бо гэта можа прынесці адмоўны вынік”.

А.Г.Сугака: “Супрацоўнікі часопіса “Пачатковая школа” шукаюць новыя формы падачы матэрыялу, новых аўтараў, выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання і пастаянна знаходзяцца ў сувязі з чытачом. Выязджаючы ў камандзіроўкі, мы раздаём анкеты, каб даведацца, наколькі мы запатрабаваны і што патрэбна педагогу. Вынікі апрацоўкі анкет паказалі, што не ўсе педагогі гатовы поўнасцю перайсці да электронных рэсурсаў. Разам з тым усе разумеюць, што без гэтага сёння нельга. Каля 25% выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання толькі для адкрытых урокаў і агульнашкольных мерапрыемстваў, каля 50% апытаных выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання па меры неабходнасці.

Праўда, у нас ёсць чытачы, якія выкарыстоўваюць дыск з pdf-версіяй часопіса. Прааналізаваўшы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што чытачу сёння патрэбны абодва варыянты. Таму з другога паўгоддзя мы пачалі выдаваць штомесячны часопіс з дыскам. Наш дыск — гэта не асобны прадукт, ён утрымлівае pdf-фармат, каб можна было штосьці раздрукаваць, а таксама дадаткі да кожнага матэрыялу (мультымедыйныя прэзентацыі і карткі, схемы, памяткі, ілюстрацыі, аўдыя- і відэаматэрыялы, якія не могуць змясціцца на старонках часопіса). Шырока выкарыстоўваем віртуальныя экскурсіі.

Праўда, ёсць праблема ў канкурэнцыі з часопісам “Пачатковае навучанне”. Нам бы хацелася, каб у “Пачатковай школы” і “Пачатковага навучання” былі роўныя ўмовы для выдання. А чытач сам выра­шыць, які з часопісаў яму больш патрэбны”.

В.В.Якжык: “Мы падтрымаем вашу ініцыятыву, калі вы вырашыце, што лепш аб’яднаць названыя часопісы, а не весці канкурэнтную барацьбу за чытача. Уносьце прапановы”.

М.А.Супрановіч: “Дзе браць якасныя метадычныя матэрыялы? Мы вырашаем праблему, звяртаючыся  ў раённыя метадычныя службы”.

В.А.Кнышаў: “Каб пашырыць чытацкую аўдыторыю і знайсці новых аўтараў, у 2011—2012 гадах “Настаўніцкая газета” ўпершыню рэалізавала праект па паглыбленні інфармацыйнага ўзаемадзеяння з сістэмай адукацыі рэгіёнаў пад умоўнай назвай “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Юрыдычнай асновай праекта сталі пагадненні аб супрацоўніцтве, заключаныя паміж упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і нашай установай. У рамках пагаднення рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй фарміруюць заяўкі на тэматычныя публікацыі ў “Настаўніцкай газеце” па актуальнай для рэгіёнаў тэматыцы, прапануюць выданню адрасы перадавога вопыту, рэкамендуюць патэнцыяльных аўтараў. У нашай газеце з’явілася тэматычная старонка “Адукацыйная прастора”, штомесяц выходзіць аднайменны дадатак, які фарміруецца з матэрыялаў, заяўленых рэгіёнамі.

У сваю чаргу органы кіравання адукацыяй актывізавалі работу па садзейнічанні ў папулярызацыі і пашырэнні чытацкай аўдыторыі СМІ, якія выдае наша ўстанова. Рэдакцыя ўдзячна кіраўнікам упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, работнікам абласных ІРА, педагогам краіны за падтрымку гэтага праекта, а таксама нашага выдання.

Добрай падтрымкай стала стварэнне холдынга і прыход “Народнай асветы”. Такім чынам, метадычную экспертызу матэрыялаў мы можам атрымаць у калег. У рэкамендацыях калегіі мы прадугледзелі ўключэнне курсаў інфармацыйнай культуры педагога ў вучэбныя планы падрыхтоўкі спецыялістаў, бо гэта адзін з элементаў прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка”.

В.В.Якжык: “Холдынг “Настаўніцкай газеты”, які ствараўся ад жыцця, дае свой плён.

У дзейнасці ж прадметных часопісаў, па-першае, трэба больш увагі ўдзяляць рабоце рэдактара, а па-другое, самой форме падачы матэрыялу. Тыя класічныя каноны, якія мы прывыклі бачыць у прадметным часопісе, пара ўдасканальваць, каб не страціць падпісчыка. Мы павінны глядзець на паказчык падпіскі прадметнага часопіса. Калі яго выпісвае зусім малы працэнт настаўнікаў-прадметнікаў, то гэта гаворыць пра недастатковую ўвагу да зместу часопіса з боку выдаўцоў.

Лічу канцэптуальна неапраўданым існаванне прадметных часопісаў з 10 працэнтамі падпісчыкаў ад агульнай колькасці прадметнікаў. Сёння ў нас — 39 прадметных часопісаў, і нарошчваць іх колькасць пад кожны запыт мы не можам. Там, дзе часопіс незапатрабаваны, нам варта рэкамендаваць выдаўцам прымаць меры”.

М.А.Супрановіч: “Гэта будуць кардынальныя меры. З 30 часопісаў у нашым выдавецтве застанецца 20. Думаю, што аптымізацыя вельмі істотная”.

Хто навучыць настаўніка?

В.А.Кнышаў: “У інтэрнэт педагагічныя СМІ ідуць метадам спроб і памылак, таму гэтую тэму варта абмеркаваць асобна. У чым прайграюць друкаваныя СМІ інтэрнэту? У навінах. Аднак у нас настолькі спецыфічная ніша, што кантэнт навін не з’яўляецца для педагагічных СМІ прынцыповым. Думаю, што нам важна шукаць новыя формы — падтрымку тэкставых матэрыялаў ілюстрацыйнымі. Інтэрнэт дае нам інтэрактыў — зваротную сувязь з чытачом. Праўда, журналісцкія форумы як форумы для ўзаемаадносін настаўнікаў-прадметнікаў маюць патрэбу ў сур’ёзнай мадэрацыі”.

Ю.А.Ваніна: “Мы адкрылі на партале міністэрства форумы для ўзаемаадносін настаўнікаў, аднак тыя настаўнікі, якія маглі б даваць там свае метадычныя распрацоўкі, заходзяць да нас найперш з-за навін. Пі­шуць на форумах, напрыклад, рэпетытары, якіх неабходна мадэрыра­ваць, бо яны абмяркоўваюць не ўрокі і інавацыйныя формы работы, а праблемы, далёкія ад адукацыі ўвогуле. Спынюся на эканоміцы пытання. Мы праводзілі апытанне і высветлілі, што каля 70% людзей пакуль не жадаюць плаціць грошы за тое, што ёсць у інтэрнэце”.

В.В.Якжык: “Гэта гаворыць пра агульную інфармацыйную культуру насельніцтва. Акрамя таго, пакуль распрацоўваецца нарматыўная прававая база, якая сфарміруе інфармацыйную культуру і дзякуючы якой можна будзе абараняць аўтарскія правы”.

Ю.А.Ваніна: “Мы паспрабавалі выставіць у адкрыты доступ на сайце некалькі выдатна распрацаваных урокаў, каб паглядзець, ці запатрабаваны такі кантэнт. Зацікаўленасць была велізарнай! На трэці дзень нам пачалі тэлефанаваць з пытаннем, чаму мы не выстаўляем яшчэ ўрокі. Урокі — гэта таксама суб’ект аўтарскага права, і выстаўляць усе ўрокі ў адкрыты доступ мы не маем права”.

В.А.Кнышаў: “Мы ведаем, што многія хацелі б чытаць “Настаўніцкую газету” і на беларускай, і на рускай мове. Зразумела, што пераход нашага выдання на двухмоўе ніколі намі не разглядаўся і не будзе разглядацца, бо гэта пацягне за сабой ліквідацыю роднай мовы са старонак газеты. Але мы бачым для сябе магчымым прадаваць рускамоўную версію газеты праз электронныя СМІ. Зразумела, што мы страцім частку аўдыторыі, але спадзяёмся, што акупім гэтыя страты прыбаўкай у чытачах электроннай версіі. Аднак пакуль усё ўпіраецца ў адсутнасць нарматыўнай базы, бо мы не можам стварыць штат су­працоўнікаў, плаціць ім”.

М.А.Кныш: “Мы сутыкнуліся з той жа праблемай. У мінулым годзе часопіс “Роднае слова” ўвайшоў у міжнародны каталог, і мы ўбачылі, што на выданне накручва­юць вялізныя цэны. Напрыклад, у Германіі падпіска на “Роднае слова” каштуе каля 180 еўра. Хто нас падпіша? Таму нам прапанавалі прадастаўляць электронны варыянт часопіса. А тут ужо мы сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі: а як нам гэта ажыццявіць? З аднаго боку, “Роднае слова” — гэта пляцоўка для фарміравання навуковай эліты, таму што друкаваныя матэрыялы для аспірантаў і дактарантаў ВАК пакуль не адмяніла. З другога боку, мы разумеем, што не можам стаяць на месцы, трэба развівацца. Актывізавацца варта і праз інфармацыйную прастору. На сваім сайце мы таксама размяшчаем матэрыялы ў дадатак да надрукаванага, маглі б і болей размяшчаць”.

М.А.Супрановіч: “Мы хацелі размясціць на нашым сайце некаторыя музычныя творы ў дапамогу настаўніку музыкі. Для гэтага звярнуліся ў Нацыянальную бібліятэку, кіраўнік якой, Раман Сцяпанавіч Матульскі, растлумачыў нам, што гэта вельмі няпроста. Уся справа ў аўтарскіх правах, і нам могуць прад’явіць прэтэнзіі выканаўцы твора, а таксама нашчадкі кампазітара”.

Н.Г.Ваніна: “Каб не было праблем з аўтарскімі правамі, аўтары павінны быць зарэгістраваны ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці”.

В.В.Якжык: “Зразумела, праблемы ёсць. Але нам важна ўсведамляць, што нарматыўная прававая база будзе развівацца. Кожны кіраўнік павінен разумець, як прававы акт будзе экстрапаліраваны на практычную дзейнасць. Калі гэтага няма, то тут пытанне ўжо да кіраўніка. Прыемна, што электронны кантэнт педагагічных СМІ атрымаў развіццё за апошні час, і тут ёсць перспектывы”.

Л.М.Кісялёва: “На ліпень у нас — 34 719 падпісчыкаў на друкаваную версію газеты. Такім чынам, друкаваная версія застаецца запатрабаванай. З 2008 года ў нас актыўна развіваецца сайт, прычым версія сайта адрозніваецца ад друкаванай абнаўленнем навін. Мы ўпэнены, што людзей неабходна заахвочваць да дзеяння: выкладваць на сайце частку матэрыялу ці, наадварот, накіроўваць чытача друкаванай версіі за падрабязнасцямі на сайт. Мы здолелі прадаваць pdf-версію газеты, прычым гэта далёка не такая выгадная працэдура ў фінансавым плане. Аднак гэта неабходны крок, бо сёння важна прысутнічаць у электронным фармаце. Падпісчыкі зараз змогуць падпісвацца праз сістэму АРІП, таксама для нашай мала­дзёжнай аўдыторыі мы здолелі ства­рыць сэрвіс аплаты за падпіску праз мабільны тэлефон (у гэтым мы піянеры на рынку Беларусі)”.

С.А.Дзейко: “Прыемна, што мы развіваемся на інфармацыйнай прасторы рознымі шляхамі. Згодна з тым, што педагогаў трэба вучыць. Можа, нам пара праводзіць семінары для педагогаў, дзе мы можам вучыць іх прадстаўляць свой вопыт. Мы нядаўна апрабавалі правя­дзенне вочна-завочных семінараў, пасля якіх нават самыя далёкія ад камп’ютара настаўнікі асвойваюць інтэрнэт. Расійская акадэмія адукацыі зараз развівае новую форму — вэбінар. Няблага б і ў нас яе апрабаваць”.

А.І.Сачанка: “За наш часопіс гаво­рыць яго тыраж. Калі не будзе зместу ў нашых выданнях, то ніякімі пернікамі мы чытача не заманім. Свой тыраж мы робім толькі за кошт зместу. Спынюся на зваротнай сувязі. Сумесна з галіновым прафсаюзам мы вырашылі правесці акцыю — падрыхтаваць спецвыпускі з рэгіёнаў, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС пад агульнай назвай “Адраджэнне”. Праехалі па Веткаўскім, Нараўлянскім, Лунінецкім раёнах. Наш прыезд сустрэлі з энтузіязмам, вырасла і падпіска на “Пралеску”. Вось што такое, на мой погляд, пайсці насустрач чытачу. З прафесіяналам трэба размаўляць на прафесійнай мове аб прафесійных рэчах. Ды і ў канцы года, падводзячы вынікі, нам добра было б называць лепшыя выданні, лепшых аўтараў (і не толькі з педагагічных СМІ), якія пішуць на педагагічную тэматыку”.

В.В.Якжык: “Лічу, што стварэнне Савета галоўных рэдактараў пры міністры адукацыі — своечасовы крок, які варты ўвагі. Нам важна бачыць траекторыю развіцця кожнага педагагічнага выдання на найбліжэйшы час”.

Запісала Наталля КАСТЭНКА.
public@nastgaz.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.