Пачаты ў мінулым годзе на Гомельшчыне фестываль-конкурс “Хачу быць педагогам” не толькі добра прыжыўся, але і атрымаў новыя напрамкі. Спрыяла гэтаму жаданне ахапіць прафарыентацыяй як мага больш навучэнцаў. І калі першы раз абласное мерапрыемства сабрала матываваных на педагагічную прафесію дзевяцікласнікаў некаторых гомельскіх школ, а навучэнцы чатырох педагагічных каледжаў расказвалі ім пра свае ўстановы і спецыяльнасці, знаёмілі з рознымі вядомымі педагагічнымі школамі, то зараз конкурс пашырыў свае межы і ахапіў усе без выключэння рэгіёны вобласці.
Гомельскім, лоеўскім, рэчыцкім, рагачоўскім педагагічнымі каледжамі былі аб’яўлены творчыя конкурсы ў школах і гімназіях блізкіх раёнаў. Пераможцаў і ўдзельнікаў будуць запрашаць у сцены каледжаў, дзе яны змогуць не толькі атрымаць дыпломы і ўзнагароды, але і асабіста пазнаёміцца з установай і выкладчыкамі, даведацца пра спецыяльнасці.
Лоеўскі педагагічны каледж ацаніў работы, якія даслалі на конкурс юнакі і дзяўчаты з устаноў адукацыі Ельскага, Лельчыцкага, Хойніцкага, Нараўлянскага, Лоеўскага і Брагінскага раёнаў. Лісты з аўтарскімі вершамі, сачыненнямі, малюнкамі, плакатамі, фотакалажамі журы атрымлівала амаль кожны дзень. Сярод гэтых работ асобнае месца займалі відэаработы ў намінацыі “Настаўнік у маім жыцці” — відэаролікі і відэапрэзентацыі пра настаўнікаў, знятыя вучнямі. Фрагменты гэтых работ трансліраваліся падчас цырымоніі ўзнагароджання канкурсантаў. Трэба сказаць, што многія краналі да глыбіні душы — цёплыя, шчырыя.Шмат добрых і ўдзячных слоў выказвалі дзеці сваім настаўнікам у конкурсных сачыненнях і вершах. “Я лічу, што вялікая гэта справа — школа. Няма ў нашым грамадстве фігуры больш важнай, чым настаўнік. І я часта ўспамінаю словы свайго настаўніка: “Настаўнік — гэта чалавек, які трымае ў сваіх руках заўтрашні дзень краіны, будучыню планеты”, — напісала ў сваім сачыненні сямікласніца Ганна Ляхавец з Дуброўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лельчыцкага раёна. “Крок, яшчэ крок, яшчэ… Маё сэрца трывожна замірае. Мая рука моцна трымаецца за руку мамы і баіцца яе адпусціць. Я пераступаю парог школы, адпраўляюся ў далёкі і цяжкі паход за ведамі…” — дзеліцца ўспамінамі Вольга Данільчанка з ельскай сярэдняй школы № 2. “Настаўнік — гэта вельмі важны і дарагі чалавек у жыцці кожнага. Калі мы ідзём у 1-ы клас, наша першая настаўніца становіцца для нас другой мамай, якая заўсёды дапамагае”, — нібыта працягвае думку Настасся Шавыра з Ручаёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Калі слухаеш гэтыя вытрымкі з сачыненняў ці радкі з уласных вершаў, якія дзеці прысвяцілі сваім педагогам ці проста прафесіі настаўніка, разумееш, што сёння вучні не страцілі павагі да настаўніка, што яны, як і пакаленне іх бацькоў, бачаць у настаўніку аднадумца і дарадчыка, чакаюць ад яго разумення і падтрымкі. Галоўнае — не расчараваць іх.
— Дзеці хочуць бачыць у сваім выкладчыку сябра, і трэба быць для іх сябрам, — гаворыць дырэктар Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Раіса Каляда. — Праглядаючы конкурсныя работы, мы былі прыемна здзіўлены, як многа выдатных, творчых настаўнікаў працуе ў нашых школах. Яны служаць для сваіх вучняў прыкладам, а значыць рыхтуюць сабе змену. Упэўнена, многія з тых, хто прыняў удзел у нашым конкурсе, хутка стануць нашымі навучэнцамі.
На цырымонію ўзнагароджання пераможцаў былі запрошаны школьнікі і іх настаўнікі, навучэнцы і выкладчыкі каледжа, а таксама выкладчыкі-ветэраны, якія большую частку свайго жыцця аддалі рабоце ў лоеўскім педагагічным каледжы. Некаторыя з іх — прадстаўнікі вядомых педагагічных дынастый Гомельшчыны. Яны расказвалі школьнікам пра гады сваёй педагагічнай працы і пра сваіх выпускнікоў, падкрэсліваючы, што рэалізаваць сябе можна ў любой прафесіі, трэба толькі вельмі любіць яе.
Вынікі рэгіянальнага этапу конкурсу “Хачу быць педагогам” будуць падведзены ў кожным педагагічным каледжы. А наперадзе нас чакае абласны этап. Яго галоўная ідэя пакуль трымаецца ў сакрэце. У мінулым годзе будучыя педагогі — навучэнцы каледжаў — дэманстравалі царкоўнапрыходскія і ланкастарскія школы, знаёмілі гледачоў са школай Макаранкі. Цікава, што чакае сёлета.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.