Настаўнік і вучань растуць разам!

- 16:48Нам пішуць

Кажуць, што настаўнік і вучань растуць разам. І гэта даказвае незвычайны дзень з жыцця гімназістаў. Святочная атмасфера, незвычайны настаўніцкі склад, усмешкі і воклічы цешаць усіх! Навучэнцы 9—11 класаў на адзін дзень мяняюцца месцамі са сваімі выкладчыкамі і бачаць школьнае жыццё з іншага боку. Выкарыстоўваючы камп’ютарныя тэхналогіі і гульнявую форму правядзення ўрока, старшакласнікі рыхтуюць і праводзяць запамінальныя заняткі. Літаратура, матэматыка, хімія, біялогія і многія іншыя прадметы стануць у гэты дзень асабліва цікавымі, бо, як вядома, дзеці бачаць свет зусім іншымі вачыма!

Дзень самакіравання заўсёды праходзіць вельмі весела і цікава. Справа ў тым, што ў гэтае свята навучэнцы могуць пакінуць свае звыклыя месцы за партамі і паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў. Менавіта гэты дзень дазваляе старшакласнікам даведацца ўсе нягоды педагогікі і вызначыцца з будучай прафесіяй.

У дзень самакіравання дзецям прапануецца вялікі пералік прадметаў для выкладання, а таксама ёсць магчымасць пабываць на месцы намеснікаў дырэктара, бібліятэкара, педагога-арганізатара і медыцынскага работніка.

Добрасумленная падрыхтоўка да прадмета залежыць не толькі ад настаўніка-дублёра, але і ад выкладчыка, які накіроўвае іх у патрэбнае рэчышча. Убачыць сваіх дзяцей у іншай ролі, растлумачыць для сябе некаторыя асаблівасці іх характару (мерапрыемства дапамагае раскрыць лідарскія якасці старшакласнікаў, а таксама іх маральна-этычныя прынцыпы).

На пытанне “Чаму менавіта педагог?”, настаўнікі-дублёры адказваюць: “Даведацца, у чым на самай справе сутнасць працы настаўніка, можна толькі адным спосабам — паспрабаваць стаць педагогам! І тады будзеш разумець, якая гэта цяжкая праца, будзеш глядзець на працу сваіх настаўнікаў інакш”.

У дні самакіравання ёсць свае плюсы і мінусы. Але станоўчых эмоцый больш, таму што гэты дзень — паказчык зладжанай работы адміністрацыі і педагагічнага калектыву, а таксама навучэнцаў, чыя праца была ўзнагароджана каштоўнай узнагародай — усмешкамі дзяцей.

Настаўнікам трэба нарадзіцца: ім кіруе прыроджаны такт. Мы верым, што гэты такт прымушае біцца сэрцы тых вучняў, якія ў будучыні хочуць звязаць сваё жыццё з выкладаннем, а дзень самакіравання — гэта добры старт, каб яшчэ раз сказаць сваё цвёрдае “ТАК!”, і стымул, каб пайсці на сустрэчу новаму і нязведанаму!

Мікалай КАСЦЮКОЎ,
навучэнец 10 класа гімназіі Быхава.