Настаўніца з душой

- 11:09Людзі адукацыі, Рознае

Валянціну Дзям’янаўну Скібу, намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Мінскага абласнога ліцэя, ведаю даўно. Заўсёды яркая, трапная і энергічная. Слухаць яе выступленні падчас канферэнцый і круглых сталоў — адно задавальненне. Гаворыць Валянціна Дзям’янаўна па сутнасці і эмацыянальна, што вельмі прываблівае навакольных.


Шчырасць і эмацыянальнасць прываблівае і яе вучняў, якія за сваёй настаўніцай ходзяць натоўпам. А яна для іх не шкадуе ні часу, ні сіл. Валянціна Дзям’янаўна з’яўляецца адным з заснавальнікаў ліцэйскага навуковага таварыства “Праметэй”, якое ў 2008 годзе было адзначана грантам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Пад яе кіраўніцтвам было напісана каля 20 даследчых работ, адзначаных дыпломамі І ступені на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях.

У гэтым годзе ў межах сумеснай даследчай дзейнасці з вучнем Канстанцінам Купрыенюком было зроблена даследаванне “Маўленчы партрэт Юрыя Жыгамонта як носьбіта мовы тытульнай нацыі ў беларускіх медыясродках”, які адзначаны дыпломамі І ступені на Абласным конкурсе даследчых работ школьнікаў Міншчыны, а таксама на рэспубліканскім конкурсе ў секцыі “Беларуская філалогія”.

Дзякуючы крэатыўнасці, неабыякавасці і прафесіяналізму Валянціны Дзям’янаўны, удзельнікам навуковага таварыства ў 2016 годзе ўдалося заваяваць 7 дыпломаў абласнога і 9 — Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ школьнікаў.

Знакаміты выраз Леанарда Эйлера настаўніца перайначыла і ўжывае яго ў наступным выглядзе: “Жыццё цудоўнае ўжо таму, што ў ім можна займацца літаратурнымі перакладамі”. На факультатыўных занятках па польскай мове разам са сваімі вучнямі яна робіць пераклады твораў польскай літаратуры на сучасную беларускую мову.

Педагог з’яўляецца аўтарам 12 друкаваных артыкулаў па навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Свой метадычны вопыт паспяхова ўкараняе ў ліцэі, пастаянна прэзентуе яго на шматлікіх рэспубліканскіх і абласных семінарах, якія праводзяцца на базе ўстановы адукацыі.

Валянціна Дзям’янаўна — аўтар і кіраўнік інавацыйнага рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”, які паспяхова рэалізоўваецца ў ліцэі. Карыстаецца попытам у настаўнікаў краіны яе метадычны дапаможнік “Як зрабіць інтэграваны ўрок цікавым”.

З’яўляючыся намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, Валянціна Дзям’янаўна ніколі не забывае, што найперш яна настаўніца. Мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Яе ўрокі з’яўляюцца сінтэзам метадычных традыцый і педагагічных навацый. Перавагу ў сваёй практыцы педагог аддае інфармацыйным тэхналогіям. У межах сайта ліцэя вядзе блог.

Валянціна Дзям’янаўна часта цытуе выказванне Францішка Багушэвіча: “Мова наша такая ж людская і панская, як і іншыя”. Менавіта таму амаль заўсёды размаўляе на роднай беларускай мове і імкнецца да выхавання ў ліцэістаў шчырай любові да мовы і культуры нашых продкаў. Яе прыклад варты пераймання, таму ліцэісты, як і іх настаўніца, шануюць роднае слова.

Урокі Валянціны Дзям’янаўны — гэта крэатыўнае асэнсаванне сувязі гісторыі нашай краіны з літаратурай, мовай і культурнымі традыцыямі беларусаў. Мая гераіня вельмі адкрыты і добры чалавек, які не перастае здзіўляць сваімі арганізацыйнымі здольнасцямі. У любую справу — урок, нараду, пазакласнае мерапрыемства ці навукова-практычную канферэнцыю — яна ўкладвае душу.

Так, нядаўна яна гаварыла мне па тэлефоне: “Ой, цяпер у мяне няма часу. Рыхтуемся да выпускнога, а тут яшчэ і педсавет. Давайце крыху пазней паразмаўляем, калі будзе спакайней”. Шчыра кажучы, я не стала чакаць спакайнейшага часу, бо Валянціна Дзям’янаўна заўсёды ў руху. Матэрыял атрымаўся дзякуючы дырэктару Мінскага абласнога ліцэя Віктару Пракоф’евічу Хацееву і, зразумела, самой Валянціне Дзям’янаўне. Проста таму, што яна ёсць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.